Фрода зь небясьпечным пярсьцёнкам улады, Сэм і Голум працягваюць сваё цяжкае падарожжа па Мордары.

Тым часам Саўран зьбірае новыя сілы для рашучай атакі на апошні аплот людзей — Гондар. Каб далучыць да абароны цытадэлі войска мерцьвякоў, Арагорну даводзіцца ўспомніць пра сваё каралеўскае паходжаньне…

Я вельмі далёкі ад арміі прыхільнікаў Толкіна, практычна ня чуў пра «Валадара пярсьцёнкаў» да той пары, пакуль Галівуд ня ўзяўся яго экранізаваць, дый фэнтэзі наагул «ня мой» жанр. Тым ня менш, «Вяртаньне караля» я глядзеў літаральна з захапленьнем. Здавалася б, колькі грандыёзных фільмаў са спэцэфэктамі бачылі мы апошнім часам — з чаго там ужо зьдзіўляцца! Але ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра ўзнаўленьне цэлага своеасаблівага сьвету з часам вельмі незвычайнымі насельнікамі (адны назгулы зь іх жудасным віскам чаго вартыя!) — і тое, як гэта зроблена, уражвае. Вядома, знаўцы толкінаўскага тэксту могуць спрачацца аб правамернасьці зьменаў, унесеных рэжысэрам Пітэрам Джэксанам падчас стварэньня кінавэрсіі (у гэтай частцы яны найбольш істотныя), і ўсё ж экранізацыі накшталт «Валадара пярсьцёнкаў» — з разраду тых, пра якія можна толькі марыць. Нездарма ён атрымаў 11 намінацый на «Оскар».

Іван Пятроў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0