На першай прэс-канферэнцыі пасля вызвалення Віктар Бабарыка расказаў, каму першаму патэлефанаваў, што ведае пра сына, ці не шкадуе пра сваё рашэнне балатавацца ў 2020-м, што думае пра вайну Расіі і Украіны і ці вернецца ў палітыку.

Каму пазваніў пасля вызвалення
«Я вось гэтыя тры гады вучыўся жыць не веданнем, а верай.
Але зрабіўшы тры званкі — сястры, дачцэ і чалавеку з каманды, з якой мы працавалі ў 2020 годзе, — я лёг спаць з дзіўнай думкай: аказваецца, папоўніць вось гэтае вось няведанне за гэтыя тры званкі [магчыма] цалкам паспяхова. І я зразумеў, што ўсё жыве, усё працуе і час ужо думаць».
Як даведаўся, што яго прывезлі ва Украіну
«Пра тое, што мы знаходзімся ва Украіне, я даведваўся толькі па руху… Нават не па руху, таму што ехалі мы без магчымасці глядзець па баках, а па вымушаных стаянках і з пункту гледжання арыентацыі па сонцы. Я разумеў, што мы рухаемся ў бок поўдня.
Я ўсё ніяк не мог звесці геаграфію — Наваполацк, час знаходжання ў дарозе і кірунак. Самы крайні пункт, я ўсё ж такі меркаваў, што гэта будзе раён Брэста. І таму калі мы выйшлі і апынуліся ва Украіне, я, уласна, даведаўся толькі пра гэта менавіта вось у такі момант». (…)
Аб прыёме ўкраінцамі
«Гэта — чалавечнасць. Чалавечнасць, калі ты, напэўна, перажыў адчуванне неабходнасці атрымання дабра, і гэта дабро ты дзеліш з іншым. Гэта самае вялікае і правільнае дабро. Менавіта гэта дабро ўкраінцы і даюць.
І, напэўна, наўрад ці там, я думаю, Еўропа на мяне пакрыўдзіцца, але лепш, чым тое, што мы атрымалі тут, я думаю, нідзе б мы не атрымалі. Дзякуй Украіне».
Ці балатаваўся б зноў у прэзідэнты, ведаючы, што будзе
«Я для сябе яшчэ ў 2020 годзе на гэтае пытанне адказаў, гэта значыць, зрабіў бы я тое, што зрабіў 12 мая 2020 года, ведаючы, што адбудзецца.
У галаве нарадзілася думка: шчаслівы няўдачнік. Гэта значыць, я ўсё жыццё рабіў тое, што я лічыў правільным і патрэбным. І таму ў 2020 годзе я зрабіў, мы зрабілі тое, што мы маглі зрабіць. Ты шкадуеш толькі, калі ты чагосьці не дарабіў.
Таму рашэнне было правільным на момант яго прыняцця. І яно было такое. Таму не, я не шкадую пра тое, што я зрабіў. (…) Мы выйгралі. Мы не атрымалі прыза. Але мы апынуліся мацнейшымі».
«Не ведаю, ці перадавалі Машы ці не, але цяпер я хачу публічна сказаць… Нават дзень не памятаю, але момант, калі я зразумеў, што ўсё было зроблена правільна.
Гэта калі Маша парвала пашпарт. Я ведаю, што менавіта ў той момант я зразумеў правільнасць рашэння, таму што гэта было зроблена не проста разумна, гэта было зроблена цалкам эмацыйна. А раз гэта так, значыць, давярайце жаночаму чуццю».
Што ведае пра сына
«У мяне на працягу трох гадоў не было магчымасці ні атрымліваць лісты, ні тэлефанаваць… Поўны нуль. І веданне пра тое, што з маім сынам, яно было толькі ў рамках нейкіх магчымасцяў, якія там выкарыстоўваюцца перадачай людзьмі [інфармацыі] адзін аднаму».
«Але ўчора я атрымаў дакладную інфармацыю пра тое, што ён знаходзіцца на сённяшні дзень у калоніі строгага рэжыму ў Оршы, што яму дадалі два гады па артыкуле 411 так званым.
Нягледзячы на тое, што, безумоўна, перажываю, я вельмі ганаруся і за тое, што ён годна вытрымлівае тыя выпрабаванні, якія ёсць, і за фразу, якую ён сказаў яшчэ ў 2020 годзе на пытанне, які ў яго артыкул. Ён сказаў вельмі проста: «Мой артыкул — маё прозвішча».
Але я хачу сказаць (…): ён жа не адзін там. Там засталіся тысячы людзей. (…)
Нельга забываць пра тых, прозвішчаў якіх мы ніколі не чулі. (…) Гэта будзе вялікім здрадніцтвам, калі мы забудзем, што на сённяшні дзень там знаходзяцца яшчэ тысячы людзей.
І спаць спакойна мы зможам толькі тады, і я змагу спаць спакойна не таму, што мой сын будзе знаходзіцца на волі, а тады, калі там не будзе нікога».
Ці плануе працягваць палітычную кар’еру
«Я магу сказаць сваё меркаванне: я ўсё жыццё стараўся быць з тымі, каму я быў патрэбны. Калі я буду патрэбны ў Беларусі, я пастараюся зрабіць нешта ў Беларусі. Калі я буду патрэбны толькі сваёй сям'і — ну што, у мяне на наступны год годная пенсія (імаверна, маецца на ўвазе, што наступіць пенсійны ўзрост. — НН)».
«Таму я не ведаю. Я рэальна не ведаю, таму што за гэтыя суткі я толькі даведаўся пра тое, што насамрэч нічога не спынілася. Усё, што пачалося, яно жыве. І гэта самае вялікае для мяне шчасце. Раз яно жыве, я думаю, што і мы будзем жыць».
Што ведае пра апошнія падзеі вакол вайны Расіі з Украінай і як ставіцца
«Мы нічога не ведаем дакладна. Чаму? Таму што ў тых умовах, у якіх мы знаходзіліся, доступ да інфармацыі быў вельмі і вельмі абмежаваны. Я не кажу, праўдзівай ці непраўдзівай. Але толькі аднабаковы. То-бок з боку беларускіх СМІ. Таму каментаваць нешта і даваць ацэнку, калі ты ведаеш пазіцыю толькі аднаго боку — рэч бессэнсоўная. Таму ўсё, што тычыцца таго, што адбываецца ў знешнім свеце, асабліва дзе пытанні тычацца спрэчных момантаў, у якіх прысутнічае больш чым адзін бок, я думаю, ад нас вы мала чаго атрымаеце».
«З самага ранняга дзяцінства мне вядома пра вайну тое, што вайна гэта заўсёды дрэнна. То-бок разуменне справядлівай ці несправядлівай вайны — гэта ўсё, вядома, умоўна, — але вайна — гэта дрэнна. Што тычыцца канкрэтна тут, як я ўжо сказаў, вайна — гэта прычына пакут для найперш тых краін, якія ўцягнутыя і для людзей, але самае страшнае, што вайна — гэта з'яўляецца напраўду пунктам, які раз'ядноўвае.
Таму каментаваць нейкія рэчы, калі ты, як я ўжо сказаў, практычна нічога не ведаеш і ведаеш толькі аднабаковае… ну, я ўвогуле нічога не магу сказаць. Мы ведаем, што вядуцца нейкія дзеянні, тое, што мы можам казаць — толькі тое, што паказваюць па беларускіх сродках масавай інфармацыі. (…) Можна сказаць толькі тое, што мы ведаем, што паказваюць па беларускім тэлебачанні. А гэта, ну, а гэта практычна нічога».
Пра ацэнку дзеянняў расійскіх салдат
«Пытанне не тычыцца нацыянальнасці. Пытанне не тычыцца, маеш ты рацыю, ці не, ці ўсяго астатняга. Усё, што чыніцца супраць чалавечнасці, яно бесчалавечнае. Яго нельга падтрымліваць.
Але яшчэ раз падкрэслю, такія дзеянні, яны не могуць падтрымлівацца, яны не залежаць ад таго, дзе чалавек нарадзіўся. Яны залежаць ад маральных прынцыпаў самога чалавека. І іх нельга падтрымліваць ні ў якім разе. Нельга апраўдаць, што гэта можна рабіць, таму што я за справядлівасць.
Не. Гэтага нельга рабіць. То-бок ёсць тлумачэнне, чаму ты робіш, але ацэнка самога маральнага ўчынку ад гэтага не можа мяняцца.
І таму адказ на ваша пытанне ўтрымліваецца менавіта ў самім пытанні. Такіх людзей нельга падтрымліваць. Але гэта не значыць, што гэта чыняць выключна… як расіяне кажуць, што гэта ўкраінцы чыняць, украінцы кажуць, што гэта расіяне.
Дакладна гэтаксама, як і ў кожнай вайне, якая б ні адбывалася, чыняцца злачынныя дзеянні, якія нельга падтрымліваць. Ні ў якай меры.
Таму такіх людзей падтрымліваць нельга. Але яшчэ раз падкрэсліваю, гэта не залежыць ад нацыянальнасці».
Пра інфармацыю, якую атрымліваў за кратамі
«Тры гады практычна я правёў у ПКТ, а там, на жаль, нават у адрозненне ад Машы [Калеснікавай], там кніжка на тыдзень была, таму я, на жаль, так паглынаць літаратуру не мог.
Безумоўна, як я ўжо сказаў, аднабаковая падача інфармацыі — гэта проста аднабаковая падача інфармацыі. І таму тое, што мы бачылі па беларускім тэлебачанні, бачылі і вы. І ўласна, як я магу каментаваць па-іншаму, калі беларусы кажуць пра тое, што вось пачалася вайна, вось так вось, што я магу з гэтай высновы зрабіць штосьці іншае? Ды не, вядома ж, такое ж».
«Але яшчэ раз я кажу, што ніякай іншай высновы, акрамя таго, што гаварылася, нельга зрабіць. А выснову рабіць на падставе толькі адной пазіцыі я ніколі не браўся. Таму што, я не ведаю».
Каментары