Справа Захаранкі-Ганчара

Расстраляныя

Забойства з элемэнтамі рытуальнага

Газэта “Беларускі Час” мяркуе, што Ганчара і Захаранку пазбавілі жыцьця спэцыяльным пісталетам для выкананьня сьмяротных прысудаў, а Завадзкі можа быць жывы.

 

У мінулы аўторак, не дачакаўшы рэакцыі Лукашэнкі на свой ліст, Уладзімер Ганчарык перадаў у прэсу копіі дакумэнтаў са сьледчае справы аб палітычных забойствах, у тым ліку рапарт генэрала Лапаціка са сьледчага камітэту МУС і пратаколы допытаў начальніка менскага СІЗА Алкаева. Гэтае сакрэтнае дасье, якое найхутчэй што трапіла ў рукі грамадзтва ад аднаго з высокіх чыноў Міністэрства ўнутраных справаў, у цэлым пацьвярджае зьвесткі, пра якія было вядома сьледчым Случаку й Петрушкевічу. Паводле гэтых матэрыялаў, Шэйман і Сівакоў аддавалі загады на фізычнае зьнішчэньне камандзіру спэцаддзелу Паўлючэнку. Сівакоў аддаў і загады Алкаеву на выдачу Паўлючэнку “расстрэльнага пісталета”. Даты выдачы супадаюць з датамі зьнікненьня Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.

Газэта “Беларускі Час”, расказваючы пра зьмест “дасье Ганчарыка”, адзначае, што, “у адрозьненьне ад Ганчара і Захаранкі, Завадзкі не ўяўляў пагрозы для кіраўніцтва Беларусі. Увогуле ў выпадку з Завадзкім пераканаўчага матыву для выкраданьня не праглядаецца”. Менавіта таму газэта не выключае, што, магчыма, журналіст яшчэ жывы і яго хочуць выкарыстаць перад выбарамі, па аналёгіі зь Віньнікавай і Батурыным, у якасьці контраргумэнту, “труса з капелюша фокусьніка”. У выпадках зь Віньнікавай і Батурыным улада дэманстравала сваю здольнасьць да доўгатэрміновых і вельмі дарагіх шматхадовак, накіраваных на дэзарыентацыю грамадзкае думкі.

Ніякіх тлумачэньняў з боку Лукашэнкі і ягонай адміністрацыі ў справе “дасье Ганчарыка” дагэтуль ня дадзена.

Мікола

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0