«Мне незразумелыя мае суайчыньнікі cёньня. Я ня зь імі»

«Арлен Кашкурэвіч — яму імя. Сваёй працай ён заслужыў тое, каб імя гэтае ведалі».

Уладзімер Караткевіч. «Быў. Ёсьць. Буду»

«Мастак суровы, паўночны». Народнаму мастаку Беларусі Арлену Кашкурэвічу споўнілася 75 гадоў

Творчая біяграфія Арлена Кашкурэвіча ахоплівае цэлую эпоху. Менавіта ў аздобе гэтага мастака мы ведаем сотні кніг беларускіх і эўрапейскіх пісьменьнікаў. Яскравую характарыстыку стылю гэтага мастака даў ягоны сябар Уладзімер Караткевіч: «Даўно, яшчэ з самага пачатку, калі ён зрабіў ілюстрацыі да Халдоўра Лакснеса, — я зразумеў, што перад намі мастак суровы, паўночны. І, адначасова, беларускі, мяккі — калі можна гаварыць пра мяккасьць нашага народу, — добры, наш». Арлен Кашкурэвіч, жывая легенда беларускае графікі, рыхтуе вялікую ўласную выставу, што мае адбыцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі. З мастаком гутарыў мастацтвазнавец Сяргей Харэўскі.

«НН»: Спадар Арлен, што будзе на вашай пэрсанальнай выставе ў траўні?

АК: Там будзе некалькі блёкаў. Першы — гэта бесьсюжэтныя такія кампазыцыі, у якіх будзе прысутнічаць нейкі чалавек з музычным інструмэнтам. Кантрабас, віялянчэль, скрыпка — вельмі прыгожыя музычныя інструмэнты, у іх ёсьць нешта рамантычнае. І вось гэты ўмоўны чалавек уваходзіць у стасункі з гэтымі інструмэнтамі. Нешта гарманічнае, а разам з тым і дэструкцыйнае. Гэта будуць гісторыі спробаў аб’яднацца. І ўсе гэтыя спробы ў выніку застануцца безвыніковымі… Як у Ікара з крыламі.

Тэма гораду будзе. Літаральна цяпер працую над нізкаю «Чалавек у сучасным горадзе».

І будзе сэрыя аркушаў «Більярд». Памятаеце, як у Генрыха Бёля — «Більярд а палове на дзясятую»… Стол, які аб’ядноўвае дваіх людзей, і як разьвіваюцца адносіны паміж імі ў азартнай гульні. Маглі б быць і карты… У Сэзана ёсьць «Гульцы ў карты». Але більярд — гульня дынамічная, што дазваляе стварыць безьліч кампазыцыяў у розных ракурсах. Я некалі сам гуляў у більярд.

Тэхнікі ў мяне розныя, але цяпер я займаюся найбольш малюнкам. Бо гравюра, афорт, літаграфія вымагаюць вельмі шмат чарнавое работы. І пакуль дойдзеш да арыгіналу, то ўжо губляеш сьвежасьць, экспрэсію. А малюнак — гэта беспасрэднае выказваньне.

Я ў сучасным Менску чужаніца

«НН»: Вы карэнны мянчук, нарадзіліся ў Менску у 1929 г. Як вы яго вычуваеце, гэты горад, сёньня?

АК: Ведаеце, некалькі гадоў таму была ў нас выстава нямецкае графікі, на якую прыехаў адзін прафэсар, вядомы мастацтвазнаўца. Мы сядзелі ў маёй майстэрні, вячэралі… Я яго спытаў, дзе ён жыве. Ён сказаў, што жыве ў тым доме, дзе й нарадзіўся! Ведаеце, мяне аж скаланула. У Менску даўно няма таго дому, дзе я нарадзіўся, дамоў, сярод якіх жыў. Няма іх! Што вайна спаліла, але найбольш зьнесьлі будаўнікі. І ў гэтым вялікая трагедыя. Няма больш старога Менску. У вайну я быў з бацькамі ў Расеі, у эвакуацыі. Калі мы вярнуліся, то ўбачылі разваліны, жэглішчы, але ўсё было пазнавальна, было багата таго, што ацалела. Стаялі ад дамоў каробкі, але гэта было сваё, роднае. А тое, што набудавалі пазьней, я зь вялікай цяжкасьцю ўвабраў у сябе як карэнны жыхар гэтага места. Я ў сучасным Менску чужаніца.

Калі адкінуць тое, што было, то гэта новы, адносна камфортны, адносна чысты горад, прасторны. Але не ляжыць да яго мая душа цяпер…

«НН»: У вашых творах пераважае мінор. Адкуль гэткі драматычны погляд на рэчы?..

АК: Покліч душы такі мой… Магу тут працытаваць Забалоцкага, які казаў, што мастацтва ня лекар, а боль! Маё ўспрыманьне гораду й людзкое масы — гэта адчуваньне варожасьці. Для мяне наагул горад варожы. Праз гэта й драматызм у маіх творах. Яшчэ зь дзяцінства ў мяне было гэткае адчуваньне… Заўсёды я быў дысыдэнтам. Тое, што іншым здавалася ясным і сьветлым, для мяне было нечым трагічным. Я добра памятаю канец 30-х гадоў. Мая цётка працавала ў НКУС. Дзякуючы ёй, удалося ўратаваць бацьку, на якога быў данос… Але я ведаў, што стала зь іншымі. І ўжо калі гэта ўсё прайшло, была «адліга», настала адносная стабільнасьць, можна было ўжо ня гэтак баяцца, ува мне заставалася адчуваньне таго папярэдняга часу. А колькі ж тады вакол было лжывага патасу дый проста хлусьні… Трэ было ўслаўляць савецкую ўладу. А я абраў сабе тады ваенную тэму, бо мне патрэбны быў канфлікт. Але ў той жа маёй сэрыі «Партызаны» ніякага дзьмутага гераізму, адно ахвярнасьць. Надзвычай вялікі ўплыў на мяне зрабіла знаёмства з Адамовічам і Быкавым, іх жыцьцёвы досьвед. Можа, гэта й наклала такі моцны адбітак на ўсю маю «мінорную» творчасьць?

Як цуцыкі ў палонцы

«НН»: Як жывецца сёньня беларускім мастакам? Стала лепей ці?..

АК: Ведаеце што, калі ўзяць застойны пэрыяд — матэрыяльна жылося нам шмат лепш. Дакладней, лягчэй. Адчувалася такая абароненасьць сацыяльная. Тады будавалі нам кватэры й майстэрні. У выдавецтвах выходзілі выдатныя кнігі, было шмат арыгінальных ілюстрацыяў да цікавых аўтараў. І ўвогуле, тады беларуская кніга была адной з найлепшых у сьвеце! Цяпер усяго таго няма. Нас кінулі, як цуцыкаў у палонку, — выплывайце! Рынку мастацтва яшчэ няма, а дзяржаўнае падтрымкі няма ўжо. Цяпер мастакі творы носяць з майстэрні на выставу, а з выставы ў майстэрню. Няма як рэалізоўваць плён сваёй працы. А гэтай дзяржаве ад нас ня трэба нічога.

І мастацтва кнігі памірае. Я, напрыклад, працую цяпер амаль выключна ў станкавай графіцы. Зрабіў, праўда, кнігу Караткевіча «Ладзьдзя роспачы». Адзіны выпадак за пяць гадоў. А перад тым рабіў «Песьню песьняў, альбо Найвышэйшую песьню Салямонаву»…

Зьявілася была свабода думкі, людзі сталі нібы больш разьняволеныя. Але няма тае цікавасьці да мастацтва, што была раней. Прыходзяць зрэдку толькі на вэрнісажы, дый тое адзінкі…

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0