БЕЛ Ł РУС

«Ключавое правіла — не геройстваваць». Беларуска маржуе на польскай Балтыцы, каб справіцца з дэпрэсіяй

9.01.2026 / 17:40

Nashaniva.com

У Балтыйскае мора Марыя заходзіць спакойным крокам. Калі вада дасягае грудзей, яна робіць удых і занураецца. Польская Балтыка і летам многім здаецца занадта халоднай і капрызнай, але дзяўчыну яна не палохае нават зімой. Больш за тое, беларуска запэўнівае: менавіта маржаванне дапамагае ёй даваць рады СДУГ, дэпрэсіяй і іншымі праблемамі са здароўем. Пра сваё захапленне яна расказала Most.

Марыя. Фота з яе архіва

«Ніколі не адчувала сябе настолькі дома, як тут»

Марыя апынулася ў Польшчы не па сваёй волі. На экстранны ад'езд яна наважылася пасля выклікаў у КДБ: сілавікі зацікавіліся ёй з-за яе актыўнай валанцёрскай дзейнасці ў Баранавічах.

Некалькі месяцаў Марыя правяла ў лагеры для ўцекачоў, а потым апынулася ў Сопаце. Прызнаецца, што жыць каля мора было яе даўняй марай, але яна ніколі не думала, што гэта будзе халодная Балтыка.

Цяпер дзяўчына кажа, што нават у родным горадзе ў яе не было такога адчування спакою, якое дорыць шум прыбою.

«Я ніколі не адчувала сябе настолькі дома, як тут», — прызнаецца Марыя.

Марыі афіцыйна паставілі дыягназ СДУГ — сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Таксама яна змагаецца з наступствамі клінічнай дэпрэсіі.

Вывучаючы інфармацыю пра свой стан, яна знайшла даследаванне, якое паказала, што знаходжанне ў халоднай вадзе на 200% павышае ўзровень дафаміну — гармону, які ўдзельнічае ў многіх працэсах у арганізме, у тым ліку які ўплывае на памяць, канцэнтрацыю ўвагі, настрой.

Калі ўзровень эмоцый «ніжэйшы за плінтус», ледзяная вада дае вострыя адчуванні, якія вяртаюць адчуванне жыцця, запэўнівае Марыя.

Марыя. Фота з яе архіва

Дзяўчына кажа, што рэгулярная загартоўка дапамагла справіцца і з іншымі праблемамі. Напрыклад, з рэактыўным артрытам, які ўзнік пасля перанесенай цяжкай пнеўманіі, — калені моцна апухалі і балелі. Цяпер Марыя цалкам пазбавілася ад болю. Зніклі і хранічныя праблемы з локцевым суставам — так званая рука тэнісіста, — якія раней турбавалі па начах. Беларуска кажа, што ў апошнія два гады практычна перастала хварэць на прастудныя захворванні.

Пяць хвілін на досвітку

Марыя аддае перавагу індывідуальным акунанням, пазбягаючы вялікіх груп. Яе ідэальны час — світанак, калі на пляжы бязлюдна і можна застацца адзін на адзін з прыродай. Само занурэнне доўжыцца ў сярэднім 5 хвілін.

Марыя заходзіць у ваду спакойным крокам, а калі вада дасягае грудзей, то робіць удых і занураецца. Яна звяртае ўвагу: знаходзіцца ў вадзе даўжэй за 7‑10 хвілін не варта — гэта можа выклікаць моцны галаўны боль.

Марыя. Фота з яе архіва

У яе «наборы маржа» — усё неабходнае для бяспечнага і камфортнага апускання ў халодную ваду. У першую чаргу гэта неапрэнавыя шкарпэткі і пальчаткі: менавіта кісці і ступні замярзаюць хутчэй за ўсё, паколькі ў іх амаль адсутнічае тлушчавая праслойка.

Абавязковыя элементы экіпіроўкі — шапка або павязка. Галаву не рэкамендуецца мачыць, каб знізіць рызыку сасудзістых спазмаў.

Марыя. Фота з яе архіва

Акрамя таго, Марыя выкарыстоўвае рыштунак для хуткага пераапранання: ручнік-понча, кілімок пад ногі і цёплы камбінезон, які можна надзець літаральна адным рухам адразу пасля выхаду з вады.

«Ключавое правіла — прыслухоўвацца да ўласных адчуванняў і не спрабаваць геройстваваць», — тлумачыць яна.

Марыя. Фота з яе архіва

Пачаць летам, адмовіцца ад алкаголю

Тым, хто толькі задумваецца пра халодныя купанні, яна раіць пачынаць яшчэ летам і не спыняць плаваць з прыходам восені — так арганізм паспявае паступова адаптавацца да зніжэння тэмпературы вады.

Для першых заплываў яна раіць выбіраць зацішнае надвор'е, каб выхад з вады не стаў дадатковым стрэсам для арганізма.

Асобную ўвагу варта надаць абароне галавы: пачаткоўцам не рэкамендуецца занурацца з галавой у ледзяную ваду.

Ад алкаголю перад акунаннем Марыя рэкамендуе адмовіцца цалкам: спіртное можа справакаваць сасудзісты спазм і павысіць рызыкі, таму куды бяспечней узяць з сабой тэрмас з гарачай гарбатай.

Чытайце таксама:

Маржаванне: што трэба ведаць перад тым, як на гэта адважыцца 

«Пакуль не іду ў «Жабку». Але цяжка рабіць настолькі мала». Як жывецца мужам айцішніц у эміграцыі

Зорка «Белсата» Валер Руселік расказаў, чым рыба ў Польшчы адрозніваецца ад беларускай

«Ён падышоў і спытаў: «Ты галодная, хочаш есці?» Беларуская пенсіянерка расказала, як знайшла шчасце ў вымушанай эміграцыі

Каментары да артыкула