Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан закрычаў на пратэстоўцаў падчас уласнага перадвыбарчага мітынгу ў горадзе Дзьёр, які заўсёды лічыўся аплотам яго партыі. Частка людзей сустрэла яго там плакатамі і выкрыкамі пра карупцыю і эканамічны крызіс, паведамляе выданне HVG.

Падчас свайго перадвыбарчага турнэ прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан выступаў 27 сакавіка ў горадзе Дзьёр, які дзесяцігоддзямі падтрымліваў яго партыю «Фідэс». Гэтым разам, аднак, ён сутыкнуўся з рэкорднай колькасцю пратэстоўцаў. Вялікая іх колькасць на плошчы, падобна, вывела Орбана з раўнавагі і ён пачаў на іх крычаць:
«Вы падтрымліваеце ўкраінскі курс! Вы не стаіце на баку венграў. Вы хочаце украінафільскі ўрад і аддаць венгерскія грошы Украіне!»
Палітолаг Габар Цёрак з Будапешцкага ўніверсітэта адзначае, што такі стыль камунікацыі для Орбана не характэрны — звычайна падчас перадвыбарчых мітынгаў ён паводзіць сябе спакойна. Такая рэзкая рэакцыя можа паўплываць на ход кампаніі.
«Калі астатнія два тыдні пройдуць так сама, гэта не абяцае ўраду нічога добрага», — адзначыў Цёрак у размове з HVG.
Плошча Сечані, дзе адбыўся мітынг з удзелам Орбана, не была цалкам запоўненая яго прыхільнікамі — яны размахвалі сцягамі і плакатамі перад сцэнай, але з краю плошчы былі пратэстоўцы супраць Орбана.
Таксама паведамляецца, што мужчыны ў чорным перакрылі прылеглую вуліцу, трымаючыся адзін за аднаго, і не пускалі пратэстоўцаў на плошчу. Калі пратэстоўцаў стала больш, на плошчу ўвайшла паліцыя, і прыхільнікі ды праціўнікі Орбана знаходзіліся побач. Сур’ёзных сутыкненняў паміж імі не адбылося.
Горад Дзьёр з’яўляецца эпіцэнтрам палітычнай барацьбы. Чатыры гады таму партыя «Фідэс» там перамагала, але ўжо вынікі выбараў у Еўрапейскі парламент 2024‑га паказалі нязначны разрыў: 40,5% у кіроўнай партыі супраць 36% у апазіцыйнай партыі «Ціса».
Выбарчая кампанія ў Венгрыі праходзіць на фоне сур’ёзных скандалаў. Орбан упершыню за 16 гадоў можа страціць уладу, паколькі апазіцыйная «Ціса» Петэра Мадзьяра мае вялікую перавагу і можа нават атрымаць канстытуцыйную большасць. Галасаванне мае адбыцца 12 красавіка.
Джэй Дзі Вэнс наведае Венгрыю перад парламенцкімі выбарамі
«Сапраўдны сябра і баец». Трамп падтрымаў Орбана перад выбарамі ў Венгрыі
Еўрасаюз замарозіў крэдытны план на 16 мільярдаў еўра для Венгрыі за тое, што тая замарозіла 90 мільярдаў для Украіны
ЕС адхіліў Венгрыю ад унутраных перамоў і сакрэтнай інфармацыі з-за боязі ўцечак у Расію
СМІ расказалі пра расійскі сцэнар імітацыі замаху на Віктара Орбана перад выбарамі
У Будапешце прайшлі масавыя мітынгі Орбана і яго галоўнага суперніка
«Я дзякую Богу, што краіна, з якой вы ваюеце, сёння не вораг Венгрыі». Орбан адказаў Віктару Юшчанку на ягоны адкрыты ліст
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары