Альпініст пакінуў дзяўчыну на гары, каб збегаць па дапамогу. Цяпер яго судзяць як за забойства
У Аўстрыі перад судом стане альпініст, якога абвінавачваюць у ненаўмысным забойстве праз грубую неасцярожнасць пасля гібелі яго дзяўчыны падчас узыходжання на Гросглокнер — найвышэйшую гару краіны (3798 м), піша The Guardian.
Гара Гросглокнер. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Patrick Pleul / dpa-Zentralbild /ZB (Photo by Patrick Pleul / picture alliance via Getty Images
33‑гадовая Керстын загінула 19 студзеня 2025 года, замёрзшы прыкладна за 50 метраў ад вяршыні. Разам са сваім 36‑гадовым партнёрам Томасам яна падымалася больш за 17 гадзін. Пасля ўмовы надвор’я рэзка пагоршыліся: тэмпература апусцілася амаль да −9°C, з улікам ветру яна адчувалася як −20°C, а парывы ветру дасягалі каля 72 км/г.
Каля другой гадзіны ночы Томас пакінуў Керстын у стане знясілення і пераахаладжэння, каб спусціцца з гары па дапамогу. Пракуроры лічаць, што як больш дасведчаны ўдзельнік і фактычны кіраўнік узыходжання ён нясе асноўную адказнасць за прынятыя рашэнні.
Абвінавачанне сцвярджае, што Томас дапусціў дзевяць сур’ёзных памылак. Сярод іх:
- рашэнне працягваць пад’ём, нягледзячы на недастатковы вопыт Керстын у складаных альпійскіх маршрутах такой працягласці і вышыні;
- старт узыходжання на дзве гадзіны пазней за рэкамендаваны час;
- недахоп аварыйнага рыштунку;
- неадпаведны абутак у дзяўчыны;
- адсутнасць своечасовага сігналу бедства і адмова ад спынення маршруту раней.
Пракуроры спасылаюцца на юрыдычную канцэпцыю, паводле якой чалавек з большым досведам і кампетэнцыямі нясе большую адказнасць за прынятыя рашэнні.
У той жа час Томас сваю віну адмаўляе. Ягоны адвакат называе здарэнне трагічнай выпадковасцю і сцвярджае, што пара сумесна планавала маршрут, мела дастатковы досвед, добрую фізічную форму і належны рыштунак.
Маці загінулай таксама не лічыць Томаса вінаватым і заяўляе, што супраць яго разгорнутае «паляванне на ведзьмаў». Па яе словах, Керстын была ў выдатнай фізічнай форме і раней праходзіла яшчэ больш складаныя маршруты — як самастойна, так і разам з партнёрам.
Калі суд прызнае Томаса вінаватым, яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце таксама:
Непалец узышоў на Эверэст чатыры разы за 15 дзён
Сем альпіністаў загінулі ў Непале ў выніку сходу лавіны
Альпініст з Польшчы стаў першым чалавекам, які спусціўся з Эверэсту на лыжах без кіслародных балонаў
Цеплавізар не выявіў прыкмет жыцця ў альпіністкі, якая зламала нагу на вышыні 7000 метраў