Грамадства131131

Што Бабарыка і Калеснікава адказалі на пытанні пра вайну

На прэс-канферэнцыі адразу пасля вызвалення палітвязняў, якая прайшла ва Украіне 14 снежня, Віктару Бабарыку і Марыі Калеснікавай задаваліся сярод іншага палітычныя пытанні пра вайну, расійскіх жаўнераў і беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны.

Фота: LookByMedia

Калеснікава і Бабарыка правялі пяць гадоў за кратамі без свабоднага доступу да інфармацыі, апошні час іх трымалі ў рэжыме інкамунікада, калі не прапускаліся ніякія лісты. Прэс-канферэнцыя прайшла на наступны дзень пасля іх вызвалення. Сын Бабарыкі Эдуард, якога затрымлівалі разам з бацькам, застаецца за кратамі.

Палітвязні падзякавалі Украіне за тое, што прыняла іх.

«Калі вы вызваліліся, ці ведалі вы пра апошнія падзеі вакол вайны Расіі з Украінай? І як вы зараз ставіцеся да рэжыму Пуціна і яго супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі?» — спыталі ў палітвязняў.

Віктар Бабарыка адказаў:

«Мы нічога не ведаем дакладна. Чаму? Таму што ў тых варунках, у якіх мы знаходзіліся, доступ да інфармацыі быў вельмі абмежаваны.

Я не кажу пра праўдзівы ці непраўдзівы, але толькі аднабаковы. То-бок з боку беларускіх СМІ. Таму каментаваць штосьці і даваць ацэнку, калі ты ведаеш толькі пазіцыю аднаго боку, рэч бессэнсоўная.

Таму ўсё, што тычыцца таго, што адбываецца ў свеце, асабліва, дзе пытанні тычацца нейкіх спрэчных момантаў, у якіх прысутнічае больш, чым адзін бок, я думаю, ад нас вы мала што атрымаеце».

Журналіст украінскага выдання «Суспільне» спытаў, што ім вядома пра вайну і ролю Беларусі ў ёй.

«З самага ранняга дзяцінства мне вядома пра вайну тое, што вайна гэта заўсёды дрэнна, — адказваў Бабарыка. — То-бок разуменне справядлівай ці несправядлівай вайны — гэта ўсё, вядома, умоўна, — але вайна — гэта дрэнна. Што тычыцца канкрэтна тут, як я ўжо сказаў, вайна — гэта прычына пакут для найперш тых краін, якія ўцягнутыя і для людзей, але самае страшнае, што вайна — гэта з'яўляецца напраўду пунктам, які раз'ядноўвае.

Таму каментаваць нейкія рэчы, калі ты, як я ўжо сказаў, практычна нічога не ведаеш і ведаеш толькі аднабаковае… ну, я ўвогуле нічога не магу сказаць. Мы ведаем, што вядуцца нейкія дзеянні, тое, што мы можам казаць — толькі тое, што паказваюць па беларускіх сродках масавай інфармацыі. (…) Можна сказаць толькі тое, што мы ведаем, што паказваюць па беларускім тэлебачанні. А гэта, ну, а гэта практычна нічога».

Святлана Шаціліна, прадстаўніца Аб'яднага пераходнага кабінета ва Украіне, спытала: калі б у вас была магчымасць пракаментаваць або задаць пытанне беларускаму добраахвотніку, які зараз ваюе за Украіну, што б вы яму сказалі?

Калеснікава і Бабарыка адказалі, што не могуць пракаментаваць, бо не маюць інфармацыі.

Бабарыка дадаў таксама:

«Выбар кожнага чалавека робіцца — я ўпэўнены, што і добраахвотнікі робяць яго — усвядомлена, зыходзячы з тых сістэм каштоўнасцяў, якія ёсць у кожнага. У рамках маіх сістэм каштоўнасцяў, як я ўжо сказаў, усялякая вайна — гэта дрэнна. Адпаведна, я не веру ў тое, што вычэрпваюцца ўсе віды магчымага ўрэгулявання, акрамя вайны.

Напэўна, нехта вырашае гэта па-іншаму. Напэўна, нехта думае, што ён ужо вычарпаў усё з пункту гледжання сваіх каштоўнасцяў, змагацца іншымі метадамі, акрамя вайны. Таму таксама каментаваць вельмі-вельмі складана.

Але ў што я веру, што людзі робяць усвядомлены выбар, зыходзячы з тых сістэм справядлівасці, дабра, якімі яны валодаюць».

Блогер Уладзімір Золкін, які займаецца праектам пра палонных «Шукай сваіх», вырашыў увесці ў кантэкст і патлумачыў, што ёсць Полк Каліноўскага, куды далучыліся беларусы, каб дапамагаць Украіне абараняць сябе. Ён згадаў пра сяло Ягаднае, дзе расіяне загналі ў сутарэнне мясцовых жыхароў і трымалі там 80 дзён у нечалавечых умовах.

«І вось знайшліся беларусы, якія сталі на наш бок, прыйшлі для таго, каб забіваць тых, хто прыйшоў на нашу зямлю, — куды іх ніхто не запрашаў, — каб забіваць нас. Я ўсё ж хачу пачуць ад вас адказ. Ці падтрымліваеце вы ідэі такіх людзей?» — спытаў Золкін.

«Пытанне не тычыцца нацыянальнасці. Пытанне не тычыцца, маеш ты рацыю, ці не, ці ўсяго астатняга, — стаў адказваць Бабарыка. — Усё, што чыніцца супраць чалавечнасці, яно бесчалавечнае. Яго нельга падтрымліваць.

Але яшчэ раз падкрэслю, такія дзеянні, яны не могуць падтрымлівацца, яны не залежаць ад таго, дзе чалавек нарадзіўся. Яны залежаць ад маральных прынцыпаў самога чалавека. І іх нельга падтрымліваць ні ў якім разе. Нельга апраўдаць, што гэта можна рабіць, таму што я за справядлівасць.

Не. Гэтага нельга рабіць. То-бок ёсць тлумачэнне, чаму ты робіш, але ацэнка самога маральнага ўчынку ад гэтага не можа мяняцца.

І таму адказ на ваша пытанне ўтрымліваецца менавіта ў самім пытанні. Такіх людзей нельга падтрымліваць. Але гэта не значыць, што гэта чыняць выключна… як расіяне кажуць, што гэта ўкраінцы чыняць, украінцы кажуць, што гэта расіяне.

Дакладна гэтаксама, як і ў кожнай вайне, якая б ні адбывалася, чыняцца злачынныя дзеянні, якія нельга падтрымліваць. Ні ў якай меры.

Таму такіх людзей падтрымліваць нельга. Але яшчэ раз падкрэсліваю, гэта не залежыць ад нацыянальнасці».

Калеснікава пагадзілася з меркаваннем Бабарыкі.

«Вайна — гэта жудасна. І тое, што робяць людзі, гэта жудасна. Мне здаецца, што цяпер надышоў момант, калі гэта можа спыніцца.

І я вельмі хачу, каб гэта спынілася. І я ведаю, што мільёны людзей па ўсёй зямлі вельмі хочуць, каб гэты жах спыніўся, каб спыніліся забойствы людзей, каб спыніліся такія бесчалавечныя ўчынкі, каб людзі ўспомнілі, што яны людзі і навошта ўвогуле мы ўсе прыйшлі ў гэты свет. Вельмі цяжка пра гэта чуць.

Тут апраўданняў сапраўды ніякіх не можа быць. Я спачуваю і глыбока падзяляю страту Украіны, страту Расіі і ўсіх, хто пакутуе тут. Гэта вялікі боль, і гэта павінна спыніцца».

Былы добраахвотнік Вадзім Кабанчук сказаў, што больш за 80 беларускіх добраахвотнікаў, якія абаранялі Украіну, загінула. Ён спытаў у Бабарыкі і Калеснікавай, ці маглі яны па кантэнце, які быў у калоніі, зразумець, хто на каго напаў.

«Тры гады практычна я правёў у ПКТ, а там, на жаль, нават у адрозненне ад Машы, там кніжка на тыдзень была, таму я, на жаль, так паглынаць літаратуру не мог, — казаў Бабарыка. —

Безумоўна, як я ўжо сказаў, аднабаковая падача інфармацыі — гэта проста аднабаковая падача інфармацыі. І таму тое, што мы бачылі па беларускім тэлебачанні, бачылі і вы. І ўласна, як я магу каментаваць па-іншаму, калі беларусы кажуць пра тое, што вось пачалася вайна, вось так вось, што я магу з гэтай высновы зрабіць штосьці іншае? Ды не, вядома ж, такое ж».

«Але яшчэ раз я кажу, што ніякай іншай высновы, акрамя таго, што гаварылася, нельга зрабіць. А выснову рабіць на падставе толькі адной пазіцыі я ніколі не браўся. Таму што, я не ведаю», — дадаў Бабарыка.

Калеснікава згадала выпуск навін ад 24 лютага 2022 года.

«А праз два тыдні я якраз апынулася ў ПКТ. І наступныя, напэўна, 20 месяцаў ці 21 месяц я не бачыла тэлевізара.

Але вось гэты выпуск я запомніла. І гэта быў выпуск навін, па-мойму, па АНТ, пра тое, што, я не ведаю, як гэта правільна фармуляваць у ваеннай тэрміналогіі, я абсалютна не валодаю ёй, што быў абстраляны Кіеў. Па-мойму, вось так гэта прагучала.

Я гэта запомніла. І далей там ішлі нейкія каментары, якія нейкім чынам, напэўна, апраўдвалі гэты сам факт. Але я абсалютна дакладна памятаю, што вось так гэта было сказана.

І мне было ўсё зразумела, гэтаксама, як, напэўна, усяму свету».

Каментары131

  • Беларус
    14.12.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Лепей прамаўчалі б
    14.12.2025
    Няведаю. Так казаць, страты Расеі страты Украіны. Гэта дрэнна. У іх, ПКК, ёсць свой кодакс, у нас свой. Гэта ня тое, што я хацеў бы пачуць ад лідара Беларусі.
  • О
    14.12.2025
    У него сын в заложниках , чё его пытать .

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім12

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Усе навіны →
Усе навіны

Журналіст Дзмітрый Семчанка расказаў, як яго спрабавалі зламаць у СІЗА9

Справай вертухая Шынвізэ занялася крымінальная паліцыя Германіі9

На палітвязняў ужо сабралі ўдвая больш за запланаваную суму. Збор яшчэ можна падтрымаць

Памёр кампазітар Віктар Капыцько

Сярод вызваленых 13 снежня — самая пажылая палітзняволеная

Як выглядае касцёл у Сапоцкіне пасля пажару ВІДЭА2

Максім Рыжанкоў трапіў у базу ўкраінскага «Міратворца»3

Запрацавала гарачая лінія па пытаннях вызваленых палітвязняў

Інжынера, які запускаў трэцюю лінію мінскага метро, асудзілі за «Гаюна»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім12

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць