Усё пачалося з вывучэньня ўласнага радаводу, потым ішло вывучэньне гісторыі родных мясьцінаў.

За 10 гадоў працы ўзьнік велічэзны фаліянт — гісторыя Карэньшчыны, дзясятка вёсак Лагойшчыны, аб’яднаных вакол цэнтру — фальварку Корань — нібы гісторыя Цэнтральнай Беларусі ад XIV да ХХ ст. у мініятуры. Кніга прысьвечана сьвету, якога няма, — традыцыйнай вёсцы. Гэты сьвет ня зьнік бяз знаку. На глебе, угноенай прадуктамі яго распаду, вырасла цяперашняя палітычная сытуацыя Беларусі.

На прэзэнтацыі сваёй кнігі «Традыцыйная беларуская вёска ў эўрапейскай пэрспэктыве» Вячаслаў Насевіч (на фота) даказваў, што праўдзівы гісторык мусіць разьбірацца ва ўсім: генэалёгіі, археалёгіі, а таксама ўласна гісторыі — «ад Адама да Патсдаму». Пры падрыхтоўцы кнігі В.Насевіч выкарыстоўваў гістарычныя мэтодыкі, якімі не карысталіся ў савецкай Беларусі. У прыватнасьці, ён асабліва зьвяртаў увагу прысутных на мікрагісторыю: «У савецкі час прынесьці ў выдавецтва кнігу пра адну вёску было немагчыма, сказалі б: што вы нейкай драбязой займаецеся. Але ж жыцьцё кожнай вёскі падобнае да жыцьця іншых вёсак».

Аўтар з выкарыстаньнем велізарнага масіву дакумэнтаў апісвае жыцьцё рэгіёну ў цэлым: што елі, што апраналі жыхары Карэньшчыны, як рабілі зямлю, з кім жаніліся, як паміралі… Усё гэта — у гістарычнай пэрспэктыве.

У якасьці сваіх папярэднікаў В.Насевіч называе этнографа Язэпа Гладкага (псэўданім Адам Варлыга) і гісторыка Мікалая Ўлашчыка. Першы зь іх дасьледаваў тыя ж мясьціны, якія апісаў Насевіч. Другі ў кнізе «Была такая вёска» даў першы беларускі ўзор мікрагісторыі.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Адам Воршыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0