Супраць плыні

Сяргей Харэўскі

 

Паводле паданьня, Менскі Абраз Божае Маці быў напісаная самім эвангелістам Лукою. Ён прыплыў у Менск супраць плыняў рэк ад Канстантынопалю. Даплыўшы да сутокі Сьвіслачы й Нямігі, спыніўся. Тутака яго й знайшлі й зьмясьцілі ў замкавай царкве. Прыгожая легенда, і вельмі менская, па-мойму. Сапраўды, куды ж магло нешта прыплыць супраць плыні?

 

Усё сваё існаваньне Менск нібы ішоў супраць лёгікі, насуперак гістарычнаму наканаваньню. Першая згадка пра яго — ня час пабудовы альбо наданьня якіх прывілеяў, а год руйнаваньня, зьнішчэньня дазваньня кіеўскім войскам. Пасьля Менск мяняўся несупынна, разбураючыся й уваскрасаючы.

Пры канцы XVIII — на пачатку XIX ст. ён быў амаль цалкам каталіцкім горадам, дзе праваслаўных было менш, як мусульманаў. Пасьля ён стаў юдзейскім, пасьля зноў праваслаўным, і яшчэ раз, і яшчэ. Несупынна мяняючы свае ўборы, мовы й нават антрапалягічны тып сваіх жыхароў, Менск увесь час выглядаў то ненатуральна вялікім, то недарэчна малым...

Чым ёсьць Менск для астатняй Беларусі? Стварыўшы ілюзію несупыннага разьвіцьця сталіцы, цяперашнія ўлады закінулі рэшту краіны. Вось факты: у 50 беларускіх гарадах перагружаныя ачышчальныя збудаваньні каналізацыі, а ў 20 — вычарпаныя нават рэзэрвы іх магутнасьці. Перагрузкі прыводзяць да аварыйных выкідаў сьцёкаў у рэчкі і азёры. Гэта здаралася за апошнія гады ў Горадні, Наваполацку, Полацку, Камянцы, Капылі, Ашмяне, Сяньне. Не вырашаецца праблема пераапрацоўкі і ўтылізацыі ападкаў на ачышчальных збудаваньнях, асабліва на прадпрыемствах сярэдняга і малога памеру. На гэтыя мэты няма сродкаў. Не да гэтага. Трэба ж дабудоўваць палацы, вакзал, мікрараёны, мэтро...

Праверкі бактэрыялягічнае якасьці пітное вады ў Менскай вобласьці паказалі, што ў Барысаве, Валожыне, Клецку, Любані, Капылі, Нясьвіжы, Слуцку яна не адпавядае нормам. Тая самая сытуацыя ў іншых абласьцях: у палове местаў ваду, па шчырасьці, нельга піць. Няма назіральных сьвідравінаў для кантролю за якасьцю падземнае вады. Сьметнікі й месцы ўтылізацыі бытавых адкідаў у большасьці гарадоў знаходзяцца ў жахлівым стане, часам яны разьмешчаныя ў водаахоўных зонах рэчак. Часта дзясяткі тонаў прамысловых адкідаў, у тым ліку таксычных, зьліваюцца проста ў ваду.

Сродкі, за якія мусіць ажыцьцяўляцца штодзённы кантроль якасьці вады, а таксама рамонт ачышчальных збудаваньняў, адцягнутыя на паказушнае будаўніцтва. Ня выключана, што ўжо за год ці пару гадоў дзяржава папросту ня дасьць рады тысячам вялікіх і дробных аварыяў у камунальнай інфраструктуры. То тут, то там будзе прарываць, выбухаць, праточвацца. А якасьці вады ў кожным вадаправодзе, кожным калодзежы не адсочыш.

Мне малюецца фантасмагарычная карціна: усю Беларусь заліваюць нечыстоты зь бясконцых менскіх мікрараёнаў.

Каб пазьбегнуць такой катастрофы, трэба мысьліць пэрыядамі 20 ці нават 50 гадоў, а не пяцігодкамі ад выбараў да выбараў. Да такіх нярадасных высноваў прыводзіць першае летняе падарожжа новага тысячагодзьдзя.

Ужо сёньня, ідучы берагам Сьвіслачы, я адчуваю няёмкасьць ад думкі, што вось па гэтых водах мог плысьці сьвяты абраз Маці Божае, які напісаў сам эвангеліст Лука.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0