БЕЛ Ł РУС

У Літве правялі спецаперацыю па пошуку і затрыманні людзей, звязаных з кантрабандай

17.11.2025 / 17:44

Nashaniva.com

17 лістапада ў Літве правялі буйную спецаперацыю, якую каардынавала Служба аховы дзяржаўнай мяжы. Яе заяўленая мэта — спыніць кантрабанду, што перакідаецца з Беларусі ў Літву паветранымі шарамі, і знайсці людзей, якія гэтым займаюцца.

У аперацыі, як паведамляецца, удзельнічалі больш за 100 супрацоўнікаў розных сілавых структур. Яны правялі больш за 30 ператрусаў у Вільні, Друскеніках, а таксама ў Аранскім і Салечніцкім раёнах, зрабіўшы шэраг іншых следчых дзеянняў.

Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч адзначыў, што ўзмацненне крымінальнай разведкі і цеснае супрацоўніцтва паміж службамі дае добрыя вынікі і пасылае выразны сігнал арганізатарам кантрабанды.

Падчас аперацыі знайшлі дзясяткі GPS-прылад, якія выкарыстоўвалі для кіравання кантрабанднымі паветранымі шарамі, сродкі сувязі, мабільныя тэлефоны. Таксама былі знойдзеныя агнястрэльная зброя і патроны, наркотыкі, кантрабандныя цыгарэты, аўтамабілі і іншыя сродкі, што выкарыстоўваліся ў злачыннай дзейнасці.

Літоўскія сілавікі затрымалі як кантрабанду, перакінутую з Беларусі паветраным шляхам, так і падазраваных асоб. Паводле прагнозаў, кола падазраваных можа пашырыцца, бо аперацыя яшчэ працягваецца.

Паводле даных на гэты момант, ужо вызначылі больш за сто чалавек, звязаных з перакіданнем цыгарэт паветраным шляхам. Сёлета каля 80% нелегальных цыгарэт, што трапілі ў Літву з Беларусі, былі дастаўленыя менавіта так — з дапамогай паветраных шароў або дронаў. Усяго было затрымана больш за 1,3 мільёна пачкаў цыгарэт.

Міністэрства ўнутраных спраў Літвы ініцыявала змены ў заканадаўстве, каб узмацніць адказнасць за такую дзейнасць. 

Чытайце таксама:

У Літве затрымалі яшчэ трох чалавек, звязаных з кантрабандай з дапамогай паветраных шароў з Беларусі

У Вільні перавозчыкі зладзілі ціхую акцыю ў сувязі з блакаваннем літоўскіх фур у Беларусі

Літоўскія памежнікі зладзілі пагоню за кантрабандыстамі, дагналі ў чыстым полі

У Літве затрымалі трох чалавек, якія падазраюць у спрыянні кантрабандзе з Беларусі

Каментары да артыкула