«Бацька правільна зрабіў, цяпер больш праведнасці», «Фоты вырваныя з кантэксту». Як прапаганда апраўдвае адключэнне святла на вуліцах
«Сітуацыю ў многім палягчае снежнае покрыва, якое адлюстроўвае святло і натуральным чынам падсвятляе прастору». Менавіта так цяпер гучыць адзін з тэзісаў дзяржаўных СМІ наконт зменаў у графіку вулічнага асвятлення. Хоць улады Мінска ўжо паспелі адкруціць назад сваё рашэнне.
Нясвіж раніцай 5 лютага. Фота: nesvizh-news.by
Пасля абурэння Лукашэнкі, што ліхтары на вуліцах гараць занадта доўга, і патрабавання перайсці ў рэжым жорсткай эканоміі, мясцовыя ўлады паспяшаліся перагледзець графікі. Простыя жыхары масава дзяліліся незадаволенасцю ад цемры, якая апанавала вуліцы, а прапаганда ў сваю чаргу, як звычайна, запэўнівае, што ўсё добра.
Першым на гэтую тэму выказаўся Рыгор Азаронак. У сваім вечаровым эфіры 4 лютага прапагандыст адзначыў:
«У Мінску ўсё нармальна. Вузкія вулачкі ўсе асвятляюцца. Усё зроблена з розумам, але для эканоміі сродкаў. Таму што, прабачце, калі ласка, жыць хочам добра, прыгожа, у рэстаранах есці…
Трэба да ўсяго падыходзіць па-гаспадарчы. Бацька абсалютна правільна зрабіў. (…) Цяпер у нас не Лас-Вегас. І нармальна, і добра. Больш душэўнасці цяпер, праведнасці. У рэшце рэшт, вечарам дома каханнем трэба займацца».
Скрыншот відэа
Працягваючы сваю думку, ён абрынуўся на крытыкаў:
«Ліхтары працуюць там, дзе людзі ходзяць. А там, дзе гэта не так трэба, на трасах, яшчэ недзе, то, зразумела… Хлусяць жа, сволачы. Усё асветлена. І за горадам, і ў горадзе. (…) Рацыяналізавалі, зрабілі больш эканомна. Ну навошта на ноч свяціць гэтыя магістральныя рэкламы і ўсё астатняе? Абсалютна правільна Бацька сказаў — гаспадарскі падыход».
Сёння зранку выданне «Мінская праўда» на сваім сайце зладзіла сапраўдную «пераклічку гарадоў», публікуючы фотасправаздачы з вуліц, дзе працуюць ліхтары. Па словах аўтараў, 4 лютага жыхары Валожына забілі трывогу наконт магчымай цемры, але журналісты іх супакоілі:
«Сёння раніцай выйшлі і праверылі. Ніякай цемры, дабрацца да пункта прызначэння мясцовым не складае цяжкасцяў».
У Стоўбцах сітуацыю апісалі як амаль непрыкметную для грамадзян:
«Выключэнне ліхтароў здарылася незадоўга да світання. Да гэтага часу дзеці ўжо паспелі дабрацца да школ, а дарослыя прыехаць на працу. Так што істотнай розніцы і дыскамфорту мясцовыя жыхары не павінны заўважыць, а эканомія электраэнергіі атрымаецца каласальная».
Карэспандэнты сцвярджаюць, што для зон павышанай небяспекі зрабілі выключэнне:
«Адзінае выключэнне — прыпынак грамадскага транспарту. (…) У Заямным (…) быў заўважаны асобы рэжым у зонах павышанай небяспекі (пешаходныя пераходы, школы, бальніцы)».
Усё добра, па словах карэспандэнтаў, і ў Лагойску:
«Згодна з новаўвядзеннем, вулічныя ліхтары цяпер выключаюць, адштурхоўваючыся ад часу ўзыходу сонца. Да моманту адключэння асвятлення на вуліцах было не асоба шматлюдна».
Журналіст Аляксандр Клімавец з Лагойска заявіў, што фоты цёмных вуліц былі вырваныя з кантэксту. Ён іх зрабіў нібыта за хвіліну да таго, як ліхтары ўключылі. «На фота і відэа спецыяльна зменшана экспазіцыя, каб паказаць кантраснасць. Таму яны выйшлі такімі цёмнымі».
Падобная справаздача прыйшла і з Вілейкі:
«Раніцай 5 лютага жыхароў не пакінулі ў цемры — асвятленне на участках вуліц выключалі паэтапна. На многіх вуліцах ліхтары перасталі працаваць, калі ўжо святлела».
Найбольш знаходлівым аказаўся журналіст са Смалявіч, які знайшоў альтэрнатыўныя крыніцы святла:
«У Смалявічах раніцай 5 лютага крыху раней адключылі ліхтары, але асвятлення дастаткова ад фар машын, ліхтароў над пад’ездамі і снегу».
Карэспандэнт з Жодзіна выказваецца больш стрымана, прызнаўшы, што стала «крыху цямней»:
«Сёння ў Жодзіне ліхтары на вуліцах згаслі крыху раней за звычайнае. (…) Заўважна частковае адключэнне асвятлення — крыху цямней стала практычна па ўсёй магістралі трасы Р-53».
Журналістка сайта навін Мінскага раёна Pristalica.by (іх заснавальнік — Мінскі райвыканкам) Таццяна Конюх у сваім матэрыяле «Праверылі, як у Заслаўі раніцай працавала вулічнае асвятленне» называе ініцыятыву Лукашэнкі «правільнай і своечасовай», бо «карэкціроўка часу ўключэння і адключэння ліхтароў у ранішнія і вячэрнія прыцемкі, натуральна, прыносіць адчувальны эфект».
Шукаючы хоць нешта станоўчае, яна звяртаецца да ролі надвор’я:
«Зараз варта ўлічваць, што ў зімовы перыяд сітуацыю ў многім палягчае снежнае покрыва, якое адлюстроўвае святло і натуральным чынам падсвятляе прастору. Гэта дазваляе бяспечна скарачаць час працы асвятлення без сур’ёзнай шкоды для бачнасці».
Снег, па словах карэспандэнта з Маладзечна, дапамагае асвятляць вуліцы і там.
«У снега, які падае, ёсць выдатная ўласцівасць — пасля выключэння вулічнага асвятлення менавіта ён робіць прыкметнымі пешаходаў і ў світальным змроку рэзка кантрастуе з жыхарамі горада, якія спяшаюцца на працу і вучобу».
Журналісты «Нясвіжскіх навін» таксама запэўніваюць, што ў горадзе пасля карэкціроўкі «захоўваецца неабходны ўзровень асветленасці». І зноў жа згадваюць пра снег:
«Дадатковую яркасць вуліцам дадае снег, які выпаў, адлюстроўваючы святло і робячы горад яшчэ больш камфортным для жыхароў».
У выніку нясвіжская раёнка называе гэта прадуманай стратэгіяй:
«Такі комплексны падыход дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць рэсурсы, падтрымліваючы высокі стандарт гарадскога асяроддзя».
Дзіўна, чаму прапагандысты яшчэ Месяц і зоркі не ўключылі ў гэты «комплексны падыход»?
Чытайце таксама:
«Вы ашалелі! Колькі мы трацім грошай!» Лукашэнка даручыў зменшыць асвятленне на вуліцах
Мінгарвыканкам пра вулічнае асвятленне: Гэта была разавая акцыя. Сёння ўключаць а 18-й
Пяць прычын — у тым ліку адна фантастычная, — па якіх беларусам адключылі святло ў гарадах