Бяспалаў: Бабарыка спрабуе працаваць на тых, хто ўнутры краіны. Дайце прастору, не перашкаджайце
Блогер Сяргей Бяспалаў падзяліўся сваім уражаннем ад прэс-канферэнцыі з удзелам Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай.

«Хачу пачаць з галоўнага: Віктар Бабарыка быў тым кандыдатам, які абудзіў самую нейтральную публіку ў Беларусі. Па факце ён быў самым папулярным — ні Ціханоўскі, ні Цапкала, ні іншыя не мелі такога працэнта падтрымкі па краіне, які быў у Віктара Бабарыкі. Менавіта яго больш за ўсё спалохаўся Лукашэнка, — піша Бяспалаў. —
Чаму? Таму што Бабарыка гуляў на яго полі. Ён быў, у нейкім сэнсе, увасабленнем самага вялікага страху Лукашэнкі — умеў балансаваць паміж Расіяй і Захадам, гаварыць «і вашым, і нашым», стараючыся спадабацца ўсім. Менавіта таму ён абудзіў столькі сэрцаў.
Так, па поглядах гэта не мой кандыдат. Мой кандыдат — Кастусь Каліноўскі: той, хто бярэ касу ў рукі і ідзе рабіць справы, рубаючы галовы маскалям. Але зараз час такіх гарачых патрыётаў прайшоў. Больш за тое, я згодзен з Бабарыкам: сёння такі кандыдат у Беларусі быў бы высмеяны і набраў бы, у лепшым выпадку, запаветныя 3%.
Мы ўсе бачылі апытанні Chatham House. І лічба ў 44% за саюз з Расіяй выглядае цалкам рэалістычна. Не таму, што беларусы раптам «перасталі быць беларусамі», а таму што незалежныя медыя вымушаны існаваць у эміграцыі, тады як прапаганда — і пуцінская, і лукашэнкаўская — працуе ўнутры краіны. Прычым працуе сістэмна і, на жаль, апошнія пяць гадоў даволі паспяхова.
Беларусь зараз, па ўсіх замерах, усё больш сыходзіць у прарасійскі бок. Апошнія 25 гадоў у нас без перапынку круцяцца НТБ, Кісялёў і ўся гэтая шляпа, а пачынаючы з 2014 года гэта стала асабліва таксічна — уядаецца проста ў мозг, раз'ядае кару так, што абсалютная большасць за апошнія 10 гадоў калі не «за» Расію, то ўжо дакладна не «супраць». І калі ўспомніць 2020, то там не было лозунгаў супраць Расіі, а мітынг Севярынца супраць інтэграцыі з Расіяй збіраў 1000 чалавек (ведаю, паколькі сам там быў).
Плюс усе гэтыя «нішцякі», якія дае Расія: адкрытая мяжа, саюзная дзяржава, роўныя правы для працы і гэтак далей. Я яшчэ раз скажу: я супраць усяго гэтага. Але так склалася, што большасць нашых суграмадзян, якія жывуць у Беларусі, — за.
І менавіта таму ў 2020 годзе самым папулярным кандыдатам быў Віктар Дзмітрыевіч Бабарыка. Ён быў простым, не калгасным, як Саша, адкрытым і гатовым вырашаць усё «па законе». Для мяне тады гэта выглядала наіўна. Па законе з Лукашэнкам? Вы сур'ёзна? Але так хацелі, так верылі — і такім Віктар Дзмітрыевіч і застаўся ў 2020 годзе. Ён літаральна жыве 2020, а яшчэ ў яго сын у палоне, не варта гэтага забываць.
Добра гэта ці дрэнна — так ёсць.
Я думаю, наперадзе нас чакае новая трэцяя сіла апазіцыі за рубяжом — не такая, як усе, нейкі працяг лініі Івана Краўцова, да якога я стаўлюся з павагай. Асабіста мяне гэта задавальняе: плюралізм меркаванняў, новы глыток паветра. Заўсёды добра.
Не трэба адразу плявацца. Яны спрабуюць працаваць на тых, хто ўнутры краіны. Калі ў іх атрымаецца — гэта будзе прагрэс. Бо, па сутнасці, менавіта іх намаганнямі ў 2020 годзе і атрымаўся той яркі год. Можа, зноў распаляць гэты агонь. Беларусы, вы ж неверагодныя?
Дайце ім прастор. Не перашкаджайце. І чакайце!»
Каментары
[Зрэдагавана]