Свет99

«Абыякавасць і нянавісць». Як жыве Туркменістан — краіна, палітычную сістэму якой капіюе Лукашэнка

Бердымухамедаў-бацька стаў кіраўніком Усетуркменскага народнага сходу, Бердымухамедаў-сын — прэзідэнтам. Абмежаваны доступ да інтэрнэту, стабільнасць прапаганды і людзі, якіх прымушаюць задавольвацца правам на жыццё, ежу і папсовыя забавы. І ўсё гэта выдаецца за «традыцыйныя каштоўнасці». Менавіта такая цэнтральнаазіяцкая мадэль дзяржавы будуецца, амаль збудаваная, і ў Беларусі. Як жывуць і выжываюць у такой дзяржаве грамадзяне? Ці існуе ў краіне прастора для апазіцыі? Ці можна жыць у такім грамадстве і быць свабодным ад яго? Чым беларусы могуць дапамагаць тым туркменам, якія апынаюцца ў Беларусі? «Наша Ніва» пагутарыла аб гэтым з Русланам Мяціевым, галоўным рэдактарам незалежнага выдання Turkmen.news, якое нядаўна выкрыла масавы ўдзел туркменскіх студэнтаў у кантрабандзе мігрантаў у Беларусі.

Атмасфера на прэзідэнцкіх выбарах у Туркменістане. Фота: Alexander Vershinin / AP

Туркменістан з’яўляецца адной з самых закрытых і таталітарных краін свету, якой вось ужо амаль два дзесяцігоддзі кіруе клан Бердымухамедавых. А перад імі быў яшчэ больш жорсткі дыктатар Сапармурат Ніязаў, які знішчыў ўсю арганізаваную апазіцыю ў краіне.

Дынастычная і палітычная сістэма Туркменістана робіць краіну вельмі падобнай да Паўночнай Карэі, дзе улада таксама перадаецца ад бацькі да сына, а чыноўнікі і спецслужбісты пільна сочаць за тым, што людзі кажуць і думаюць, куды ходзяць, як апранаюцца.

Пра некаторыя асаблівасці сённяшняга жыцця ў Туркменістане «Нашай Ніве» распавёў Руслан Мяціеў, галоўны рэдактар незалежнага і праваабарончага выдання Turkmen.news.

Руслан Мяціеў, галоўны рэдактар незалежнага праваабарончага партала Turkmen.news. Фота з архіва героя

«Усё было зроблена настолькі публічна і паказальна, што ва ўсялякага адбіла жаданне выступаць супраць гэтай улады»

«Наша Ніва»: Туркменістан заўсёды быў дыктатурай?

Руслан Мяціеў: Не, не заўсёды. Канец васьмідзесятых і самыя першыя гады незалежнасці краіны былі адносна свабоднымі. У мясцовай прэсе адкрыта асвятляліся самыя вострыя праблемы грамадства, што немагчыма ўбачыць сёння. Пачынаючы з 1995 года сітуацыя з правамі і свабодамі людзей стала толькі горшаць, а пасля так званага «замаху» на Сапармурата Ніязава (першага прэзідэнта краіны — «НН») Туркменістан канчаткова ператварыўся ў жорсткую дыктатуру.

У 2007 годзе з прыходам да ўлады Гурбангулы Бердымухамедава былі нейкія прыкметы лібералізацыі, але яны хутка сышлі на нішто. Напрыклад, адным з першых яго рашэнняў была ўніфікацыя дзяржаўнага і рынкавага курсаў валют. У часы Ніязава 1 даляр у банку каштаваў 5200 туркменскіх манатаў, а на рынку — 25 000. Пры гэтым ў банку па дзяржкурсе купіць валюту было немагчыма, а на рынку — калі ласка. Бердымухамедаў зацвердзіў асераднёны курс, сталі адкрывацца прыватныя абменныя пункты, з'явіліся прадпрымальнікі, моцны сярэдні клас. Але пасля ўлады зразумелі, што можна вызначыць «афіцыйны курс» і дазваляць абмен толькі сваім сваякам ды набліжаным чыноўнікам. А што дзеецца на рынку і ў народзе — напляваць. Цяпер афіцыйны курс зноў у пяць разоў ніжэйшы за рынкавы і зноў абмен па ім дазволены толькі з ухвалення прэзідэнта (цяпер ім з'яўляецца Сердар Бердымухамедаў, сын Гурбангулы Бердымухамедава — «НН»).

Лідары Туркменістана з моманту распада СССР па чарзе злева на права: Сапармурат Ніязаў, Гурбангулы Бердымухамедаў, Сердар Бердымухамедаў. Фоты: РИА / THD

Сёння ў газетах і па ТБ толькі ружовыя поні і адзінарогі, якія бегаюць па вясёлцы: прызнанне ініцыятыў бацькі Сердара ў ААН (напрыклад, Сусветны дзень ровара, хоць гэта і не была ідэя Бердымухамедава), нібыта рост эканомікі краіны, нібыта рост дабрабыту насельніцтва, нібыта адсутнасць злачыннасці.

Насамрэч жа Туркменістан — закрытая краіна, дзе існуе жорсткі візавы рэжым з усімі краінамі свету, дзе адсутнічае свабода слова, прэсы, палітычная канкурэнцыя, дзе паўнавартасны інтэрнэт даступны толькі для абраных.

Замежнікам туды трапіць вельмі складана, а тыя, хто прыязджаюць, робяць гэта толькі па запрашэнні ўрада. Адсюль і міф, што Туркменістан — нібыта рай на Зямлі.

«НН»: Апазіцыя, грамадзянская супольнасць у якім-небудзь выглядзе існуе ў Туркменістане? Колькі засталося вальнадумцаў? Што ўяўляюць сабой дыяспары?

РМ: Апошняя апазіцыя была разгромлена ў 2002-2003 гадах пасля нібыта «замаху» на Ніязава. Усё было зроблена настолькі публічна і паказальна, што ў любога адбіла жаданне выступаць супраць гэтай улады.

Незалежнай грамадзянскай супольнасці ўнутры краіны няма. Няма ніводнай недзяржаўнай сілы, якая магла б сачыць за выкананнем правоў і свабод насельніцтва (напрыклад, зняволеных, жанчын, дзяцей або інвалідаў) хаця б часткова.

У Туркменістане як быццам няма беднасці, няма бяздомных, няма людзей з залежнасцямі. А раз усяго гэтага няма, то не патрэбныя і грамадскія арганізацыі, якія працуюць па гэтых кірунках.

Асобных актывістаў, якія, напрыклад, пасылаюць інфармацыю незалежным рэсурсам, можна пералічыць па пальцах. Усе яны працуюць унутры краіны пры поўнай ананімнасці, інакш рызыкуюць апынуцца за кратамі.

Выява Сапармурата Ніязава на фоне жылога будынку з подпісам «Па шляху нашага правадыра». Фота: Flickr / Goetz Burggraf

Дыяспары ж прадстаўляюць з сябе некалькі груп актывістаў з розным відам дзейнасці: напрыклад, праваабаронай, распаўсюдам інфармацыі.

Звычайныя людзі, якія з'язджаюць з Туркменістана назаўжды, у асноўным хочуць забыцца гэтую краіну як страшны сон. Мала хто з іх далучаецца да існуючых за мяжой туркменскіх арганізацый ці жадае чымсьці дапамагчы. Кожны заняты сваімі клопатамі.

«НН»: Што прывяло Туркменістан да такога стану спраў? Чаму дыктатура ў Туркменістане больш жорсткая, чым у суседніх краінах?

РМ: Калі коратка, то да гэтага прывяло шмат фактараў: незлічоныя прыродныя багацці нетраў Туркменістана, міф пра тое, што туркмены заўсёды жылі пад жорсткім праўленнем правадыроў-сердараў, вельмі нізкі ўзровень адукацыі насельніцтва і наўмыснае абалваньванне моладзі ў 90-я гады.

Менавіта ў 90-ыя Ніязаў дадумаўся скараціць сярэднюю адукацыю да дзевяці гадоў, а вышэйшую — да двух. У выніку выпускнікі туркменскіх школ не маглі паступаць у замежныя ВНУ без праходжання падрыхтоўчых курсаў, каб адпавядаць хаця б мінімальным адукацыйным патрабаванням Кыргызстана, Таджыкістана, Узбекістана, Расіі, Беларусі і іншых краін.

Але нават сёння ў Туркменістане ў школах акцэнт робіцца не на атрыманні ведаў, а на паслухмянасці і пакоры. Маладых людзей гадуюць пад пільнай дзяржаўнай апекай. У ВНУ найстражэйшы кантроль за ўсім: за знешнім выглядам, за паводзінамі. Кантралююць нават у вольны ад вучобы час.

Кіраўніцтву ВНУ і спецслужбам трэба ведаць, чым студэнты займаюцца на вакацыях, а перад сыходам на іх кожны студэнт падпісвае абавязальніцтва з пералікам дзясяткаў пунктаў, чаго рабіць нельга. У выпадку іх парушэння ў ВНУ выклікаюць бацькоў студэнтаў. Затым па меры сталення чалавека такі ж кантроль яго чакае і на працы.

Туркменскія вучні. Фота: 34travel.me

«Захаваць вальнадумства можна, але ў турме. Прыкладаў вельмі шмат»

«НН»: Якое ў цэлым стаўленне народа да ўладаў краіны? Які ўзровень страху?

РМ: З улікам вышэйсказанага страх велізарны. Спецслужбы ўсёмагутныя і ўсюдыісныя. На прыкладзе маёй сям'і магу сказаць вам, што практычна ўсе нашы сваякі ў краіне нас зракліся, таму што кожнаму ёсць што губляць: працу, месца ва ўніверсітэце ды нават проста свабоду.

Праз гэта ў народзе няма адзінства, нават сярод актывістаў за мяжой.

У цэлым стаўленне простага чалавека да ўлады нешта паміж абыякавасцю і нянавісцю. Туркменам шмат чаго не трэба, была б толькі стабільная праца і жыццё па прынцыпе: «мяне не чапайце, і я вас чапаць не буду».

Але часам зусім неабгрунтаваныя забароны вельмі злуюць людзей. Напрыклад, у Ашхабадзе можна мець аўтамабіль толькі светлых расфарбовак. Пры гэтым белыя машыны, у якіх некаторыя дэталі чорныя, прымушаюць перафарбоўваць. Даходзіць нават да радыятарных рашотак, бамперных абадкоў і пырскавікоў.

Вось уявіце, вы спяшаецеся раніцай на працу, а вас спыняе паліцэйскі і адбірае вашу машыну з-за «няправільнага» колеру бампера. Аўто на штрафстаянку, і пакуль вы не перафарбуеце гэтую дэталь, машыну назад не атрымаеце. Усе планы на дзень ці нават на два cапсаваныя.

Адна з вуліц Ашхабада, сталіцы Туркменістана. Фота: Хроніка Туркменістана
Ашхабад. Фота: Wikiway

Жыхары Туркменістана апалітычныя. Яны выдатна разумеюць, што ўплываць на ўлады яны не могуць, што ўлада робіць, што хоча, тады навошта нават спрабаваць? Бо так можна нарвацца на праблемы.

«НН»: Як людзі прыстасоўваюцца да існавання ў краіне?

РМ: Так і прыстасоўваюцца: да прадуктаў па картках, да непрацуючага інтэрнэту, да забарон і абмежаванняў. Ніхто ўслых не абураецца, бо, памятаеце ж, спецслужбы ўсюдыісныя.

«НН»: Ці адкрытыя межы краіны? Ці лёгка выехаць? Ці ёсць спосаб захаваць вальнадумства без эміграцыі?

РМ: Межы фармальна адкрытыя, але ці зможаш ты выехаць, ці не — гэта як латарэя. На мяжы чалавека папросту могуць развярнуць без тлумачэння якіх-небудзь прычын альбо сапсаваць твой пашпарт.

У туркменскай мове ёсць часта ўжываецца слова «баланок» («неналежна», «нельга»). Гэтае слова ў краіне чуеш вельмі часта: хочаш выехаць за мяжу — «баланок», хочаш зайсці ў шортах у якое-небудзь ведамства — «баланок», маеш чорную дэталь на белай машыне — «баланок».

Людзі з'язджаюць цяпер масава. Знаходзяць любыя падставы: на вучобу, на працу, на лячэнне. Амаль усе студэнты ў Беларусі і Расіі працуюць, прычым менавіта з гэтай нагоды яны і выязджалі. Вучоба застаецца на другім плане, адсюль і высокі працэнт адлічэння.

А захаваць вальнадумства можна, але ў турме. Прыкладаў вельмі шмат.

«Дыпламаты прама казалі, каб не ўмешваліся ў беларускія пратэсты, каб стаялі ў баку»

«НН»: Якая галоўная матывацыя студэнтаў не вучыцца ў Туркменістане, які ўзровень адукацыі ў самой краіне?

РМ: У Туркменістане, па-першае, цяжка паступіць без хабараў. Па-другое, вучоба ў краіне ператварылася ў катаргу, а ВНУ — у калоніі строгага рэжыму. Студэнты выконваюць ролю масоўкі, іх цягаюць туды-сюды з любой нагоды: дзяржсвята, сустрэча замежнай дэлегацыі, правядзенне нейкага форуму.

Веды нікога не цікавяць, патрэбныя толькі пакорныя выканаўцы. Пры гэтым за студэнтамі найстражэйшы кантроль: на вуліцу ўвечары не выходзіць, на вакацыях не рабіць таго, гэтага, апранацца па форме, ніякага інтэрнэту. З-за такіх парадкаў і патрабаванняў узровень адукацыі ў краіне вельмі нізкі.

Туркменскія студэнты ў сябе на радзіме. Фота: Turkmenistan Altyn Asyr

Нездарма туркмены, якія маюць такую магчымасць, едуць лячыцца за мяжу нават пры простых захворваннях. За мяжу з'ехаць вучыцца таксама няпроста. ВНУ павінна быць у спісе ухваленых уладамі.

«НН»: Што думае маладое пакаленне аб цяперашнім стане спраў у краіне?

РМ: Большая частка моладзі палітыкай не цікавіцца, а калі і мае нейкае ўласнае меркаванне, то трымае яго пры сабе. За мяжой вучацца тысячы нашых студэнтаў і, здавалася б, можна было б ствараць нейкія самастойныя групы, ячэйкі, але нічога падобнага амаль няма.

Вось, напрыклад, быў выпадак з Амрузакам Умаркуліевым, туркменскім студэнтам, які стварыў у Турцыі нефармальную суполку са сваіх жа суайчыннікаў з ліку такіх жа студэнтаў. Але потым многіх удзельнікаў гэтай групы па адным выманілі ў Туркменістан, а хтосьці ўцёк. Так ячэйка гэтая і развалілася.

Мала каму можна давяраць, бо нават за мяжой за студэнтамі татальны кантроль. У любой замежнай ВНУ, дзе вучацца нашы хлопцы і дзяўчаты, ёсць так званы стараста або куратар з ліку саміх жа студэнтаў, які рэгулярна ўсё даносіць да туркменскіх дыпламатаў: хто пра што кажа, хто чытае незалежную прэсу, хто захапіўся рэлігіяй, у каго праблемы з мясцовым законам.

Толькі невялікая частка студэнтаў, як унутры так і за мяжой, чытае нас і дасылае нам інфармацыю. Мы рэгулярна абмяркоўваем з імі нейкія праблемы, разважаем пра шляхі іх вырашэння. Я вельмі часта прыводжу ім прыклады з жыцця ў Еўропе, і многія маладыя людзі шчыра дзівяцца, што, аказваецца, можна жыць інакш.

Туркменскія студэнты ў Беларусі. Фота: БДУФК

«НН»: Ці вяртаюцца яны на радзіму пасля вучобы? Як іх прымушаюць вяртацца?

РМ: Большасць, канечне, вяртаецца, бо, па-першае, там засталіся іх родныя і дом. Па-другое, многім чужы лад жыцця ў той жа Расіі ці Беларусі праз розніцу ў культурах і рэлігіі.

Па-трэцяе, узровень самастойнасці у туркменаў вельмі нізкі, яны не прывыклі прымаць рашэнні, бо за іх звычайна ўсё вырашаюць або сям'я, або дзяржава.

Па-чацвёртае, замацавацца легальна ў той краіне, дзе ты атрымаў адукацыю, няпроста. Некаторыя знаходзяць працу, іншыя ствараюць сем'і, трэція з'язджаюць у трэція краіны — такое таксама часта здараецца — напрыклад, у ЗША ці Еўропу (як легальна, так і нелегальна). Але такіх меншасць.

Ёсць тыя, хто застаецца нелегальна, бо, напрыклад, іх адлічылі з ВНУ за непаспяховасць, а вяртацца ў Туркменістан сорамна. Але гэта працуе толькі да першай сустрэчы з паліцыяй, а далей — дэпартацыя.

«НН»: Што адбываецца з роднымі і блізкімі тых, хто не вяртаецца? І што адбываецца з тымі, хто вярнуўся, але не ў належны час?

РМ: Калі студэнт не цікавы ўладам, калі не нарабіў чагосьці за мяжой, то нічога асаблівага яго бацькам не будзе. Але калі вярнуўся не ў належны час (парушыў міграцыйнае заканадаўства краіны), то яму потым закрыюць выезд з Туркменістана на 5 ці больш гадоў.

«НН»: Ці былі туркменскія студэнты, якія бралі ўдзел у вялікіх пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе?

РМ: Былі, але няшмат. За нашымі студэнтамі за мяжой сочаць свае ж дыпламаты і іх інфарматары сярод саміх жа студэнтаў. Калі ўсё пачыналася, на сходах у ВНУ дыпламаты прама казалі, каб не ўмешваліся, стаялі ў баку. Маўляў, вы прыехалі сюды вучыцца, хутка ўсё стабілізуецца, улады навядуць парадак.

Палітвязні ў Туркменістане

«НН»: Ці ёсць у краіне палітвязні? Што вядома пра іх? Наколькі частымі ў краіне бываюць арышты, катаванні і смерці ў зняволенні?

РМ: У цяперашні час у турмах Туркменістана адбываюць тэрміны Нургельды Халыкаў (4 гады за адпраўку Turkmen.news фота прадстаўнікоў дэлегацыі СААЗ у Туркменістане падчас пандэміі кавіду. Улады краіны афіцыйна адмаўляюць каранавірус), Мансур Мінгелаў (22 гады за скаргі на ўжытыя катаванні), Мурат Душэмаў (4 гады за выказ сумневу ў адсутнасці кавіду ў краіне), Мурат Авезаў (5 гадоў за напісанне верша пра цяжкі лёс народа) і іншыя вальнадумцы.

У 2021 годзе спецслужбы на 9 гадоў пасадзілі жанчыну-доктарку, якая дамагалася сваіх працоўных правоў, але праз год яе памілавалі.

(Злева направа, зверху ўніз) Нургельды Халыкаў, Мансур Мінгелаў, Мурат Душэмаў і Мурат Авезаў. Фоты: Turkmen.news

Акрамя гэтых асоб у Туркменістане ёсць яшчэ дзясяткі, калі не сотні палітзняволеных. Гэта, напрыклад, асуджаныя па справе аб так званым «замаху» на першага прэзідэнта краіны Сапармурата Ніязава ў 2002 годзе. Тады ў засценках апынуліся дзясяткі чыноўнікаў і сілавікоў. Акрамя іх, нібыта арганізатараў і выканаўцаў «замаху», пасадзілі і іх сваякоў.

Ёсць яшчэ дзясяткі асобаў, асуджаныя па рэлігійных матывах. Найлепшы прыклад — справа групы Бахрама Сапарава (лідара адной з туркменскіх мусульманскіх абшчын). Маладыя людзі выспавядалі іслам, вялі здаровы лад жыцця, дапамагалі адно аднаму і іншым. Але ўладам такое не падабаецца, такіх людзей пераследуюць, ім ставяць у віну спробу захопа ўлады і змены канстытуцыйнага ладу.

Увогуле ў Туркменістане улады не любяць тых, хто строга прытрымліваецца ісламскіх канонаў, хоць абсалютная большасць насельніцтва прылічае сябе да мусульман.

Рэгулярна маліцца, як таго патрабуе рэлігія, чытаць літаратуру — усё гэта выклікае ў спецслужбаў падазрэнні. На іх думку, «нармальна» — гэта калі ты і мусульманін, але ў той жа час можаш выпіваць, есці свініну.

Нядаўна мы апублікавалі матэрыял з відэа наконт катаванняў і смерцяў у зняволенні. Ва ўпраўленні Міністэрства нацыянальнай бяспекі да смерці закатавалі маладога чалавека, падазраючы яго ў перавозцы наркотыкаў.

Насамрэч такіх выпадкаў шмат, проста далёка не ўсе з іх становяцца вядомымі. Людзі баяцца распавядаць падобныя рэчы праз страх пераследу. На ўсё воля Алаха, кажуць яны, і зміраюцца.

«НН»: Якімі людзі становяцца пасля выхаду з туркменскай турмы?

РМ: Напэўна, як і ўсюды. Туркменскія турмы дакладна не курорт. З вопытам у турме ты наўрад ці знойдзеш працу, таму людзі, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, часта зноў туды вяртаюцца.

Адна з камер у туркменскай псіхіятрычнай установе пажыццёвага ўтрымання недалёка ад горада Балканабад, куды звычайна адпраўляюць дысідэнтаў. Фота: АССА

«Як кажуць туркмены, і на нашай вуліцы будзе свята»

«НН»: Ці жыве ў туркменскім грамадстве нейкая надзея на перамены, на змену сістэмы? Калі так, то з чым яе звязваюць? Ці назіраеце вы нейкую дынаміку грамадскай думкі?

РМ: Калі прыйшоў Сердар, я асабіста верыў, што ён будзе больш мяккім за яго бацьку нягледзячы на тое, што бацька далёка ад улады не сышоў. Але я памыляўся. Не Сердар пакуль кіруе краінай, ён слабы. Калі яго бацька зараз адыдзе ў іншы свет, Сердара адразу скінуць.

Дыктатура тым і добрая, што не ведаеш, што будзе заўтра: палацавы пераварот альбо смерць дыктатара. Але надзея жыве заўсёды.

Пры гэтым насельніцтва унутры краіны ў большасці сваёй мае не такі аптімістычны настрой. Многія змірыліся з такім становішчам спраў, іншыя збіраюць валізкі, а трэція ўжо з'ехалі і не хочуць нават успамінаць пра сваю былую радзіму.

«НН»: Ці хочаце вы што-небудзь сказаць ці данесці ў бок беларускага народа?

РМ: Як кажуць туркмены, і на нашай вуліцы — і ў Беларусі, і ў Туркменістане — будзе свята.

«НН»: Як беларусы могуць дапамагчы вашым суайчыннікам пры сустрэчы з імі ў Беларусі і ў іншых краінах? Як бы вы параілі мець зносіны з імі?

РМ: На жаль, стаўленне беларусаў да туркменаў не заўсёды добрае. Магчыма, мы самі ў гэтым вінаватыя праз нізкую культуру, праз тое, што мы не бачылі свет, не ведаем, як паводзіць сябе ў іншым грамадстве з іншай культурай.

У большасці сваёй нашы студэнты ў Беларусі вельмі бедныя. Ім даводзіцца сумяшчаць вучобу з працай, пражываць па некалькі чалавек у невялікіх кватэрах. Часам вучоба застаецца на другім плане, бо інакш немагчыма пражыць. Хацелася б, каб пры прыёме на працу і здачы жылля да туркменаў праяўлялі ласку.

Туркменскія актывісты на адной з акцый салідарнасці з беларускімі пратэстамі у Нью-Ёрку, 2020 год. Фота: Вольга Чарыева / Turkmen.news

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары9

  • бабруйчанін
    25.01.2024
    У Турменстане дзля гэтай " карпарацыі" па пєрікачкі газа ні патрєбна насельніцтва Некалькі тысяч " вахтавікоу" некалькі тысяч ахароны і тысяча масоукі дзля здымкау кліпау.Старєйшага Берды " семья" пасунула калі ен пажадау пагасіць " вока дракона" кратєр ))) Мабыць толькі басмачі здольны кончыць ....гэты " дхень сурка"
  • Ідр
    25.01.2024
    Цікавы артыкул. Нажаль падобна што да таго і Беларусь ідзе...
  • Назіральнік
    26.01.2024
    Ідр,
    Ужо ёсьць
    сваякоў рэпрэсуюць

Апублікаваныя дэкларацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Колькі ў Лукашэнкі, а колькі ў астатніх?18

Апублікаваныя дэкларацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Колькі ў Лукашэнкі, а колькі ў астатніх?

Усе навіны →
Усе навіны

«Цяпер страшна выйсці з дзецьмі з дому». У элітным ЖК пад Мінскам зграя бадзяжных сабак разарвала хатняга ката6

За «экстрэмізм» асудзілі хлопца, які некалі запускаў кампанію па віншаванні ветэранаў

У конкурсе на найлепшую паштовую марку трэці год запар перамагае работа, звязаная з сілавікамі2

Інстытут Мінэканомікі: Санкцыі прама закранаюць чвэрць эканомікі Беларусі1

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію13

Як рыхтавалася аперацыя па падрыве пэйджараў і рацый «Хезбалы»? Агенты «Масада» раскрылі падрабязнасці4

«Яндэкс Go» уводзіць падачу скаргаў на кошт таксі1

«Тры гадзіны адстаяла ў віртуальнай чарзе!» У продаж паступілі першыя квіткі на Viva Braslav — і ўжо скончыліся9

Пенсіянерка прадала кватэру і аддала ашуканцам 100 тысяч рублёў. Яна адмаўлялася верыць, што яе падманулі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Апублікаваныя дэкларацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Колькі ў Лукашэнкі, а колькі ў астатніх?18

Апублікаваныя дэкларацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Колькі ў Лукашэнкі, а колькі ў астатніх?

Галоўнае
Усе навіны →