БЕЛ Ł РУС

Што кажуць Мацкевіч, Карпаў, Чарняўская і іншыя пра прэс-канферэнцыю Бабарыкі і Калеснікавай

15.12.2025 / 17:3

Аўгіння Якімук

Пасля прэс-канферэнцыі вызваленых палітзняволеных, у якой у тым ліку ўдзельнічалі Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава, меркаванні беларусаў падзяліліся. Паглядзелі, як адрэагавалі вядомыя асобы.

Фота: LookByMedia

Прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч заклікае не панікаваць. Бо, маўляў, з намі размаўляюць «госці з мінулага» — людзі, якія правялі шмат часу ў ізаляцыі ва ўмовах катавання.

— Мы ж з вамі ўжо бачылі Ціханоўскага, які заклікае здымаць маскі і збіраецца нанесці «смелы ўдар па рэжыме» сіламі 5‑ці новых YouTube-каналаў? Ну бачылі ж, памятаеце? Дайце людзям дыхаць. Пакуль ім больш патрэбна наша любоў і прыняцце, а не іх «пазіцыя ў пытанні…».

Ён прапаноўвае пакуль проста цешыцца, што людзі жывыя, на волі і не страцілі ўласных душэўных якасцяў — веры, інтэлігентнасці, прыгажосці вонкавай і ўнутранай. За што іх калісьці і палюбілі, і даверыліся ім.

— Давайце пабудзем пакуль «для іх», а па ўсіх астатніх пытаннях пагаворым… увесну, добра? 

Філосаф Уладзімір Мацкевіч, які сам зусім нядаўна быў на месцы вызваленых палітзняволеных, выказаўся значна больш жорстка: «Часам лепш жаваць, чым гаварыць».

Ён расказаў, што сам не пайшоў на прэс-канферэнцыю на наступны дзень пасля дэпартацыі, бо быў упэўнены: не на ўсе пытанні трэба адказваць, не сарыентаваўшыся ў сітуацыі. Усё ж чатыры гады ў ізаляцыі — гэта не жарт. Але ёсць «але».

— На некаторыя пытанні трэба адказваць катэгарычна, не выкручваючыся. Хто агрэсар. Чый Крым. Хто вораг. Хто сябар. Яшчэ некаторыя. Але сітуацыя за 5 гадоў моцна змянілася. І неэтычна задаваць вязням, якія выйшлі ўчора, пытанні пра сітуацыю. І на такія пытанні ім не трэба адказваць. Іншая справа перакананні. Яны могуць быць пазасітуатыўнымі. За перакананні людзей не трэба лаяць. Перакананні трэба проста ўлічваць. І ўлічваючы вырашаць, супрацоўнічаць з людзьмі тых ці іншых перакананняў, ці не.

Філосаф упэўнены: хто на каго напаў, можна было ведаць і ў лагеры, нават чытаючы рэжымныя газеты і гледзячы тэлевізар. А паліткарэктнасць у гэтым выпадку называе хітрасцю.

— Зразумела, што калі вораг трымае ў закладніках блізкіх, то чалавек будзе выбіраць такі адказ, каб не нашкодзіць блізкім людзям. Магчыма, мы чулі на прэсавай канферэнцыі адказы такога кшталту. Адсюль ужо пытанне этычнасці такіх прэс-канферэнцый.

Заканчвае допіс Мацкевіч рытарычным пытаннем: ці магчыма, каб журналісты і PR-шчыкі ўстрымліваліся ад хайпа ў гарачых тэмах і наконт адчувальных падзей?

— Ці можа публіка з разуменнем ставіцца да неадназначных і слізкіх выказванняў траўмаваных і дэзарыентаваных людзей? Дараваць неасцярожна кінутыя словы? 

Стась Карпаў прызнаецца: ён мяркуе, што Бабарыка быў бы добрым прэзідэнтам для краіны ўзору 2020 года. Але, калі б выбары адбыліся ў 2025 годзе, ён ні за што не прагаласаваў за людзей, якія «седзячы пасярод Украіны не могуць назваць вайну вайной і злачынца злачынцам».

— Ціханоўскі, які ледзь не ўвесь тэрмін адсядзеў у ізалятары, тым не меней, як бачым, атрымаў дастаткова інфармацыі для разваг, каб прыкінуць, хто тут мудак, а хто ахвяра. Пытанне нават не ў тым, які доступ да інфармацыі мелі гэтыя людзі ў турме, а ў тым, што яны да 2020 года не назапасілі высноў пра свет, пра сябе і пра суседзяў.

Карпаў мяркуе: фактычна мы ўбачылі канферэнцыю не толькі беларускага вызваленчага супраціву, але і прэс-канферэнцыю «добрых рускіх».

— Беларусь — краіна акупаваная, дзе «расійскае права» рэалізавана ў поўным аб'ёме. Наша пазбаўленая самастойнасці і ідэнтычнасці краіна — месца, дзе за справядлівасцю сочаць кепскія рускія. А супрацьстаялі ім, як бачым, добрыя рускія. Тыя, якія не разумеюць украінскай мовы, бо не вучылі беларускую. Тыя, каторыя за справядлівы і непадкупны суд ад Анадыры да Брэста.

Стас Карпаў піша, што раней яго часам злавала Ціханоўская, амаль пастаянна — Ціханоўскі. Але сорамна стала толькі пасля нядаўняй прэс-канферэнцыі.

— Найперш, сорамна за сябе, сорамна за тое, як рашуча і бескампрамісна я выбіраў у 2020 годзе паміж кепскімі і добрымі рускімі. 

Наста Роўда, дырэктарка «Нашай Нівы», падзякавала ўкраінцам, што прынялі беларускі палітвязняў, што арганізавалі прэс-канферэнцыю і далі магчымасць іх пачуць.

— А з іншага боку — як жа шкада, што гэта не была прэс-канферэнцыя для беларусаў. Чакаю яшчэ адну, бо столькі пытанняў засталося. І спадзяюся, што ўсім ім у хуткім часе нарэшце дадуць магчымасць выйсці з інфармацыйнага вакууму, які цягнуўся гадамі. Давайце дачакаемся гэтага моманту, перш чым рабіць высновы. Ну а ўсмешка Машы натхняе, вядома! 

Былы палітзняволены анархіст Мікола Дзядок напісаў:

— Адзіная рэч, вакол якой не гатовыя бясконца сварыцца прадэмакратычныя беларусы — гэта безумоўная падтрымка Украіны. Кожны палітык ці лідар меркаванняў, які не падзяляе гэтую платформу, вельмі хутка перастане быць і палітыкам і лідарам меркаванняў. Прашу ўкраінскіх сяброў таксама гэта цвёрда разумець.

Аляксей Лявончык выказаўся максімальна лаканічна:

— Як і раней, я думаю, што ў тых, хто выйшаў, ёсць некалькі месяцаў індульгенцыі на выказванні.

Журналіст Дзмітрый Гурневіч пракаментаваць прэс-канферэнцыю вырашыў здалёк:

— «Во бл…ць, уроды, вот сукі яб…я». Гэтыя пару слоў сказаў мне чалавек з Беларусі 24 лютага 2022 года, калі на досвітку ён пачуў ад мяне тры словы «Расіяне бамбяць Украіну».

Гурневіч падкрэслівае: той яго знаёмы не прачытаў сотняў кніг, не ўмее шукаць інфармацыю з розных крыніц, не рэфлексуе над тэзісамі Артэгі-і-Гасэта, ён ніколі пра яго нават не чуў і наўрад ці пачуе

— Ён не жыве ў вялікім горадзе, глядзіць вечарамі забаўляльныя шоу на расійскім тэлебачанні, п’е самагонку і танцуе на карпаратывах пад Філіпа Кіркорава. Фактычна, ён усё жыццё ў інкамунікада. Але маральную ацэнку злу ён даў бездакорна, хаця мае права на мільён апраўданняў.

Рэжысёр Мікалай Халезін піша, што цяпер даведаўся: кожны чалавек, які адседзеў пяць гадоў інкамунікада, будзе прамаўляць тое, чаго ад яго чуць не хочуць.

І што нават знакамітыя людзі страчваюць навык камунікацыі з аўдыторыяй — бо свет змяняецца імкліва і тое, што пяць гадоў таму яшчэ было «норм», ужо некалькі гадоў як «стром».

— Пяць гадоў ты не таропіўся ў тэлефон, і таму не ведаеш актуальных мемаў. Ды што там мемаў — ты яшчэ ніколі не чуў элементарных слоў, накшталт «крынж», «скуф» або «краш». Не кажучы ўжо пра тое, што «Аляксандр Рыгоравіч» ужо даўно вымаўляецца значна карацей — «дзед». А яго сустрэча з «Уладзімірам Уладзіміравічам» — «два дзяды». І яшчэ, ты не ведаеш, што калі праехаць з Беларусі праз Чарнігаўскую вобласць і даехаць да Кіева, а потым збочыць направа, то ты трапіш у Бучу. У тую самую Бучу, якую сучасны чалавек не можа не ведаць — як не можа не ведаць Аўшвіц, Срэбраніцу ці Хатынь.

Згадвае Халезін і адну з парад былога палітзняволенага Паўла Вінаградава:

— Нядаўна на адным са стрымаў «Свабоды», калі вядоўца спытала яго, што б ён парэкамендаваў тым, хто толькі што выйшаў на волю пасля доўгага зняволення адказаў: «Калі шпацыруеце на дварэ, не ешце жоўты снег». А яшчэ ён рэкамендаваў не даваць інтэрв'ю, пакуль не агледзіцеся і не зразумееце, як зараз уладкаваны гэты свет. У гэтым я абсалютна згодны.

Палітык Юрый Губарэвіч думае: тлумачыць пачутае ад Бабарыкі і Калеснікавай на прэс-канферэнцыі выключна праз прызму інкамунікада, інфармацыйнай ізаляцыі і ціску рэжыму, уключна з пагрозамі сваякам, недастаткова:

— Такое тлумачэнне выглядае зручным, але недастатковым. Беларуская практыка ведае нямала прыкладаў палітыкаў, якія выходзілі са зняволення з выразнай і адназначнай пазіцыяй, у тым ліку ў пытаннях вайны, акупацыі і адказнасці. Ведае яна і прыклады тых, хто не ўстрымліваўся ад публічных ацэнак, маючы блізкіх за кратамі.

Ён бачыць у першых публічных выказваннях Бабарыкі і Калеснікавай сігнал аб межах і магчымых кірунках будучай палітыкі каманды Бабарыкі.

А таксама гаворыць пра тое, што мандат, які чалавек меў у 2020 годзе, не аднаўляецца аўтаматычна.

— Статус былога палітвязня, безумоўна, надае маральную вагу, але не замяняе страчаны давер і не здымае патрэбы ў выразнай каштоўнаснай пазіцыі. У гэтым сэнсе вайна ва Украіне з’яўляецца не інфармацыйным, а каштоўнасным тэстам, які патрабуе не поўнай дасведчанасці, а базавай маральнай арыентацыі. Размытыя або ўхілістыя фармулёўкі тут счытваюцца не як асцярожнасць, а як свядомы выбар.

Юлія Чарняўская выказалася сціпла:

— Я думаю, што прэс-канферэнцыі людзей, якія ўчора выйшлі, адседзеўшы гады і гады, асабліва ў інкамунікада, амаральныя.

Бяспалаў: Бабарыка спрабуе працаваць на тых, хто ўнутры краіны. Дайце прастору, не перашкаджайце

Лосік: Інкамунікада? Кожны разумны чалавек павінен быў вызначыцца яшчэ ў 2014-м, чый Крым

Чытайце таксама:

Што Бабарыка і Калеснікава адказалі на пытанні пра вайну

Асноўнае, што расказаў Бабарыка на першай прэс-канферэнцыі

Каментары да артыкула