Грамадства99

«Ён падышоў і спытаў: «Ты галодная, хочаш есці?» Беларуская пенсіянерка расказала, як знайшла шчасце ў вымушанай эміграцыі

Гэтая гісторыя пачалася па цяперашніх часах, на жаль, звыкла: звальненне, ператрус, пераслед, уцёкі за мяжу, поўны адчай. Але працягнулася яна сапраўды як у кіно, расказвае «Салідарнасць».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: vecteezy.com

— У вядомым фільме гучала, што пасля 40 жыццё толькі пачынаецца. А я цяпер ведаю, што і пасля 60 можна пачаць жыць у сваё задавальненне, — усміхаецца Ганна (імя зменена ў мэтах бяспекі — С.).

«Я яшчэ не паспела пахаваць мамін прах, як да мяне дашлі з ператрусам»

— У Беларусі ў мяне была любімая праца ў сферы культуры, якой я аддала некалькі дзясяткаў гадоў. Працягвала працаваць і на пенсіі, — кажа суразмоўніца. — У 2021 годзе аднойчы даведалася, што ўнесена ў спісы на звальненне.

Вядома, я разумела, чаму апынулася ў тых спісах, як і іншыя мае калегі. Мы ўсе бралі ўдзел у падзеях 2020 года. Толькі я яшчэ была і незалежным назіральнікам.

І я вырашыла апярэдзіць адміністрацыю, не даць сябе звольніць, і сама напісала заяву. У прычыне ўказала, што не магу працаваць у такіх умовах. Так страціла сваю працу.

Мая дачка раней пераехала ў Польшчу, але з'ехаць да яе я не магла, у мяне заставалася мама. Я не збіралася яе кідаць. На жаль, у пачатку 2022 года мама захварэла на кавід і памерла.

А літаральна праз тыдзень я вымушана была ўцякаць з краіны. Толькі прайшло пахаванне, яшчэ не паспела пахаваць мамін прах, як да мяне прыйшлі з ператрусам.

Іх было чатыры амбалы — у балаклавах і з аўтаматамі. Яны прыйшлі да самотнай 62-гадовай жанчыны, забралі ўсю тэхніку і сказалі: добра, пахавай маму.

Мне далі зразумець, што неўзабаве вернуцца. Але сама я нават пасля гэтага не вырашылася б з'ехаць, была ў вельмі прыгнечаным стане.

Усё вырашылі мае сябры. Яны сказалі, што турмы я не вытрымаю, купілі мне білеты ў Грузію, дапамаглі сабраць рэчы і адвезлі ў аэрапорт.

Памятаю, як мы баяліся, што мяне затрымаюць проста там. Чалавек, які мяне праводзіў, сказаў, што з'едзе толькі пасля таго, як я дашлю яму сэлфі з самалёта.

Я прыляцела ў Грузію і стала прасіць гуманітарную візу ў польскай амбасадзе. Ніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць, што ў адносінах да мяне прымяняліся рэпрэсіі, у мяне не было.

Калі пасля ператрусу я спытала, ці ёсць пратакол, на падставе якога ў мяне ўсё забралі, яны адказалі, што могуць мяне па яго адвезці. Канешне, я адмовілася з імі ехаць. Такім чынам у мяне з сабой аказаліся толькі некалькі лістоў са скаргамі, якія я пісала як назіральнік у 2020 годзе.

Але гэтага не хапіла, і ў візе мне адмовілі. Я жыла ў зусім чужых людзей, сяброў у гэтай краіне ў мяне не было, да таго ж захварэла на кавід.

У поўнай роспачы я напісала ліст консулу і ў ім апісала сваю сітуацыю. Гэта быў крык аб дапамозе, аб тым, што ў Польшчы жыве мой адзіны родны чалавек і што вярнуцца ў Беларусь я не магу. Праз некалькі дзён мне далі візу.

«У нейкі момант вырашыла вярнуцца ў Мінск, думала, у турму дык у турму, затое буду дома»

— Я прыляцела ў Польшчу, зняла пакой. Спыніцца ў дачкі не магла, у яе няма сваёй жылплошчы. 

Разумела, што доўга там не вытрымаю. І справа была не толькі ў грошах, хоць і яны заканчваліся. У мяне заставалася зусім невялікая сума з сабранага ў дарогу і картка з беларускай пенсіяй у 360 рублёў.

Але мне і псіхалагічна было вельмі цяжка, накрывала дэпрэсія. Я не бачыла свайго месца ў Польшчы, не разумела мовы. Не шукала працы, бо фізічнай працай займацца ўжо не магла.

У нейкі момант нават вырашыла больш не змагацца з абставінамі і вярнуцца ў Мінск. Думала, у турму дык у турму, затое буду дома.

Усе сваякі і сябры ў Беларусі мяне катэгарычна адгаворвалі. Дачка абяцала, што не кіне, што я абавязкова палюблю гэтую краіну.

Так мы і вырашылі: калі жорстка эканоміць, то я змагу пераехаць у яшчэ меншы пакойчык, дзе буду толькі начаваць, і нейкі час яшчэ пражывем, а там паглядзім.

Прыкладна з такімі думкамі я гуляла па горадзе кожны дзень, спрабуючы неяк развеяцца. Было лета, я зайшла ў парк, села на лаўку і чытала кніжку ў тэлефоне.

Насупраць сядзеў мужчына. Але ці мала ў парку розных людзей? Я звярнула на яго ўвагу, калі ён закурыў цыгарэту. Мне таксама захацелася курыць.

Мы курылі і ўсміхаліся адзін аднаму. А потым ён падышоў да мяне, спачатку паспрабаваў загаварыць па-польску, але, убачыўшы маю рэакцыю, спытаў па-руску: «Ты галодная, хочаш есці?» Такое нетыповае для знаёмства пытанне. Я сказала, хачу, і мы пайшлі ў KFC.

Так я пазнаёмілася з Яракам. Мы пачалі гуляць разам, ён паказваў мне Варшаву, расказваў шмат цікавага.

Запрасіў да сябе дадому, я ўбачыла… шэсць катоў і проста растала! Я кашатніца, але ў мяне ніколі больш за аднаго ката не было.

Тут і далей фота: з архіва гераіні

Тым часам мае зберажэнні практычна скончыліся, і я стала шукаць сабе тое самае месца, дзе магла б начаваць. Ярак даведаўся і проста сказаў: «Пераязджай да мяне».

— Колькі вы былі знаёмыя да таго моманту?

— Зусім нядоўга, можа, пару месяцаў. Я перапытала некалькі разоў: «Ці добра ты падумаў, таму што калі ты мяне потым выганіш, мне ісці няма куды».

— Там не было чаго нават думаць, — з лёгкім акцэнтам упэўнена паўтарыў свой адказ Ярак, які да гэтага ўважліва слухаў добра знаёмую гісторыю Ганны.

— Так мы і сышліся, — падсумавала яна. — Цяпер нам абодвум па 66 гадоў. Мы абодва самотныя, абодва кашатнікі, абодва не балбатуны, можам сядзець маўчаць гадзінамі – і нам добра. А можам расказваць усё запар — і нам цікава.

— Колькі вы ўжо разам?

— Хутка будзе тры гады. Ярак вельмі падобны да майго нябожчыка мужа, мне з ім таксама цёпла і спакойна, ён ахутвае мяне такім жа клопатам.

Нядаўна мы якраз успаміналі, што ні разу не тое што не пасварыліся, а нават не адчулі ніякага холаду.

— А як жа кажуць, што з узростам сыходзіцца складаней, таму што ў людзей ужо столькі сваіх звычак, ад якіх яны не могуць адмовіцца?

— А ў нас нават шкодныя звычкі супалі (смяецца). Мы абодва курым, але амаль не п'ем спіртнога.

«Адносіны мы не афармлялі, планаў не будуем, марым быць разам»

— Вы ўсё ж вырашылі вучыцца і, здаецца, знайшлі сабе кучу заняткаў?

— Ярак выдатна гаворыць па-руску і ўсё разумее. Але я вырашыла вывучыць польскую. Да моманту нашага знаёмства ведала толькі «dzień dobry, przepraszam, do widzenia» (з польск. — Добры дзень, прашу прабачэння, да пабачэння).

Цяпер хаджу на курсы, мы стараемся размаўляць адзін з адным па-польску. Да таго ж каты разумеюць толькі гэтую мову (смяецца). Я гляджу фільмы на польскай, Ярак мне купляе аўдыёкніжкі.

Першая кніга, якую я праслухала на польскай мове, была «Майстар і Маргарыта», потым пачала слухаць «Гары Потэра». Чытаць таксама спрабую. Апошні свой тэст на ўзровень В1 я напісала з вынікам 95%.

Ярак водзіць мяне па польскіх тэатрах, а я яго — па беларускіх. Ён усё разумее і яму падабаецца. Любім выставы, канцэрты. Лёталі да маіх сяброў у Літву і да сяброў Ярака ў Нямеччыну.

Усе вандроўкі арганізуе ён. Плавалі на параходзе па Мазурскіх азёрах, там прырода вельмі прыгожая, гэта было незабыўна: лебедзі, шмат іншых птушак, заліўныя лугі, і раптам проста перад носам карабля нехта хутка пераплыў на другі бераг. Мы думалі, выдра, а яна выйшла, абтрэслася — аказалася вавёрка, уяўляеце! Першы раз бачыла, як плавае вавёрка.

— Выбачыце за нерамантычнае пытанне, але атрымліваецца, што вы цалкам трапілі ў залежнасць ад мужчыны, у першую чаргу, матэрыяльную. Кагосьці з вас гэта бянтэжыць?

— Я не адчуваю залежнасці. Ярак умее так рабіць, што я не адчуваю сябе залежнай. У мяне па-ранейшаму застаецца мой маленькі прыбытак. Я аплачваю сабе моўныя курсы і яшчэ нейкія дробязі.

Аб даходах Ярэка я нічога не ведаю і ніколі нават не спрабавала даведацца. Ён таксама пенсіянер, апошнія 15 год да выхаду на пенсію працаваў на мытні.

Пасля 65 гадоў мы абодва аформілі сабе карты для бясплатнага праезду ў гарадскім і прыгарадным транспарце. Такія карты каштуюць 50 злотых у год (12 еўра).

У цягніках далёкага кірунку ў нас зніжка 30%, у басейне зніжка 50%, вялікія зніжкі ў музеях. Я ведаю, што пенсіянерам і многія лекі выдаюць бясплатна, але, на шчасце, на практыцы мы гэтага не правяралі.

На Вялікдзень і Каляды працоўны прафсаюз Ярака аплачвае яму падарунак на 50-70 долараў. Ён сам выбірае, а яны набываюць.

Мне ён дапамагае з афармленнем усіх дакументаў, запаўняе ўсе анкеты, а потым проста бярэ за руку і вядзе куды трэба. Калі скончыўся мой беларускі пашпарт, Ярэк дапамог атрымаць Карту побыту і зрабіць дарожны пашпарт, каб мы маглі падарожнічаць.

Там было столькі папер, сама б я з гэтым дакладна не справілася.

Наогул, калі папраўдзе, я баюся казаць, што мне нешта падабаецца, нечага хочацца, таму што яно неўзабаве з'яўляецца ў нас.

Напрыклад, нядаўна я пайшла на хор, Ярак тут жа купіў мне клавішы, каб мне было лягчэй развучваць партыі.

— Але вы не толькі хорам займаецеся?

— Тут шмат беларускіх творчых суполак. Яшчэ займаюся тэатрам, вельмі яго люблю. Атрымліваецца, у мяне ёсць творчасць, Ярак і каты — пра што яшчэ можна марыць? Жыццё набыла сэнс.

Адносіны мы не афармлялі, планаў не будуем, марым быць разам. Проста разам столькі, колькі нам адмерана.

Ведаеце, раней я глядзела на ўзроставыя парачкі і думала, якімі павінны быць адносіны, каб людзі ў такім узросце хадзілі, трымаючыся за рукі, як падлеткі? Тут такіх пар шмат.

Цяпер мы з Яракам таксама ходзім, трымаючыся за рукі, і я разумею, што гэта значыць. У першую чаргу, гэта праява клопату адзін пра аднаго.

— Ці думалі вы тры гады таму, калі хадзілі па горадзе, марачы зняць пакойчык, што будзеце жыць у цэнтры Варшавы з выдатным мужчынам?

— Вядома, не думала. Некалі ў мяне была добрая сям'я, муж памёр, і я не збіралася выходзіць замуж другі раз. Дачка неяк хацела мяне зарэгістраваць на сайце знаёмстваў, але мы гэта адклалі.

Я заўсёды верыла ў Бога, верыла ў тое, што, калі зачыняюцца адны дзверы, абавязкова недзе адчыняюцца іншыя.

У мяне бывае настальгія па хаце, па Беларусі. Усё ж там усё маё жыццё прайшло. Але я разумею, якім бы зараз было маё жыццё за пенсію 360 рублёў. 

Я ж камунікую са знаёмымі, у большасці мэта дажыць да наступнай пенсіі. Стэлефаноўваюся з былымі калегамі, кажуць, што страшна стала мець зносіны ў калектыве нават з сябрамі, усе баяцца даносу, таму што звальненні працягваюцца.

— А Польшчу вы змаглі палюбіць, знайшлі тут сваё месца?

— Я знайшла тут Ярака. Мы абое любім уражанні і разумеем, што гэта самае каштоўнае.

Цешымся, што мы пенсіянеры і раніцай можна спаць, колькі хочаш, і нікуды не спяшацца. Неяк ён зрабіў мне сюрпрыз, проста раніцай кажа: «Запрашаю цябе на śniadanie (з польск. — сняданак)». І павёз мяне кудысьці. А прыехалі мы снедаць у катакафэ.

І ў гэтым ён увесь — увесь час шукае, як мяне здзівіць.

— Ярак, чым вам спадабалася Ганна?

— Яна спакойная. І прыгожая, вядома.

Каментары9

  • Чаркашкварка
    11.03.2025
    Малайчына, збяжала з расейскага фашысцкага канцлагера.
  • Клас
    11.03.2025
    Вельмі мілая, класная гісторыя! Шчасця і здароўя ім абодвум! І катам таксама!
  • Al
    11.03.2025
    Не разумею, як можна не ведаць польскай мовы, гаворачы па- беларуску?

Цяпер чытаюць

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль1

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Усе навіны →
Усе навіны

Санаторыі хочуць, каб беларусы плацілі столькі ж, колькі расіяне. Наколькі можа падаражэць адпачынак?5

«Часам хочацца напіцца, каб галава круцілася». Турчын прынёс Лукашэнку на нараду бляшанку снюсу11

Стась Карпаў: Я заўважыў тры Марыі29

У Віцебску паказалі, як адбудуюць згарэлы год таму гандлёвы цэнтр «Беларусь» ФОТЫ1

Пад Мінскам ёсць таямнічае месцейка, дзе можна паўнавартасна паабедаць за 5—10 рублёў8

Лаўроў назваў замах на генерала Аляксеева спробай сарваць перамовы4

«На 15 хвілін выключылі святло — божа мой, з Украінай параўналі». Лукашэнка патлумачыў, колькі эканоміць на вулічным асвятленні47

У «Мінск-Свеце» прадаецца двухузроўневы пентхаўс з цудоўным відам на горад4

«Архітэктурнае асвятленне і бетон». Новыя станцыі метро не будуць падобныя на папярэднія

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль1

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць