Лідары Славакіі і Чэхіі падтрымалі Віктара Орбана перад заўтрашнімі выбарамі
Напярэдадні галасавання на парламенцкіх выбарах у Венгрыі прэм’ер-міністр краіны Віктар Орбан атрымаў публічную падтрымку ад сваіх калег са Славакіі і Чэхіі.
Віктар Орбан. Фота: AP Photo/Denes Erdos
Кіраўнік урада Славакіі Роберт Фіца напісаў у сацсетцы X, што жадае Орбану дасягнуць усіх палітычных мэтаў і назваў яго рашучым абаронцам нацыянальных інтарэсаў. Ён таксама падкрэсліў, што разам з венгерскім лідарам працуе над умацаваннем адносін паміж краінамі і падтрымкай нацыянальных меншасцяў.
Прэм’ер-міністр Чэхіі Андрэй Бабіш таксама публічна выступіў у падтрымку Орбана. Паводле яго слоў, венгерскі кіраўнік заўсёды адстойваў ідэю моцнай Еўропы, заснаванай на суверэнітэце дзяржаў, міры і канкурэнтаздольнасці. Бабіш таксама адзначыў, што ў нестабільныя часы важна выбіраць праверанае і стабільнае кіраўніцтва.
Раней падтрымку Орбану выказаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Ён заявіў, што гатовы садзейнічаць эканамічнаму развіццю Венгрыі, калі Орбан застанецца пры ўладзе, і назваў яго моцным і ўплывовым лідарам.
Выбары ў Венгрыі павінны адбыцца 12 красавіка, і яны лічацца аднымі з самых складаных для Орбана за ўвесь час яго кіравання з 2010 года. Паводле апытанняў, апазіцыйная партыя «Ціса» мае ўсе шанцы апярэдзіць кіроўную партыю «Фідэс».
Сам Віктар Орбан папярэджвае, што яго магчымы сыход з пасады можа паставіць пад пагрозу дасягненні краіны, і заклікае выбаршчыкаў падтрымаць ягоны курс.
Чытайце таксама:
Венгрыя і Расія ў канцы мінулага года ўзгаднілі 12 пунктаў далейшага збліжэння
Орбан у размове з Пуціным параўнаў сябе з мышанём, што дапамагае Пуціну, льву
Інфармацыя пра справаздачы Крамлю яшчэ больш зменшыла перадвыбарчыя рэйтынгі партыі Орбана
У Еўрасаюзе абмяркоўваюць змены сістэмы галасавання, калі на выбарах у Венгрыі зноў пераможа Орбан