На Мінскім моры панізіўся ўзровень вады і змянілася берагавая лінія. Што там адбываецца?
На Заслаўскім вадасховішчы, ці Мінскім моры, ідзе маштабная рэканструкцыя гідратэхнічнага комплексу — у першую чаргу водаскіду, плаціны і будынка ГЭС «Ганалес», піша «Анлайнер».
Менавіта з-за гэтых работ у некаторых месцах змяніўся выгляд берагавой лініі: з’явіліся насыпы, «косы» і часова паніжаны ўзровень вады. Але цалкам вадасховішча не асушаюць — гаворка ідзе пра паэтапны рамонт, каб мінімізаваць уплыў на зону адпачынку.
Работы пачаліся пасля працяглай падрыхтоўкі: яшчэ з 2016 года ішло праектаванне і абследаванне гідрасістэмы. Падчас праверак выявілі праблемы з бетоннымі канструкцыямі, берагавымі ўмацаваннямі і дрэнажнай сістэмай. У 2024 годзе нават часова паніжалі ўзровень вады, каб правесці частку тэхнічных работ.
Цяпер ідзе адзін з ключавых этапаў — будаўніцтва часовай дамбы. Яе даўжыня павінна скласці каля 830 метраў, а вышыня — да 12 метраў. Работы вядуцца паэтапна, паралельна працягвае працаваць ГЭС.
Таксама з-за будаўнічай тэхнікі перакрылі адзін з падыходаў да вады з боку чыгуначнай станцыі. Гэта зроблена з меркаванняў бяспекі, бо там рухаецца тэхніка.
Улады заяўляюць, што частку закрытых участкаў плануюць адкрыць да лета, але часовыя абмежаванні могуць вяртацца, калі гэтага запатрабуюць будаўнічыя работы.
Чытайце таксама:
Мінск рыхтуе новыя зоны для адпачынку: што з’явіцца ў кожным раёне сталіцы
З раскошным відам на ваду. У сталіцы пачынае фармавацца новы мікрараён, першы дом хутка будзе гатовы