У чым прычына незадаволенасці жыхароў мікрараёна Лебядзіны ў Мінску? Вось што насамрэч там планавалі будаваць
Жыхарам прэстыжнага мінскага раёна афіцыйна абяцалі новыя дзіцячыя садкі, але ўпотай ад іх замянілі сацыяльныя аб'екты на велізарныя панэльныя інтэрнаты. Калі людзі абурыліся, дзяржаўныя прапаганда абрынулася на іх з абразамі і пагрозамі жорстка пакараць у выпадку пратэстаў.

У красавіку 2025 года адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска прэзентавала жыхарам абноўлены праект дэтальнага планавання (ПДП) мікрараёна Лебядзіны, які ахоплівае тэрыторыю ў 139 гектараў. Жыхарам абяцалі паліклініку на вуліцы Камайскай, культурна-асветніцкі аб'ект і два дзіцячыя садкі на 230 месцаў кожны.
Адзін з садкоў планавалася пабудаваць на пустцы па вуліцы Мястраўскай, адразу за шматпавярховым гмахам жылога комплексу «Лазурыт», а другі — на рагу вуліц Княгінінскай і Ільянскай. Акрамя легалізацыі ўжо распачатай будоўлі шматпавярховіка «Гранд Крыстал» замест кінатэатра, ніякага новага масавага жылля ў гэтым раёне не планавалася.

У канцы мая былі падведзены вынікі грамадскага абмеркавання, праект дэтальнага планавання мікрараёна Лебядзіны быў рэкамендаваны да зацвярджэння.
Аднак пакуль мясцовыя жыхары спадзяваліся на развіццё інфраструктуры свайго раёна, бюракратычная машына ўжо выношвала зусім іншыя планы.
Звычайна пасля грамадскага абмеркавання ПДП зацвярджаецца на працягу некалькіх месяцаў і публікуецца ў абавязковым парадку на сайтах pravo.by ці tnpa.by. Аднак зацверджаны план Лебядзінага там не з'явіўся дагэтуль.


Ужо ў пачатку жніўня 2025 года, літаральна праз два месяцы пасля вынікаў грамадскага абмеркавання, у якім не было ніводнага слова пра інтэрнаты, на партале дзяржзакупак з'явіліся тэндары, арганізаваныя Упраўленнем капітальнага будаўніцтва Заводскага раёна на выбар праекціроўшчыкаў для аб'ектаў: «Узвядзенне інтэрната ў жылым раёне Лебядзіны па вул. Мястраўскай» і «Узвядзенне інтэрната… ў межах вул. Княгінінская, вул. Ільянская».
А ўжо ў лютым 2026 года «Мінскпраект», які стаў праекціроўшчыкам, пачаў шукаць субпадрадчыкаў для правядзення на гэтых участках геалагічных, геатэхнічных і экалагічных вышукаў.
Рашэнне пра ўзвядзенне інтэрнатаў на месцы абяцаных садкоў было прынятае ўпотай, без усялякіх паўторных грамадскіх абмеркаванняў і насуперак афіцыйна прэзентаваным планам.
Інтэрнаты для элітнага раёна
У тэндарнай дакументацыі ад «Мінскпраекта» ўжо ёсць схемы пасадкі новых дамоў, якія дазваляюць зразумець іх будучае аблічча. Там няма фасадаў, планіровак паверхаў і генпланаў, якія будуць распрацаваныя пазней, але абодва інтэрнаты на планах пазначаны як дзесяціпавярховыя будынкі.
Інтэрнат на рагу вуліц Княгінінскай і Ільянскай будзе мець Г-падобную форму ў плане, а на Мястраўскай — мерыдыянальна выцягнутую.
Яны будуць мець па пяць пад'ездаў і па 375 кватэр у кожным з інтэрнатаў. Гэта значыць, што ў разліку ўладаў пасяліць у раёне не менш за паўтары тысячы навасёлаў. Акрамя ўласна інтэрната на ўчастку па Мястраўскай вуліцы размясцяцца помпавая станцыя і велапаркоўка, а на ўчастку па Ільянскай — яшчэ і трансфарматарная падстанцыя.

Тапаграфічны план участка па Мястраўскай вуліцы. Фота: з тэндарнай дакументацыі

Тапаграфічны план участка на рагу вуліц Княгінінскай і Ільянскай. Фота: з тэндарнай дакументацыі
Інтэрнат на вуліцы Ільянскай, мяркуючы па асаблівасцях плана, будзе ўяўляць сабой дакладную люстраную копію інтэрнатаў для медыкаў, якія ўжо былі двойчы рэалізаваныя ў Мінску. Гаворка ідзе пра дзесяціпавярховыя панэльныя дамы па вуліцы Каржанеўскага і па вуліцы Выгоцкага, пабудаваныя на базе мапідаўской серыі М 464-У1(М).

Інтэрнат на Ільянскай, як і яго папярэднік у іншых раёнах, будзе складацца з двух асобных жылых карпусоў, якія злучаныя паміж сабой на ўзроўні трэцяга ці чацвёртага паверха закрытай пераходнай галерэяй.
Гэты архітэктурны трук са злучальным мастком выкарыстоўваецца забудоўшчыкамі не для прыгажосці ці зручнасці, а выключна для абыходу жорсткіх беларускіх будаўнічых нормаў. Галерэя, якая не нясе аніякай карыснай функцыі, юрыдычна аб'ядноўвае два асобныя дамы ў адзін будынак. Якая практычная выгада ад гэтага пераходу ў гэтым канкрэтным выпадку, не да канца зразумела.
Класавая нянавісць у беларускай прапагандзе

Калі інфармацыя пра будаўніцтва інтэрнатаў усплыла на паверхню, жыхары Лебядзінага пачалі задаваць уладам цалкам законныя пытанні. Яны нагадалі пра перапоўненыя класы ў школах (па 30 чалавек) і недахоп месцаў у садках.
Замест цывілізаванага дыялогу і тлумачэнняў, чаму горадабудаўнічыя планы памяняліся ўпотай ад людзей, дзяржаўная прапаганда чакана накінулася на незадаволеных. Яна пачала свядома ствараць з жыхароў Лебядзінага вобраз «эліты, якая зажралася», якая нібыта грэбуе суседствам са звычайнымі настаўнікамі і дактарамі.
Журналістка агенцтва «Мінск-Навіны» Вікторыя Кірычэнка ў сваім відэакаментарыі наўпрост заявіла, што абурэнне людзей — гэта «толькі праблема пахіснутага эга эліт Лебядзінага, якім пара спусціцца з нябёсаў на зямлю».
Рыгор Азаронак у сваім тэлеграм-канале назваў гараджан «пачварамі» і «свіннямі», якія «зарохкалі» ад перспектывы суседства з «плебсам». У сваім запале прапагандыст нават прыгразіў адключыць усяму раёну ваду — метад калектыўнага пакарання, які ўлады ўжо выпрабоўвалі ў 2020 годзе.

Іранічна, што Азаронак нават не змог адрозніць Лебядзіны ад Новай Баравой, заявіўшы: «Без вады, відаць, даўно не сядзелі, падонкі. Я б ім адключыў». Хоць насамрэч без вады тады сядзела менавіта Новая Баравая. Таксама ён прапанаваў выселіць нязгодных у асобнае гета — «дэмгарадок».
Гэта свядомае распальванне класавай варожасці выглядае асабліва іранічна, калі ўлічыць, што ў Лебядзіным маюць дарагую нерухомасць верныя паплечнікі Лукашэнкі накшталт прэс-сакратаркі Наталлі Эйсмант і сенатара Дзмітрыя Баскава.
Горадабудаўніцтва ад Шарыкавых
Самым грунтоўным у сваёй ядавітасці і адначасова абсурднасці стаў тэкст Аляксандра Новікава ў агенцтве «Мінск-Навіны» пад загалоўкам «Элітны эгаізм: каго насамрэч баяцца праціўнікі інтэрнатаў у Лебядзіным».
Увесь свой пасквіль аўтар будуе на прымітыўным распальванні класавай нянавісці. Ён параўноўвае жыхароў раёна з героем казкі Салтыкова-Шчадрына «Дзікі памешчык», які маліў пазбавіць яго ад «мужыкоў», і вінаваціць людзей у тым, што яны нібыта лічаць настаўнікаў і дактароў чарнюкамі.

Аўтар адкрыта кпіць з патрабаванняў гараджан выконваць будаўнічыя нормы. Напрыклад, на законныя апасенні наконт знішчэння мясцовых зялёных зон ён прапануе ісці гуляць на вадасховішча Дразды або катацца на карабліку. Гэта поўнае неразуменне асноў урбаністыкі: азеляненне бывае рознага ўзроўню (агульнагарадское, раённае, унутрыквартальнае) і выконвае розныя функцыі, таму
наяўнасць вялікага парку за кіламетр ад дома ніяк не кампенсуе адсутнасць дрэў пад уласным акном. Гэта ўсё роўна што сказаць жыхарам Шабаноў, што ім не патрэбны сквер, бо ў цэнтры Мінска ёсць выдатная водна-зялёная сістэма.
Асабліва дасталося ад прапагандыста нормам інсаляцыі (асветленасці кватэр). Новікаў называе гэтае слова «мудрагелістым» і зводзіць праблему да капрызу: маўляў, жыхарам проста «несімпатычна» жыць без сонца.

Парадаксальна тое, што жорсткія нормы інсаляцыі, разрывы паміж дамамі і абавязковае азеляненне двароў — гэта галоўнае дасягненне менавіта левага горадабудаўніцтва, якое паслядоўна было ўкаранёнае ў СССР. Беларускія нормы наследуюць савецкім нормам, а рэжым Лукашэнкі разумее сябе як прамога спадчынніка савецкай сістэмы, якому быццам бы ўдалося не страціць тое добрае, што было ў тыя час.
Вось толькі калі трэба апраўдаць ушчыльненне, задуманае беларускімі ўладамі, базавыя савецкія нарматывы ў прапагандыстаў раптам ператвараюцца ў «элітны эгаізм».

Не менш наіўна гучаць і аргументы чыноўнікаў пра тое, што мясцовыя школы і садкі нібыта маюць «рэзервы», бо туды фактычна ходзяць толькі 60% дзяцей ад спісачнага складу, а ў гімназіі наогул «можна зрабіць другую змену». Новікаў называе апасенні людзей наконт інфраструктуры «скуленнем».
Аднак ПДП — гэта не проста малюнак з каляровымі зонамі. Гэта дакумент, які распрацоўваецца спецыялістамі на падставе дакладных разлікаў і дзяржаўных нарматываў. Калі вы закрэсліваеце два садкі і ставіце на іх месца два дзесяціпавярховыя інтэрнаты, колькасць жыхароў рэзка вырастае, і тых рэзерваў, што заставаліся, можа папросту не хапіць. Для прадухілення такіх калапсаў інфраструктуры і існуе планаванне.
Прапагандысты прапануюць проста адкінуць усе гэтыя правілы. Узнікае лагічнае пытанне: калі дзяржава кіруецца не ПДП і нарматывамі, а сіюмінутнымі капрызамі і жаданнем упіхнуць панэльку на любы пусты ўчастак, то навошта наогул выдаткоўваюцца бюджэтныя грошы на працу інстытутаў кшталту «Мінскграда»?
Больш за тое, прапагандысты наўпрост пагражаюць жыхарам раёна, намякаючы, што на звароты грамадзян аб парушэнні іх законных інтарэсаў уладам трэба не даваць абгрунтаваныя адказы, а проста «даць жорсткі адказ».

Для каго гэта справядлівасць
Дзяржаўная прапаганда спрабуе падаць гісторыю з ушчыльненнем Лебядзінага як высакародны акт сацыяльнай справядлівасці. Галоўны пасыл чыноўнікаў і праўладных СМІ гучыць так: мы проста хочам даць жыллё бюджэтнікам — настаўнікам і дактарам, — якіх нібыта бязлітасна адмаўляецца прымаць «эліта».
Але традыцыйна інтэрнаты для работнікаў сацыяльнай сферы, якія маюць патрэбу ў жыллі, будаваліся ў аддаленых спальных мікрараёнах, такіх як Навінкі ці Курасоўшчына, што было лагічна з пункту гледжання кошту зямлі і размеркавання гарадскіх рэсурсаў. Лебядзіны ж — гэта дарагі раён камерцыйнай забудовы на адной з галоўных магістраляў сталіцы, дзе сфарміраваны вялікі грамадска-спартыўны цэнтр.
Людзі, якія куплялі тут кватэры, плацілі не толькі за квадратныя метры бетону. У высокі кошт нерухомасці былі закладзены экалагічная прывабнасць месца, блізкасць да вадасховішча Дразды і, галоўнае, тая самая інфраструктура, якую ім абяцалі ПДП і рэкламныя буклеты забудоўшчыкаў. Яны пераплацілі за тое, каб жыць у раёне з пэўным узроўнем камфорту.

Атрымліваецца прыхаваная экспрапрыяцыя: чыноўнікі робяць шчодры жэст за кошт тых, хто інвеставаў уласныя сродкі ў раён.
Крывадушнасць такой «сацыяльнай справядлівасці» становіцца яшчэ больш відавочнай, калі згадаць іншыя жыллёвыя эксперыменты ўлады. Напрыклад, не так даўно прапагандыст Ігар Тур, атрымаў катэдж ва ўзорна-паказальным пасёлку Новая Аколіца пад Мінскам.
Каб знізіць кошт квадратнага метра для такіх каштоўных кадраў, дзяржава проста аплаціла пракладку ўсіх дарог і камунікацый — ад вадаправода да электрасетак — са сродкаў бюджэту. Іншымі словамі, за кошт падаткаплацельшчыкаў.
У выпадку з Новай Аколіцай ніхто ў дзяржаўных СМІ не абураўся эгаізмам ці сацыяльнай няроўнасцю.
Але калі звычайныя беларусы, якія за ўласныя грошы набылі кватэры, патрабуюць ад дзяржавы выканання ўласных жа будаўнічых нормаў і абяцанняў, яны імгненна ператвараюцца ў «падонкаў» і «свінняў».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Пра інтэрнат і дзіцячы садок. Медыкам і настаўнікам з інтэрнату дзіцячы садок не паложаны? Куды яны сваіх дзяцей адправяць, калі нават мясцовым месцаў не хапала?
Хітрасць яшчэ у тым што сеці у раене зроблены за кошт старых жыльцоў, а новы забудоўшчык да іх падключаецца і эканоміць