Расійскія дроны дзейнічаюць ва Украіне праз беларускі роўмінг
Дарадца міністра абароны Украіны Сяргей Бяскрэстнаў (пазыўны «Флэш») піша ў фэйсбуку, што ў Расіі ёсць некалькі мабільных аператараў, але адзін з іх — «Тэле2» (цяпер t2) — найбольш актыўна выкарыстоўваецца ў ваенных мэтах супраць Украіны. І ў пэўных момантах дапамога яму прыходзіць з Беларусі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo / Efrem Lukatsky
Па словах Бяскрэстнага, у беспілотніках тыпу «шахед» ставяцца SIM-карты аператара t2. Яны нібыта спецыяльна заказваюцца і перадаюцца вытворцам дронаў.
«Ва Украіне роўмінг для SIM-карт аператара «Тэле2» на «Шахедах» заблакаваны, але ўздоўж межаў «Шахеды» атрымліваюць паслугі роўмінгу, напрыклад, ад беларускіх аператараў. Таксама SIM-карты могуць працаваць у роўмінгу ад польскіх або румынскіх аператараў, пралятаючы ўздоўж межаў з гэтымі краінамі», — піша Бяскрэстнаў.
Таксама ён выказвае меркаванне, што падобныя SIM-карты могуць выкарыстоўвацца і ў іншых беспілотніках, якія з’яўляюцца ў розных еўрапейскіх краінах.
Таму, лічыць Сяргей Бяскрэстнаў, міжнародныя аператары сувязі павінны спыніць супрацоўніцтва з гэтым аператарам — у прыватнасці, разарваць дамовы аб роўмінгу і ўзаемадзеянні сетак — каб абмежаваць яго дзейнасць толькі тэрыторыяй Расіі.
Чытайце таксама:
Чаму Расія атакуе Украіну «шахедамі» ўдзень: змена тактыкі з мэш-сістэмамі і палёты «статкамі»
Дэфіцыт сродкаў СПА ці абхадныя маршруты: чаму аб’екты ў Расіі пастаянна цярпяць ад удараў УСУ