Еўрасаюз збіраецца ўвесці санкцыі супраць Кыргызстана за дапамогу Расіі
Еўрапейскі саюз разглядае магчымасць упершыню ўвесці санкцыі супраць Кыргызстана за садзейнічанне Расіі ў абыходзе абмежаванняў. Паводле звестак Bloomberg, гэтыя меры абмяркоўваюцца ў межах падрыхтоўкі 20‑га пакета санкцый, звязаных з вайной ва Украіне.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: André Ballin/picture alliance via Getty Images
Крыніцы агенцтва паведамляюць, што ў дачыненні да Кыргызстана могуць ужыць спецыяльны механізм пакарання за абыход санкцый. У прыватнасці, плануецца забараніць пастаўкі ў краіну станкоў і радыёэлектроннага абсталявання.
Пасля пачатку вайны Кыргызстан ператварыўся ў важны гандлёвы вузел, праз які ў Расію траплялі еўрапейскія тавары, што падпадаюць пад санкцыі. Аналітыкі Brookings Institution адзначаюць рэзкі рост экспарту з краін ЕС у Кыргызстан: пастаўкі з Эстоніі павялічыліся ў дзясяткі разоў, з Фінляндыі, Польшчы, Грэцыі і іншых дзяржаў — на тысячы працэнтаў. У выніку значная частка гэтага экспарту фактычна аказвалася на расійскім рынку.
Акрамя таго, ў Кыргызстане пачала працаваць крыптабіржа Grinex, дзе выкарыстоўваецца толькі стэйблкойн A7A5, прывязаны да расійскага рубля. Гэты інструмент, запушчаны з удзелам расійскага абароннага банка і бізнэсменаў, стаў сродкам міжнародных разлікаў ва ўмовах санкцый. Да пачатку 2026 года аб’ём аперацый з ім дасягнуў каля 100 мільярдаў даляраў.
У новым санкцыйным пакеце ЕС таксама разглядае дадатковыя абмежаванні супраць расійскіх банкаў, нафтавых кампаній, крыптасэрвісаў і фінансавых структур у трэціх краінах, якія дапамагаюць абыходзіць ужо наяўныя санкцыі.
Акрамя гэтага, у Бруселі абмяркоўваецца ідэя поўнай забароны марскіх перавозак расійскай нафты. Такая мера павінна замяніць дзейны механізм «столі цэн», які дазваляе транспартаванне і страхаванне нафты з Расіі пры ўмове, што яе кошт ніжэйшы за ўсталяваны ўзровень. З лютага гэты ліміт павінен складаць крыху больш за 44 даляры за бараль.
Чытайце таксама:
Як «Інтэграл» абыходзіць санкцыі і дапамагае Расіі ў вайне
Белы дом аб'явіў пра ўвядзенне самых маштабных санкцый супраць расійскага энергетычнага сектара
Падсанкцыйныя аўто і грузавікі ўсё адно трапляюць у Беларусь і Расію, але ёсць нятанны нюанс
«Гродна Азот» прыдумала, як пастаўляць карбамід на рынкі Чэхіі і Польшчы ў абыход санкцый