БЕЛ Ł РУС

Пуцін у Туркменістане двойчы не змог правільна вымавіць прозвішча лідараў гэтай краіны

12.12.2025 / 18:54

Nashaniva.com

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін двойчы не змог правільна вымавіць прозвішча прэзідэнта Туркменістана Сердара Бердымухамедава і яго бацькі Гурбангулы Бердымухамедава падчас сустрэчы ў Ашхабадзе на форуме «Мір і давер: адзінства мэтаў у інтарэсах устойлівай будучыні», звярнула ўвагу «Вёрстка».

Уладзімір Пуцін

Падчас канферэнцыі Бердымухамедаў перадаў слова Пуціну, і той хацеў павіншаваць туркменскага лідара з прыняццем ААН рэзалюцыі аб пастаянным нейтралітэце Туркменістана. Аднак Пуцін спачатку памыліўся ў вымаўленні прозвішча, а пры другой спробе няправільна вымавіў імя па бацьку і зноў зблытаў прозвішча.

«Хацеў бы ад усёй душы павіншаваць з гэтай знамянальнай падзеяй… Павіншаваць усіх нашых туркменістанскіх сяброў і, вядома, перш за ўсё, прэзідэнта Сердара Гурбангулыевіча Бердыму… мухаведава. Нацыянальнага лідара туркменскага народа Гурбангулы …Мелігулавіча [правільна Мялікгулыевіча. — Рэд.] Бердымухаведава», — сказаў Пуцін, як вынікае з відэа на сайце Крамля.

Раней у Пуціна праблем з вымаўленнем гэтага канкрэтнага прозвішча, як адзначаецца, не было.

Але гэта не першы выпадак, калі ён робіць памылкі ў імёнах і прозвішчах замежных лідараў: у 2022‑м Пуцін неаднаразова памыляўся з іменем прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева, а ў 2024‑м на саміце БРІКС меў цяжкасці з вымаўленнем імя і прозвішча прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана.

Чытайце таксама:

У Туркменістане цяжарная жанчына памерла, бо яе аўтамабіль не пусцілі праз картэж Бердымухамедава

Туркменскі футбольны клуб пабіў рэкорд Кнігі Гінэса, але тая чамусьці гэтага не прызнае

«Абыякавасць і нянавісць». Як жыве Туркменістан — краіна, палітычную сістэму якой капіюе Лукашэнка

Каментары да артыкула