Трамп загадаў увесці «поўную і канчатковую» блакаду ўсіх танкераў, якія заходзяць у Венесуэлу
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп загадаў увесці поўную і канчатковую марскую блакаду ўсіх нафтавых танкераў, якія знаходзяцца пад санкцыямі і заходзяць у Венесуэлу або выходзяць з яе. Улады Венесуэлы рэзка асудзілі гэтае рашэнне, заявіўшы, што Вашынгтон фактычна распальвае вайну, піша Бі-бі-сі.
Дональд Трамп. Фота: Win McNamee / Getty Images
Трамп сцвярджае, што ўрад прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура прызнаны замежнай тэрарыстычнай арганізацыяй, якую ён абвінавачвае ў наркатрафіку, гандлі людзьмі і іншых злачынствах. Заява прагучала пасля таго, як ЗША нядаўна захапілі венесуэльскі нафтавы танкер каля берагоў краіны, што стала сур’ёзным ударам для дзяржавы, эканоміка якой моцна залежыць ад экспарту нафты.
Акрамя гэтага, ЗША нанеслі ўдары па суднах, якія, паводле іх звестак, займаліся кантрабандай наркотыкаў, і істотна ўзмацнілі сваю вайсковую прысутнасць у рэгіёне. Пры гэтым Трамп не патлумачыў, як менавіта будзе рэалізаваная маштабная блакада.
Паводле незалежных даных, больш за траціна суднаў, якія знаходзіліся ў венесуэльскіх водах або накіроўваліся туды, ужо былі пад санкцыямі ЗША. Пасля захопу танкера Вашынгтон увёў новыя абмежаванні супраць суднаў, звязаных з перавозкай венесуэльскай нафты, а таксама супраць сваякоў Мадура і кампаній, якія, на думку ЗША, падтрымліваюць нелегітымны рэжым.
Трамп таксама заявіў, што Венесуэла акружаная беспрэцэдэнтнай вайскова-марской групоўкай, якая будзе толькі павялічвацца. Ён абвінаваціў улады краіны ў выкарыстанні «скрадзенай» нафты для фінансавання злачыннай дзейнасці, уключаючы наркатэрарызм і гандаль людзьмі.
Раней ЗША афіцыйна прызналі венесуэльскую групоўку «Картэль дэ лос Солес» тэрарыстычнай, што фактычна закранула і самога Мадура, якога лічаць яе лідарам. Каракас у адказ абвінаваціў Вашынгтон у спробе завалодаць венесуэльскімі прыроднымі рэсурсамі.
Напружанасць у Карыбскім моры працягвае расці. ЗША сцягнулі туды тысячы вайскоўцаў, у тым ліку авіяносец USS Gerald Ford. Некаторыя амерыканскія палітыкі, у прыватнасці кангрэсмен Хаакін Кастра, заявілі, што марская блакада з’яўляецца фактычным актам вайны, і Кангрэс мае намер разгледзець пытанне аб спыненні ваенных дзеянняў супраць Венесуэлы.
ЗША на працягу многіх гадоў выступаюць супраць урада Мадура, уводзячы жорсткія санкцыі і ставячы пад сумнеў легітымнасць яго ўлады. Міжнародная супольнасць і венесуэльская апазіцыя неаднаразова абвінавачвалі яго рэжым у парушэнні правоў чалавека і фальсіфікацыі выбараў.
Чытайце таксама:
Лукашэнка ўгаворвае амерыканцаў не бамбіць флот наркамафіі, а дамаўляцца
Лукашэнка прапанаваў сябе ў пасярэднікі між Трампам і Мадура
ЗША неўзабаве пачнуць наземныя ўдары па аб’ектах наркакартэляў у Венесуэле
«Мадура застаўся зусім адзін». Ці прыйдуць на дапамогу Венесуэле яе шматгадовыя саюзнікі?