Для паскарэння будаўніцтва метро ў Мінску закупілі другую «Алесю»
Будаўніцтва новых станцый мінскага метро плануюць істотна паскорыць дзякуючы з’яўленню другога тунэлепраходчага механізаванага комплексу. Пытанні тэмпаў будаўніцтва метро і праектавання чацвёртай лініі абмяркоўваліся 4 лютага на нарадзе ў старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media
У чэрвені 2025 года для будаўніцтва трох станцый Зялёналужскай лініі — «Камароўская», «Пярэспа» і «Парк Дружбы народаў» — пачаў працу комплекс «Алеся», які здольны пракладваць да 250 метраў тунэля ў месяц. Цяпер ідзе ўзвядзенне станцыі «Парк Дружбы народаў» каля плошчы Бангалор, а сама «Алеся» працуе на «Камароўскай». У лютым плануецца, што комплекс выйдзе за межы гэтай станцыі і працягне рух у бок «Пярэспы», а потым і да «Юбілейнай плошчы».
Як паведаміў кіраўнік дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна Іван Мікульскі, комплекс ужо прайшоў каля кіламетра, наперадзе застаецца яшчэ прыкладна два. Завяршыць пракладку тунэляў плануюць напрыканцы 2027 года.
Каб павялічыць тэмпы работ, быў закуплены другі тунэлепраходчы комплекс, а таксама абсталяванне для вырабу высокадакладнага тунэльнага аздаблення. Чакаецца, што гэты комплекс хутка паступіць у Беларусь і пачне працу ад станцыі «Парк Дружбы народаў».
Што да знешняга выгляду новых станцый, то галоўны інжынер «Мінскметрапраекта» Георгій Пратасаў адзначыў, што ўпор зробяць на архітэктурныя і святлавыя рашэнні, адмовіўшыся ад традыцыйнага аздаблення.
Станцыі «Пярэспа» і «Камароўская» будуць падобныя па канструкцыі, але адрозныя па афармленні: «Камароўскую» выканаюць у цёплых, «вогненных» танах, а «Пярэспу» — у халоднай, блакітнай гаме са свяцільнямі, якія нагадваюць плынь вады.
Такім чынам, у дызайне новых станцый плануюць адысці ад празмернага дэкору і засяродзіцца на архітэктуры і святле.
Чытайце таксама:
За пяць гадоў у Мінску адкрыюць тры новыя станцыі метро
Ці жывуць у мінскім метро велізарныя пацукі?
У мінскім метро расказалі, што хаваецца за загадкавымі дзвярыма на сценах станцый
З праекта будаўніцтва мінскага метро выкінулі яшчэ дзве станцыі — «Кіеўскі сквер» і «Політэхнічную»