У Еўрасаюзе абмяркоўваюць змены сістэмы галасавання, калі на выбарах у Венгрыі зноў пераможа Орбан
Паводле інфармацыі выдання Politico, у Еўрапейскім саюзе абмяркоўваюць магчымыя змены ў сістэме галасавання, калі па выніках галасавання на парламенцкіх выбарах у Венгрыі ўладу захавае цяперашні прэм’ер-міністр Віктар Орбан.
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. Фота: AP
Такія ідэі ўзніклі з-за таго, што Венгрыя дагэтуль неаднаразова блакавала або зацягвала прыняцце рашэнняў у ЕС. У прыватнасці, апошнім часам яна заблакавала ўвядзенне новага пакета санкцый супраць Расіі і выдзяленне фінансавай дапамогі Украіне.
Сярод прапанаваных варыянтаў новай сістэмы:
- пашырэнне галасавання кваліфікаванай большасцю, пры якой не патрабуецца аднагалоснасць;
- стварэнне «кааліцый ахвотных», калі група краін можа дзейнічаць асобна;
- абмежаванне або спыненне фінансавання для краін, якія парушаюць агульныя правілы;
- у крайнім выпадку — пазбаўленне краіны права голасу.
Прэзідэнт Еўрапейскай рады Антоніу Кошта падкрэсліў, што ніхто не павінен шантажаваць інстытуты ЕС. У сваю чаргу, прадстаўнік Еўракамісіі Майкл Макграт адзначыў, што доступ да фінансавання залежыць ад захавання прынцыпаў прававой дзяржавы.
Раней старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен таксама дапускала выкарыстанне больш гнуткіх фарматаў супрацоўніцтва, каб абыходзіць патрабаванне аднагалоснасці.
Пры гэтым пытанне выключэння Венгрыі з ЕС сур’ёзна не разглядаецца.
Парламенцкія выбары ў гэтай краіне запланаваныя на 12 красавіка, паводле сацыялагічных апытанняў кіроўная партыя «Фідэс» пакуль саступае апазіцыйнай партыі «Ціса».
Чытайце таксама:
Орбан на перадвыбарчым мітынгу сарваўся і накрычаў на пратэстоўцаў
Джэй Дзі Вэнс наведае Венгрыю перад парламенцкімі выбарамі
«Сапраўдны сябра і баец». Трамп падтрымаў Орбана перад выбарамі ў Венгрыі
ЕС адхіліў Венгрыю ад унутраных перамоў і сакрэтнай інфармацыі з-за боязі ўцечак у Расію