Кронпрынц Ірана паабяцаў прызнаць Ізраіль і спыніць ядзерную праграму
Сын апошняга шаха Ірана Рэза Пехлеві агучыў стратэгію рэформаў у краіне ў выпадку падзення рэжыму аятол.
Рэза Пехлеві на фоне былога сцяга Ірана
Ён заявіў, што яго план уключае адмову ад ядзернай праграмы, прызнанне Ізраіля і поўнае адкрыццё іранскай эканомікі для свету.
Са слоў сына апошняга шаха Ірана, вайсковая ядзерная праграма Ірана будзе спыненая. Іран выступіць як сяброўская і стабілізацыйная сіла ў рэгіёне, а таксама стане партнёрам у забеспячэнні глабальнай бяспекі.
«Падтрымка тэрарыстычных груп неадкладна спыніцца. Свабодны Іран будзе супрацоўнічаць з рэгіянальнымі і глабальнымі партнёрамі ў барацьбе з тэрарызмам, арганізаванай злачыннасцю, наркатрафікам і экстрэмісцкім ісламізмам», — заявіў ён.
Акрамя ядзернага пытання, Пехлеві абяцае радыкальны паварот у знешняй палітыцы. У дыпламатыі адносіны са Злучанымі Штатамі будуць нармалізаваныя.
Яго план прадугледжвае афіцыйнае прызнанне дзяржавы Ізраіль, Іран будзе імкнуцца пашырыць «Пагадненне Абрагама».
Таксама ён абяцае поўнае спыненне фінансавання тэрарызму.
Пехлеві падкрэсліў, што велізарныя прыродныя рэсурсы Ірана павінны працаваць на глабальную бяспеку.
«У энергетыцы Іран валодае аднымі з найбуйнейшых запасаў нафты і газу ў свеце. Вольны Іран стане надзейным пастаўшчыком энергарэсурсаў для вольнага свету. Фармаванне палітыкі будзе празрыстым. Дзеянні Ірана будуць адказнымі. Цэны — прадказальнымі», — дадаў Пехлеві.
Што тычыцца празрыстасці і кіравання, Іран будзе прытрымлівацца міжнародных стандартаў і забяспечваць іх выкананне. Будзе пакладзены канец адмыванню грошай, а арганізаваную карупцыю выкараняць. Дзяржаўныя ўстановы стануць падсправаздачнымі народу.
Акрамя таго, Пехлеві лічыць, што адукаванае насельніцтва і магутная дыяспара стануць рухавікамі хуткага росту.
«У эканоміцы Іран — адзін з апошніх буйных нявыкарыстаных рынкаў свету. Нашы людзі адукаваныя, сучасныя, а дыяспара злучае іх са ўсім светам. Дэмакратычны Іран адкрые сваю эканоміку для гандлю, інвестыцый і інавацый. Іран будзе імкнуцца інвеставаць у мір», — падкрэсліў Пехлеві.
Ён падсумаваў, што яго план — «гэта не проста мара, а канкрэтны шлях да стабільнасці, які карысны не толькі іранцам, але і ўсёй сусветнай супольнасці».
«Падзенне Ісламскай Рэспублікі і ўстанаўленне свецкага, дэмакратычнага ўрада ў Іране не толькі верне годнасць майму народу, але і прынясе карысць рэгіёну і ўсяму свету. Вольны Іран стане сілай, якая будзе садзейнічаць міру, дабрабыту і партнёрству», — дадаў Пехлеві.
Чытайце таксама:
«Новы этап паўстання»: кронпрынц Ірана заклікаў захопліваць дзяржаўныя ўстановы і пасольствы
Сын апошняга шаха. Хто такі Рэза Пехлеві, чые імя выкрыкваюць паўстанцы іранцы
«Яны проста працягвалі забіваць». Што відавочцы кажуць пра крывавае падаўленне пратэстаў у Іране