Беларусы на Амазонцы

Амазонская опэра не была трызьненьнем. Яна паўстала ў эпоху “гумовага буму”, які ахапіў Бразылію пры канцы XIX ст. Яшчэ Хрыстафор Калюмб бачыў, як індзейцы на Гаіці гуляюцца ў мячы, зробленыя з загуслага соку нейкага дрэва. Нейкі іншы эўрапеец распавядаў, што індзейцы падточвалі дрэвы, зьбіралі зь іх нейкае дзіўнае “малако” ды мачылі ў ім сваю вопратку й абутак, ад чаго тыя рабіліся больш трывалымі й не прапускалі вады. У XVIII ст. таямнічае індзейскае рэчыва было названае каўчукам. Атрымаць яго можна з бразыльскай гевэі (Hevea brasiliensis) — дрэва сямейства малачаевых, якое расьце ў Бразыліі. Адна дарослая гевэя можа даць да 7 кг гэтага прадукту.

У 1820-х шатляндзкі хімік Чарльз Макінтош атрымаў з каменнавугальнай смалы вадкасьць, у якой можна было распушчаць каўчук. Рошчына ўкладалася паміж дзьвюма варствамі тэкстылю, і атрымлівалася воданепранікальная тканіна. Непрамакальныя плашчы-макінтошы хутка ўвайшлі ў моду. Цэны на каўчук вырасьлі. Яшчэ больш яны ўзьняліся, калі з гэтага рэчыва пачалі рабіць аўтамабільныя шыны.

Манаполію на каўчук у той час трымалі бразыльскія гумовыя бароны, якія збольшага жылі ў Манаўсе — невялічкім гарадку, што месьціцца ў глыбіні амазонскай сэльвы, за 1600 км ад атлянтычнага ўзьбярэжжа, якраз там, дзе Рыё-Нэгра зьліваецца з Амазонкай. Менавіта Манаўс быў першым у Бразыліі горадам, у якім зьявілася электрычнасьць. Па ягоных ярка асьветленых вуліцах бегалі трамваі. Тут была сучасная каналізацыйная сыстэма, а таксама гавань зь вялізным плывучым докам, у якую, падымаючыся ўверх па Амазонцы, заходзілі акіянскія параходы.

Опэрны тэатар у Манаўсе пачалі будаваць у 1882 г. Тамтэйшыя багатыры ахвяравалі на яго 5 мільёнаў даляраў — астранамічная па тых часах сума. Уплывовыя і багатыя гараджане не спыняліся ні перад чым дзеля дасягненьня сваёй амбітнай мэты — пабудаваць найпрыгажэйшы ў сьвеце опэрны тэатар. Будаўніцтва доўжылася амаль 15 гадоў. Усе матэрыялы імпартаваліся з Эўропы — нават цэмэнт. Мармуровыя калёны і жырандолі былі прывезеныя з Італіі, люстры — з Францыі й Бэльгіі, чыгуннае ліцьцё — з Англіі, камяні для сьценаў — з Партугаліі. Дрэва для паркету было, праўда, бразыльскае, але апрацоўвалася яно ў Італіі. Грандыёзны купал колераў бразыльскага нацыянальнага сьцягу складаўся з 36 тысяч паліваных керамічных плітак, прывезеных з Вэнэцыі. У падмурак укладаліся вялізныя камяні, прамочаныя ў каўчуку, каб у залі не чуваць было вулічнага тлуму. Вакол тэатру насадзілі ладны парк, упрыгожаны мармуровымі статуямі, прывезенымі з Англіі.

Афіцыйнае адкрыцьцё Амазонскай опэры адбылося 31 сьнежня 1896 г. Гараджане захоплена сузіралі раскошныя інтэр’еры. Заля ў форме арфы з 22 калёнамі, кожная зь якіх была ўпрыгожаная стылізаванай маскай якога-небудзь артыста, пісьменьніка альбо кампазытара — Шэксьпіра, Гётэ, Моцарта, Бэтховэна, Вагнэра, Расыні… Столь Опэры была спраектаваная і размаляваная такім чынам, што ў гледачоў стваралася ўражаньне, быццам яны знаходзяцца пад Эйфэлевай вежай. Асьвятляла залю агромністая крыштальная жырандоля. Заслона ўяўляла сабой грандыёзнае жывапіснае палатно пад назваю “Спатканьне водаў”, створанае бразыльскім мастаком Крысьпімам да Амара. Сцэна паводле сваіх памераў надавалася нават на пастаноўку вагнэраўскага “Пярсьцёнка Нібэлюнгаў”.

Адкрылася Опэра галя-канцэртам з удзелам эўрапейскіх зорак. Праз тыдзень, 7 студзеня 1887 г., там адбылася прэм’ера опэры Панк’елі “Джаконда”. Ейная атмасфэра дакладна адбілася ў знакамітым рамане Гастона Лёру “Фантом опэры” (1910), які стаўся сюжэтнай асновай для шматлікіх спэктакляў і экранізацыяў (у тым ліку для славутага мюзыклу Ўэбэра). На працягу двух дзесяцігодзьдзяў у Амазонскай опэры выступалі найлепшыя артысты. Тут сьпяваў Энрыка Каруза, танцавала Ганна Паўлава, дэклямавала Сара Бэрнар. Штогод трупа мілянскага тэатру “Ля Скаля” выпраўлялася за акіян, каб адыграць некалькі спэктакляў у Манаўсе.

Казка скончылася ў 1910 г., калі зярняты гевэі, выкрадзеныя адным прадпрымальным ангельцам, далі выдатны ўраджай на зямлі Маляйзіі. Там гевэю вырошчвалі на плянтацыях, акуратна абрываючы лісьце, каб уся ейная сіла ішла ў сок. Бразыльцы, якія здабывалі каўчук зь дзікіх зарасьнікаў гевэі, ня здолелі канкураваць з азіяцкімі вытворцамі.

Манаўс хутка зьбяднеў. Гумовыя бароны пазьяжджалі ў Эўропу. Опэрны тэатар разбураўся пад уплывам гарачыні й вільгаці. Сцэну сталі выкарыстоўваць як футбольнае поле, глядзельную залю — як бэнзасховішча. На тое, каб толкам адрамантаваць памяшканьне, не хапала грошай. Што праўда, пасьля адной з рэстаўрацыяў, у 70-я гады, у Манаўсе нават сьпяваў Пласыда Дамінга. Яму заплацілі мільён даляраў ганарару, а ў горадзе ледзь не пачаліся народныя бунты з прычыны неверагодна высокіх цэнаў на квіткі.

Сапраўднае адраджэньне Опэры пачалося тады, калі губэрнатар Амазоніі Амазаніна Мэндэс вырашыў дзеля прыцягненьня турыстаў стварыць у Манаўсе прафэсійны сымфанічны аркестар, хор, балет ды ладзіць там штогод опэрны фэстываль найвышэйшае клясы. Бо ні нафтаапрацоўчы завод, ні зборачныя цэхі японскай электронікі, ні бровар сталых прыбыткаў месту не забясьпечвалі. Вось і вырашылі гарадзкія ўлады зарабляць на турызьме. Губэрнатар выдаткоўваў на аднаўленьне Опэры больш за 2 млн. даляраў штогод — сума вялізная для гораду з паўтарамільённым насельніцтвам, палова якога — непісьменныя, а сярэдні заробак рабочага ледзьве перавышае 100 даляраў у месяц. У 1997-м адбыўся першы опэрны фэстываль.

Тады ж у Манаўсе зьявіліся беларусы. Амаль уся трупа Беларускай опэры разам з аркестрам і хорам узяла ўдзел у канцэртных выкананьнях опэраў “Травіята” і “Кармэн”.

Праз колькі месяцаў у Менску зьявіліся бразыльскія эмісары на чале з Хуліё Мэдалья — папулярным у Лацінскай Амэрыцы дырыжорам і кампазытарам, бацькам “трапікальнага джазу”. Яны прыехалі, каб запрасіць беларускіх музыкаў на працу ў манаўскую Опэру. Згадзіліся 16 чалавек. Сярод тых, хто паехаў у 1997-м у Манаўс, былі скрыпачы Рэгіна Саркісава, Анжэла Жарэга, Ігар Жук, Валянціна Гасьціловіч, альтыст Аляксандар Хахлоў, віялянчэліст Антон Мінянкоў, габаістка Вікторыя Татур, клярнэтысты Аляксей Вакуленка і Дзяніс Іваноў, фагатысты Аляксандар Мурзіч і Сяргей Фаміноў, трубач Яўген Герасімаў, літаўрыст Уладзімер Судноўскі.

Цяжка ім было звыкнуць да новых умоваў. Сьпякота 35—40 градусаў увесь год, вільготнасьць больш за 90%, смурод і бруд на вуліцах. Экзатычная ежа — беларусы зь цяжкасьцю звыкалі да сэндвічаў са смажанымі пальмавымі пладамі й іншых кулінарных дзівосаў. Яшчэ тамтэйшы клімат бязьлітасна нішчыць музычныя інструмэнты. Дый публіка ня дужа вытанчаная — амазонскія жыхары без залішняй сарамлівасьці займаюцца каханьнем проста ў дварох і ў сквэрах. У першыя гады беларускія музыкі мусілі граць на вуліцах у атачэньні адмыслова нанятых прастытутак і трансвэстытаў, каб прыцягнуць у тэатар публіку. А ўдзень яны рэпэтавалі ў тэатры — наведваньне іхных рэпэтыцыяў уваходзіла ў стандартную праграму экскурсіяў.

Цяпер публіка ахвотна купляе танныя квіткі ў опэру, турысты з энтузіязмам ходзяць на канцэрты, прыяжджаюць на фэстываль. Хуліё Мэдалья пасварыўся з бацькамі гораду і зьехаў з Манаўсу. З таго часу рэпэртуар аркестру зрабіўся больш цікавым і разнастайным. Апрача венскіх вальсаў і аргентынскіх танга, у ім зьявіліся сур’ёзныя і складаныя творы Стравінскага, Віла-Лёбаса, Уладзімірава. Гарадзскія ўлады Манаўсу адчынілі новую музычную школу, дзе беларускія музыкі вучаць бразыльскіх дзяцей.

Многія аркестранты прыехалі ў Манаўс з мужамі або жонкамі, якім няпроста знайсьці там працу. Так, з габаісткай Вікторыяй Татур прыехаў ейны муж, скульптар Юры Пятроў. Ці патрэбны ў Амазоніі беларускі скульптар?

Клярнэтыст Вадзім Іваноў першы з нашых музыкаў ажаніўся з амазонскай дзяўчынай. У Вадзіма й Ляўры нарадзілася сьветлавалосая і сьветлавокая дачка Марыя Паўла. Ёй ужо амаль два гады. Вадзім пачуваўся б цалкам шчасьлівым, калі б не туга па радзіме, дзе засталася маці, сястра, сябры… У трубача Яўгена Герасімава і ягонай жонкі флейтысткі Тацяны таксама нарадзілася ў Манаўсе дачка.

Беларускія музыкі ў Амазоніі задаволеныя сваім жыцьцём. “У Менску я зарабляла 35 даляраў у месяц. У мяне не было кватэры. Я мусіла жыць у сяброў”, — кажа Анжэла Жарэга, якая некалькі год працавала ў Манаўсе канцэртмайстрам першых скрыпак. Сярэдні заробак у Амазонскім філярманічным аркестры — 1600 даляраў у месяц. Усе музыкі, многія зь якіх у Менску туляліся па інтэрнатах, маюць уласныя кватэры альбо катэджы. Скрыпач Ігар Жук ужо набыў навюткі “Фальксваген-Гольф” са стэрэасыстэмай і кандыцыянэрам.

Рэпутацыя ў беларускіх музыкаў надзвычай высокая. За апошні год пра іх пісаў аўстралійскі тыднёвік The Sunday Telegraph, а таксама амэрыканскія газэты Newsweek International і The Washington Post. Расьце і аўтарытэт Амазонскага філярманічнага аркестру. Неўзабаве можна чакаць ягоных гастроляў у ЗША. Беларускіх музыкаў у Манаўсе ўсё прыбывае. Нядаўна зь Менску зьехаў таленавіты клярнэтыст Дзяніс Парэчын. Яшчэ шмат хто сядзіць на валізках… Прычым аркестар Беларускай опэры, нягледзячы на такія значныя страты, гучыць па-ранейшаму добра. Гэта значыць, што ў менчукоў ёсьць нядрэнныя музычныя рэзэрвы!

Нядаўна я атрымала ліст ад дырыжора Хуліё Мэдалья. Маэстра спадзяецца, што беларускія музыкі, якіх ён перацягнуў у Бразылію, застануцца там назаўжды. Сёлета ён атрымаў прапанову стварыць міжнародны музычны цэнтар у Курытыба, на поўдні Бразыліі, дзе клімат лагаднейшы за амазонскі. “Гэта самы цывілізаваны горад ва ўсёй краіне, — піша маэстра Мэдалья. — Тутака я буду ствараць новы аркестар. У мяне ёсьць мара прыехаць у Менск і забраць музыкаў, якія яшчэ там застаюцца”. Я вельмі баюся, што гэта яму ўдасца.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0