СМІ раскрылі дэталі іранскага плана з 10 пунктаў па перамір’і
Перамовы паміж ЗША і Іранам пра доўгатэрміновае перамір’е могуць прасунуцца наперад, аднак змест прапанаванага Тэгеранам плана выклікае сумненні.
Фота: Fatemeh Bahrami/Anadolu via Getty Images
Па словах Дональда Трампа, дакумент з дзесяці пунктаў можа стаць «асновай для пагаднення», але ўцечкі ў СМІ паказваюць, што пазіцыі бакоў па-ранейшаму далёкія адна ад адной, піша Bild.
Іран, паводле даных блізкіх да ўлад агенцтваў Tasnim і Fars, патрабуе захаваць кантроль над Армузскім пралівам, права на ўзбагачэнне ўрану і зняцце міжнародных санкцый. Таксама сярод умоў — вывад амерыканскіх войскаў з рэгіёну, кампенсацыі за шкоду і спыненне баявых дзеянняў ва ўсіх кірунках, уключаючы Ліван.
Пры гэтым у больш мяккай версіі плана гаворыцца пра гатоўнасць Тэгерана абмежаваць ядзерную праграму і адмовіцца ад распрацоўкі ядзернай зброі.
Асаблівую ўвагу прыцягвае разыходжанне ў версіях дакумента: пункт пра права на ўзбагачэнне ўрану ёсць у персідскай версіі, але адсутнічае ў англамоўнай. Гэта супярэчыць ключавой мэце ЗША — не дапусціць стварэння Іранам ядзернай зброі.
Трамп сцвярджае, што магчымае пагадненне «поўнасцю вырашыць» ядзернае пытанне і называе дасягнутую двухтыднёвую паўзу ў баявых дзеяннях «поўнай перамогай».
Дадатковыя дэталі чакаюцца на брыфінгу Пентагона з удзелам міністра абароны Піта Хегсета і кіраўніка Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў Дэна Кейна.
Чытайце таксама:
ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе
Іран і Аман будуць спаганяць плату за праход праз Армузскі праліў
Трамп прадказаў «залаты век» на Блізкім Усходзе на фоне перамір’я з Іранам
Спікера парламента Ірана прызначылі кіраўніком дэлегацыі на перамовах з ЗША