БЕЛ Ł РУС

Арыштаваны 75‑гадовы Зміцер Санько — ветэран-выдавец

26.03.2026 / 20:12

Nashaniva.com

Лукашысты працягваюць «Справу кнігароў». З СІЗА КДБ выпусцілі кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдаху, а з ІЧУ — выдаўца Вацлава Багдановіча. Але пры гэтым учора арыштаваны галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналогія», і, мяркуючы па наяўнай інфармацыі, гаворка пра крымінальную справу.

Зміцер Санько, галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналогія». Архіўнае фота

Нагадаем, што 3 сакавіка «экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі «кааліцыю друкаваных выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing. Адпаведнае рашэнне прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. 

Гэтае рашэнне стала працягам масавых затрыманняў выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў у Мінску, якія адбыліся ў лютым. Усіх затрыманых спачатку адправілі на суткі па адміністратыўных пратаколах, складзеных, як звычайна цяпер, з надуманых падстаў.

У спісе людзей, якіх улады лічаць звязанымі з гэтай «кааліцыяй», — вядомыя ў кніжным асяроддзі імёны. Таксама ў пералік уключылі сайты і сацыяльныя сеткі выдавецтваў.

Арыштоўвалі тых, каго аднеслі да дзейнасці кааліцыі.

Людзі, якіх заграблі паводле гэтай справы, былі вельмі розныя: адзін геніяльны перакладчык, другі кніганоша з «Белага легіёна», а трэці класічны бізнэсовец.

Сёння стала вядома, што Алеся Яўдаху выпусцілі з СІЗА КДБ, а Багдановіча — з ІЧУ. Але ў засценках КДБ застаецца выбітны перакладчык і выдавец Зміцер Колас.

Галоўнага рэдактара выдавецтва «Тэхналогія» Змітра Санько ў лютым затрымлівалі, але не арыштавалі. І вось прыйшла інфармацыя, што яго затрымалі паўторна, і гэтым разам, мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра крымінальную справу.

Зміцер Санько — патрыярх беларускай інтэлігенцыі і шмат для каго — маральны камертон. Кандыдат біялагічных навук і адначасова мовазнавец, ён быў адным з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Ён працаваў у Інстытуце біяарганічнай хіміі Акадэміі навук, пасля чаго ад 1978 года звязаў сваё жыццё з акадэмічным выдавецтвам «Навука і тэхніка» (сёння «Беларуская навука»)А ад 1995 года, больш за 30 гадоў, працаваў галоўным рэдактарам выдавецтва «Тэхналогія» — яно спыніла сваю дзейнасць пасля лютаўскіх арыштаў.

31 сакавіка Змітру Саньку споўніцца 76 гадоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула