Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?
«А лайкніце мой камент? Лайкаў ад прэзідэнткі ў мяне яшчэ не было».
Святлана Ціханоўская чытае каментары пад сваім першым пастом у Threads. Фота: prezident.sveta / Threads
«Па дарозе ў Давос. Завяла Threads. Я тут новая, але чула, што тут шмат цудоўных беларусаў. На каго параіце падпісацца?» —
такі дэбютны допіс у новай сацсетцы пакінула лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская.
Суайчыннікі, якія цяпер знаходзяцца за мяжой, пачалі актыўна прапаноўваць свае паслугі і рэкламаваць бізнэс.
«На беларускія сыркі ў Польшчы, канечне».
«Калі раптам спатрэбіцца візажыстка, то я тут».
«Параю падпісацца на нас! А калі вам спатрэбіцца мэбля ў Польшчы — вы дакладна не пашкадуеце».
«Калі патрэбны будуць акадэмічныя спевакі ды спявачкі ў Варшаве для новых мерапрыемстваў — мы заўсёды гатовыя».
«Падпісвайцеся на мяне. І калі вырашыце пайсці на трэніроўкі, адразу будзеце ведаць, да каго».
«Працую лекарам-стаматолагам у Варшаве разам з татам. Дынастыя лекараў ад прабабулі, дапамагаем нават у самых складаных выпадках».
На некаторыя рэплікі Ціханоўская адказвала
«Можаце падпісацца на мяне. Я пішу тут па-беларуску штодня, пашыраю прастору беларускай мовы з дапамогаю Threads. Для мяне Беларусь і беларуская мова перад усім!» — прапанаваў адзін з падпісчыкаў.
«Які вы малайчынка», — выказала сваё захапленне Святлана.
«На мяне — кандытара ў Варшаве і сэрцам у родным Гомелі», — напісала беларуска, далучыўшы фота сваіх вырабаў.
«Мастацкая творчасць», — ацаніла працу палітык.
«Добры дзень, зраблю для вас смачны тырамісу ў Варшаве з сіцылійскімі мандарынкамі», — паабяцаў яшчэ адзін майстар.
«Раскоша», — адказала яму Святлана.
На запрашэнне: «На мяне, канечне! Я генеалог і шукаю продкаў беларусам і беларускам», — яна коратка адрэагавала: «Як цікава».
«Я дапамагаю паступаць у ВНУ па ўсім свеце на англамоўныя праграмы. Карысны кантакт на выпадак думак: «Кім я хачу стаць, калі вырасту», і для дзяцей, і для дарослых», — падзялілася чарговая карыстальніца.
«Ваў! Беларусы, захоўвайце кантакт! Карысна», — параіла Ціханоўская.
Беларусы пакінулі таксама даволі мілыя і незвычайныя каментары
«Вітанкі! А паглядзіце маё кацянятка», — прапанаваў нехта і размясціў здымак гадаванца.
«Ну прыгажун(я)», — расчулілася Ціханоўская.
«На мяне;) Чаму? Бо Вы мне сёння прысніліся))) Я хацела з Вамі сэлфі зрабіць, а Вы мне адмовілі. Я лічу, што Вы цяпер павінны мне сэлфі ў рэальнасці))) Каб рэабілітавацца за тую Святлану з майго сну».
«Спадзяюся, пабачымся і ў мяне будзе магчымасць рэабілітавацца, а то аж няёмка стала)», — пажартавала Святлана ў адказ.
«Тут хораша, спадарыня прэзідэнтка) А лайкніце мой камент?) Лайкаў ад прэзідэнткі ў мяне яшчэ не было))», — папрасіў падпісчык. Ціханоўская просьбу задаволіла.
Людзі ахвотна давалі парады па вядзенні блога:
«Дзякуй, што ідзяце наўпрост да людзей! Тут шмат карыстальнікаў непасрэдна з Беларусі, нам у эміграцыі цікава і карысна бачыць, што сапраўды адбываецца дома. Але і ботаў цяпер тут стала шмат. Не саромейцеся іх баніць — не варта даваць ім трыбуну».
«Галоўнае пішыце самі, а не праз Франака Вячорку. Ён і са сваёй старонкай добра спраўляецца», — гучала ў каментарах.
«Тут галоўнае не глядзець тое, што не падабаецца, а то сістэма будзе падказваць падобнае. Ну і блакаваць ботаў і троляў:)» — параіў яшчэ адзін карыстальнік.
«Здаецца, тут амаль усе беларусы сабраліся, то стоадсоткава будзе падабацца!» — адгукнулася Святлана.
«Вітаем, Святлана Георгіеўна! Гэтая сацсетка ўжо напалову беларуская, таму запрашаем, тут даволі ўтульна», — напісаў адзін з карыстальнікаў.
«Ура, нарэшце твітар можна канчаткова выдаліць!» — узрадавалася адна з беларусак.
«Неее, будзем і тут, і там!» — запэўніла Святлана.
Зразумела, не абышлося без вострых пытанняў і просьбаў аб дапамозе
«Мой беларускі пашпарт скончыўся ўжо два гады таму. Карыстаюся польскімі праязнымі дакументамі, але гэта зусім не тое… Ці будуць усё ж гатовыя для беларусаў у эміграцыі пашпарты, каб мы маглі спакойна падарожнічаць і адчуваць сябе людзьмі? Бо нават самі палякі гэты праязны дакумент успрымаюць як нешта незразумелае, плюс кожны год яго трэба перарабляць…»
«Што рабіць тым, у каго сёлета заканчваецца беларускі пашпарт?» — пыталіся ў каментарах.
«Мой тата — палітвязень Яўген Тадэвушавіч Бужынскі. (…) Нядаўна яму споўнілася 60, у яго ўжо шмат хвароб. Калі ласка, дапамажыце яго вызваліць!» — звярнулася да палітыка дачка зняволенага.
Былі і пытанні кшталту «Дранікі з мукой ці без?». «Не-не. Я памятаю, што было пасля гэтага пытання ў твітары», — заўважыла Ціханоўская.
«Гарбата ці кава?!!!» На што Святлана паведаміла: «Абляпіхавая гарбата».
«Працягніце фразу: беларусы не кажуць… беларусы кажуць… (замест кропак уставіць свой варыянт)», — прапанаваў чарговы карыстальнік.
«Беларусы не кажуць «blue Monday», беларусы кажуць «усеагульная млявасць і абыякавасць да жыцця», — адказала яна.
Вядома, не абышлося і без негатыву
«А ты прэзідэнт якой рэспублікі? Не бачыў нешта цябе ў Мінску. Тут без цябе нармальна, без вайны і ТЦК, а каб ты атрымала ўладу, то рана ці позна паўтарылася б як там», — такога кшталту каментары пакідалі апаненты.
Пакуль у акаўнце Святланы Ціханоўскай, акрамя прывітальнага допісу, з’явіліся яшчэ два. На адным з іх палітык апублікавала фота, дзе зафіксавана, як яна засяроджана вывучае адказы і парады беларусаў пад сваім першым пастом.
Фота: prezident.sveta / Threads
Іншы пост прысвечаны рабочым будням на саміце ў Давосе: Святлана паказала здымак свайго перакусу, суправадзіўшы яго іранічным подпісам: «мішленаўскае «хутка-смачна».