БЕЛ Ł РУС

Для рэальна топавых спецыялістаў каштоўнасці важнейшыя за грошы. Спрэчка Пентагона і Anthropic паказала, што лічыцца з гэтым даводзіцца ўсім

11.03.2026 / 12:38

Ідаля Салавей

Claude страціў абаронны кантракт, але не толькі ўпершыню абышоў ChatGPT па спампоўках у App Store, а яшчэ і выйграў кадравую канкурэнцыю.

Сузаснавальнік і генеральны дырэктар Anthropic Дарыё Амадэі (злева) і генеральны дырэктар OpenAI Сэм Альтман. Фота: Krisztian Bocsi / Bloomberg via Getty Images; Justin Sullivan / Getty Images

Кантракты з Пентагонам сталі новым пунктам напружання ў індустрыі штучнага інтэлекту. Рознае стаўленне дзвюх перадавых лабараторый — OpenAI і Anthropic — да супрацоўніцтва з Міністэрствам абароны ЗША прывяло да канфлікту, які паўплываў і на барацьбу за кадры ў галіне AI. 

OpenAI пагадзілася на разгортванне сваіх мадэляў у засакрэчаных сістэмах Пентагона, што выклікала хвалю незадаволенасці ўнутры самой кампаніі.

Як піша WSJ, пасля гэтай угоды з OpenAI звольніліся як мінімум два топ-менеджары: віцэ-прэзідэнт па даследаваннях Макс Шварцэр і кіраўніца апаратнага кірунку Кэйтлін Каліноўскі. Апошняя адкрыта заявіла, што пытанні сачэння за грамадзянамі і выкарыстання аўтаномнай зброі патрабуюць значна больш глыбокага абмеркавання, чым тое, якое было праведзена перад падпісаннем кантракта.

У гэты ж час Anthropic заняла непахісную пазіцыю. Кампанія спрабавала ўключыць у пагадненне з Пентагонам строгія ахоўныя механізмы, якія б забаранялі выкарыстанне яе тэхналогій для ўнутранага шпіянажу і стварэння лятальнай зброі. Калі перамовы зайшлі ў тупік, адміністрацыя Трампа абвясціла Anthropic «рызыкай для ланцужка паставак».

Хоць гэта і каштавала кампаніі страты буйнога дзяржаўнага кліента, узамен яна атрымала значную рэпутацыйную выгаду. Пацвярджэннем гэтаму стала не толькі тое, што чат-бот Claude упершыню абышоў ChatGPT па спампоўках у App Store, але і беспрэцэдэнтная падтрымка з боку грамадства і калег па цэху. Так, 37 супрацоўнікаў OpenAI і Google DeepMind нават падалі апеляцыю ў суд у падтрымку Anthropic, якая цяпер аспрэчвае рашэнне ўрада.

Фінансавы аспект гэтай барацьбы выглядае не менш уражвальным. Як паведамляе WSJ, мінулым летам карпарацыя Meta спрабавала перавабіць лепшых інжынераў з OpenAI і Anthropic, прапаноўваючы кампенсацыйныя пакеты, вартасць якіх перавышала сотні мільёнаў даляраў.

У адказ на гэты выклік OpenAI пачала выплачваць бонусы і змяніла сістэму налічэння акцый, каб утрымаць людзей. Аднак Anthropic абрала іншы шлях: кіраўнік кампаніі Дарыё Амадэі заявіў супрацоўнікам, што структура выплат застанецца нязменнай, бо галоўнае — гэта адданасць місіі. Вынік аказаўся паказальным: калі з OpenAI у Meta сышлі некалькі дзясяткаў чалавек, то Anthropic страціла толькі двух.

На думку аўтара, такая жыццяздольнасць Anthropic тлумачыцца гісторыяй яе стварэння. Кампанія была заснавана ў 2021 годзе выхадцамі з OpenAI, якія лічылі, што кампанія занадта спяшаецца з камерцыйнымі прадуктамі, недастаткова ўвагі надаючы бяспецы. Сёння Anthropic ганарыцца тым, што ў яе складзе засталіся амаль усе сузаснавальнікі і большасць з першых 20 супрацоўнікаў.

Гэты поспех у галіне ўтрымання кадраў прымусіў OpenAI перайсці ў рэжым мінімізацыі рэпутацыйнай шкоды. Сэм Альтман публічна прызнаў, што паспешлівая ўгода з Пентагонам выглядала «неакуратна», і спрабаваў супакоіць каманду праз сесіі пытанняў і адказаў, але, як бачна па сыходзе ключавых даследчыкаў, гэтыя захады не заўсёды спрацоўваюць.

У той жа час, як піша WSJ, Anthropic таксама сутыкаецца з унутранымі выклікамі. Нядаўна кампанію пакінуў даследчык бяспекі Мрынанк Шарма. У лісце калегам ён напісаў, што хоча заняцца паэзіяй і выказаў занепакоенасць тым, што развіццё штучнага інтэлекту можа стаць пагрозай для свету. Як паведамляла WSJ, яго звальненне часткова было звязанае са змяненнямі ў палітыцы бяспекі кампаніі.

Такім чынам, гісторыя з кантрактамі Пентагона паказала, што ў індустрыі штучнага інтэлекту важную ролю адыгрываюць не толькі грошы і тэхналогіі. Для многіх вядучых даследчыкаў не менш важна, як і для якіх мэтаў будуць выкарыстоўвацца сістэмы, якія яны ствараюць. Тымі ж прынцыпамі кіруюцца многія топавыя прафесіяналы ў іншых сферах бізнэсу, у навуцы і СМІ.

Чытайце таксама:

Да 2027 года штучны інтэлект можа дасягнуць узроўню «краіны геніяў». Што маецца на ўвазе?

Як бот са штучным інтэлектам OpenClaw спачатку захапіў свет, а пасля трапіў пад забароны і быў названы «кашмарам кібербяспекі»

Патэнцыйны кашмар эпохі штучнага інтэлекту — біялагічная зброя. Увесь свет думае, як падрыхтавацца да яе выкарыстання

Каментары да артыкула