БЕЛ Ł РУС

Беларусам загадалі больш нараджаць і жыць даўжэй. Але як вырашыць праблемы з дэмаграфіяй?

14.01.2026 / 19:41

Nashaniva.com

На Усебеларускім народным сходзе пастанавілі павялічыць нараджальнасць і сярэднюю працягласць жыцця. Наколькі гэта рэалістычна, «Наша Ніва» абмеркавала з эканамістам Львом Львоўскім.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

Каб павялічыць працягласць жыцця, трэба заняцца мужчынамі

У наступныя пяць гадоў улады паставілі мэту павысіць нараджальнасць з 6,5 да 7 чалавек на тысячу, знізіць смяротнасць і падоўжыць сярэднюю працягласць жыцця да 76,5 года супраць 74,7 года цяпер.

Львоўскі звяртае ўвагу на тое, што важна лічыць паказчыкі чаканай нараджальнасці ў пераліку менавіта на жанчыну, а не на тысячу ці сто тысяч насельніцтва агулам.

«У пераліку на сто тысяч насельніцтва можна лёгка падмануцца праз розныя памеры кагорт. Таму для сацыяльна-эканамічных паказчыкаў важна прапорцыя, колькі дзяцей нараджаецца ў пераліку на жанчыну. І тут у нас пакуль што ўсё дрэнна», — кажа эксперт.

А каб павялічыць сярэднюю працягласць жыцця, трэба заняцца мужчынамі.

«У Беларусі галоўны правал у сярэдняй працягласці жыцця назіраецца менавіта па мужчынах (69,3 года). Па жанчынах паказчыкі ў нас неблагія (79,8 года), цалкам еўрапейскія, а вось мужчыны ў нас у сярэднім паміраюць на 10 гадоў раней.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Заўчасная смяротнасць сярод мужчын пачынаецца гадоў з 40, таму ў гэтым кірунку сапраўды ёсць чым займацца», — кажа Львоўскі.

Першым крокам на гэтым шляху Львоўскі называе збор статыстычных даных.

«Для пачатку трэба пачаць збіраць сапраўдную статыстыку, бо менавіта ў медыцыне і ахове здароўя статыстыка ў нас збіраецца вельмі дрэнна.

Адбываецца шмат фальсіфікацый на розных узроўнях, існуюць так званыя палітызаваныя хваробы, ад якіх нельга паміраць, таму дактарам даводзіцца рабіць пэўныя махінацыі, каб не ўпісваць іх у прычыны смерці», — тлумачыць эксперт.

Па-другое, на думку Львоўскага, нам неабходная прапаганда ў добрым сэнсе гэтага слова і іншыя захады, накіраваныя на тое, каб людзі менш самі наносілі шкоду свайму здароўю і ў прыватнасці менш курылі.

«Таксама трэба змяніць культуру піцця. Па абсалютных лічбах выпітага алкаголю беларусы не рэкардсмены, але па залішняй смяротнасці сярод мужчын — мы рэкардсмены, таму рэч тут не толькі ў агульным аб’ёме ўжытага алкаголю, але, па ўсёй бачнасці, і ў культуры піцця», — лічыць эксперт.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

Сярод метадаў у барацьбе са злоўжываннем алкаголем і курэннем — гэта павышэнне акцызаў і абмежаванні на продаж алкаголю па часе.

«У некаторых краінах яшчэ, напрыклад, робяць так, што павышаюць акцыз на моцны алкаголь, каб людзі пераходзілі з умоўнай гарэлкі на ўмоўнае віно», — дадае Львоўскі.

Далей эксперт адзначае, што ў Беларусі павышаная смяротнасць сярод супрацоўнікаў на шкодных прадпрыемствах.

«Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у нас высокая смяротнасць ад бруднага паветра, хоць з якасцю паветра ў Беларусі праблем няма. Таму, абапіраючыся на гэтыя даныя, мы можам прыйсці да высновы, што гэтае бруднае паветра мужчыны знаходзяць у брудных цэхах», — звяртае ўвагу Львоўскі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Для эканомікі аднолькава важна як стымуляваць нараджальнасць, так і захоўваць жыццё. Калі мы заахвоцім сям’ю нарадзіць яшчэ адно дзіця, то эканоміка атрымае працаздольнага грамадзяніна толькі гадоў праз 18, а калі мы прадухілім раннюю смерць, то мы захаваем ужо працаздольнага чалавека», — тлумачыць эканаміст.

Як павысіць нараджальнасць?

Каб сем'і хацелі заводзіць дзяцей, трэба стварыць адпаведныя ўмовы.

«Калі казаць пра нараджальнасць, то ў эканамічным плане ў дзіцяці ёсць дзве вартасці: грашовая і часавая, бо каб яго выхаваць, трэба з ім праводзіць шмат часу. У Беларусі ўрад звычайна субсідаваў грашовую вартасць дзіцяці. Да 2017 года грашовыя стымулы паказвалі добры эфект, але пазней, яшчэ за некалькі гадоў да 2020-га, усё пайшло на спад», — адзначае эксперт.

На думку Львоўскага, гэта азначае, што ўсё важнейшай становіцца часавая вартасць, калі нараджэнне дзіцяці пачынае ўступаць у канфлікт з кар’ерай.

«Гэты аспект таксама можна субсідаваць і дапамагаць маладым сем’ям і патэнцыйным бацькам. Але ў гэтым напрамку ў Беларусі мала што робіцца.

У нас вялікія праблемы з яслямі. Дзіцячых садкоў фармальна дастаткова, але асабліва ў буйных гарадах яны часта месцяцца не ў новых раёнах, дзе жыве шмат маладых сем’яў, а ў цэнтральнай частцы гарадоў, дабірацца куды займае шмат часу».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

Неабходна знайсці баланс паміж кар'ерай і бацькоўствам

Апроч адкрыцця ясляў і новых садкоў, Львоўскі лічыць важным лібералізаваць гэтую сферу, каб было больш прыватных устаноў.

«Таксама варта пераглядзець працоўнае заканадаўства, каб зрабіць больш гнуткімі ўмовы працоўных дамоў у пытаннях бацькоўства. Напрыклад, каб маладая маці ці бацька маглі палову ці траціну часу працаваць аддалена».

Дэкрэтны адпачынак у тры гады эканаміст лічыць надта працяглым.

«Частка насельніцтва радая таму, што ім даюць магчымасць так доўга сядзець у дэкрэце, але частка можа нават адмовіцца ад таго, каб нарадзіць, бо жанчына не гатовая на тры гады выйсці з кар’еры. І тут мы зноў сутыкаемся з праблемай з яслямі, калі няма куды адправіць двухгадовае дзіця.

Іншымі словамі, нам трэба аслабіць канфлікт паміж бацькоўствам і кар’ерай, а для гэтага патрэбны сапраўды комплексны падыход», — лічыць Львоўскі.

Эміграцыя можа абнуліць рост нараджальнасці

Не менш важным пытаннем у беларускіх рэаліях з’яўляецца міграцыя. Бо не важна, якая будзе нараджальнасць, калі людзі, якія дасягнулі працаздольнага ўзросту, будуць з’язджаць з краіны.

«Нам трэба спыніць эміграцыю і пачынаць прывабліваць імігрантаў. У Беларусі ўсё дрэнна ў абодвух аспектах.

Каб спыніць эміграцыю, трэба стабілізаваць сітуацыю і спыніць рэпрэсіі. Але тут трэба разумець, што рэпрэсіі дзейнічаюць не толькі непасрэдна ў тым выпадку, калі з краіны з’язджае чалавек, якому нешта пагражае. Часам людзі з’язджаюць і тады, калі прыйшлі да суседа.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

Ёсць і больш складаныя працэсы. Напрыклад, у нас з 2020 года звольнілі ледзь не чвэрць усіх выкладчыкаў у ВНУ. У выніку знізілася якасць адукацыі, што можа прывесці да сітуацыі, калі нават непалітызаваная сям’я захоча, каб іх дзіця паступіла за мяжу, бо ў Беларусі яно, напрыклад, не атрымае якасную эканамічную ці гістарычную адукацыю.

Бо ўсе, хто нешта разумеў у эканоміцы, даўно звольнены, і замест іх засталіся прапагандысты, якія замест падручнікаў чытаюць выступы Лукашэнкі», — кажа Львоўскі і дадае, што адукацыя стала вельмі палітызаванай.

І падобныя ўскосныя чыннікі назіраюцца не толькі ў галіне адукацыі, але і, напрыклад, у медыцыне, калі праблему з недахопам медыкаў вырашаюць пераважна метадам пугі.

Напрыклад, павялічваюць долю месцаў для мэтавікоў, каб закрыць праблему на час адпрацоўкі, але тым самым адбіваючы жаданне паступаць у іншых.

«Метад пугі заўжды працаваў не вельмі эфектыўна нават у часы СССР ва ўмовах закрытых межаў, а калі межы адкрытыя, то метад пугі кагосьці прымусіць застацца і працаваць, а іншых падштурхне да таго, каб з’ехаць з краіны.

У выніку праз усеабдымныя рэпрэсіі падае агульны ўзровень жыцця, што падштурхоўвае да эміграцыі ў тым ліку непалітызаваную частку грамадства», — адзначае Львоўскі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула