На пачатку 60-х я падлеткам пабываў у гасьцях у сваёй цёткі ў горадзе Пенза ў Расеі.

У адзін сьпякотны дзень вялікай кампаніяй паехалі на адпачынак на лясное возера. Вада была вельмі цёплай, а паветра — бы ў печы. Таму нехта са сваякоў цёткі прапанаваў прайсьціся ў вёску папіць малака.

Я далучыўся. Гаспадыня хаты спытала, хто якое хоча малако — «с холодушкой или без?» Паколькі я не зразумеў, што такое «холодушка», то адзіны папрасіў без. А цётка за кампанію зь мясцовымі згадзілася «с холодушкой».

Ёй падалі малако ў вялікім гліняным збане. Пачала піць, але раптам бразнула яго аб падлогу і кінулася з хаты прэч. На падлозе ў лужыне малака, сярод кавалкаў збана, нязграбна варушыла лапкамі вялізная рабая жаба, якая не магла паўзьці, таму што не дакраналася імі падлогі праз сваю таўшчыню.

Гаспадыня пачала тлумачыць, што жаба чыстая, жыве толькі ў малацэ, каб яно было халодным і доўга не скісала. Мясцовыя ёй адказалі, што цётка нядаўна прыехала ў Пензу зь Беларусі і яшчэ ня ведае ўсіх звычаяў.

Прыйшлося плаціць за малако і збан, а я, нягледзячы на тлумачэньні, кінуўся за цёткай... Потым яна растлумачыла свой учынак — калі пачала піць, жаба палезла з малака ёй у твар.

Заўсёды ўспамінаю слова «холодушка», калі хто-небудзь «свысока» кажа аб вядомай нацыі зь вядомай прычыны — «лягушатники». Але мала хто верыць. Спрабаваў знайсьці доказы гэтаму звычаю, перагартаў усе расейскія энцыкляпэдыі ды тлумачальныя слоўнікі — дарэмна.

Спадзяюся, што гэтае маё апавяданьне дапаможа ўзбагаціць «великий и могучий».

Хвёдар Пінчук, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0