Вайна11

Дэфіцыт сродкаў СПА ці абхадныя маршруты: чаму аб’екты ў Расіі пастаянна цярпяць ад удараў УСУ

З канца сакавіка Украіна наносіць масіраваныя паспяховыя ўдары па буйных вайсковых і прамысловых аб’ектах у глыбіні расійскай тэрыторыі. Чым выкліканы такі рэзкі рост паспяховасці ўкраінскіх удараў, разбіраецца вайсковы аналітык Рускай службы Бі-бі-сі Ілья Абішаў.

Нафтавы тэрмінал ва Усць-Лузе пасля ўкраінскай атакі. Фота: Getty Image

На гэты момант ёсць пацверджаныя паведамленні пра моцныя пажары і разбурэнні як мінімум у дзевяці лакацыях — у Прыморску, Усць-Лузе і Кірышах Ленінградскай вобласці, Яраслаўлі і Уфе, у Кстове Ніжагародскай вобласці, Тальяці і Чапаеўску Самарскай вобласці, Новарасійску.

Большасць пацярпелых аб'ектаў звязаная з нафтавай інфраструктурай, некаторыя з іх былі атакаваныя па некалькі разоў — так, па марскім порце і нафтавым тэрмінале ва Усць-Лузе было нанесена пяць удараў.

Акрамя таго, у ноч на 8 красавіка ўкраінскія беспілотнікі атакавалі нафтабазу ў Феадосіі ў анексаваным Крыме.

Чуткі пра альтэрнатыўныя маршруты

У панядзелак, 6 красавіка, прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава прыгразіла прыняць меры супраць краін Балтыі, фактычна абвінаваціўшы іх у рашэнні адкрыць паветраную прастору для пралёту ўкраінскіх беспілотнікаў, якія атакуюць расійскія аб'екты.

«Гэтым краінам было зроблена адпаведнае папярэджанне. Калі ў гэтых рэжымаў, гэтых краін розуму хопіць, яны прыслухаюцца. Калі не, будуць мець справу з адказам», — цытаваў Захараву «Інтэрфакс».

Але адкуль узяліся гэтыя заявы пра нібыта адкрыццё неба для ўкраінскіх дронаў краінамі Балтыі?

Мінабароны Расіі, чые сродкі сачэння могуць кантраляваць паветраную прастору сумежных краін — членаў НАТА, падобных заяў не рабіла.

Адным з першых з такім сцвярджэннем выступіла расійскае праўладнае выданне Mash. У паведамленні ад 26 сакавіка яно заявіла, што дроны УСУ сталі лётаць да расійскіх партоў на Балтыцы не звыклым кароткім шляхам — з поўначы Чарнігаўскай або Сумскай вобласці, уздоўж мяжы з Беларуссю, Латвіяй і Эстоніяй, а нібыта па альтэрнатыўным маршруце — праз Польшчу, Латвію, Літву, Эстонію і акваторыю Балтыйскага мора.

Ніякіх пацвярджэнняў сказанаму або спасылак на крыніцу Mash не прывёў. Тым не менш, многія Z-блогеры падхапілі гэту версію і сталі распаўсюджваць яе нібыта як даказаны факт. А 31 сакавіка чуткі пракаментаваў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў. Не ацэньваючы дакладнасць інфармацыі, ён сказаў, што, калі краіны ЕС дадуць сваю паветраную прастору для нанясення ўдараў па тэрыторыі Расіі, гэта вымусіць Маскву прыняць меры ў адказ.

Улады Латвіі і Эстоніі заявілі, што інфармацыя расійскіх СМІ пра дазвол на выкарыстанне паветранай прасторы ўкраінскімі БПЛА не адпавядае рэчаіснасці.

«Такімі заявамі Расія дэманструе сваю слабасць і спрабуе адцягнуць увагу ад таго факта, што яна не ў стане засцерагчы сябе ад паспяховых украінскіх контратак, накіраваных на расійскую інфраструктуру ўздоўж узбярэжжа Балтыйскага мора», — адрэагавала МЗС Латвіі.

Балтыйскія краіны і не маглі ў аднабаковым парадку выдаць дазвол на пралёт украінскіх дронаў, піша тэлеграм-канал «Можем объяснить»: іх неба ахоўвае спецыяльная місія НАТА — Baltic Air Policing, у ёй удзельнічае баявая авіяцыя розных краін — членаў Альянсу.

«Гэта значыць, дазвол на пралёт украінскіх БПЛА патрабаваў бы ўзгадненняў на ўзроўні ўсяго НАТА: такое рашэнне нельга прыняць тайна і яно не засталося б незаўважаным заходнімі СМІ», — адзначае выданне.

Выклікае вялікія сумневы і магчымасць незаўважнага для жыхароў адразу чатырох краін Усходняй Еўропы пралёту такой вялікай колькасці дронаў — у атаках на расійскія парты і нафтазаводы ў Ленінградскай вобласці ўдзельнічалі сотні баявых адзінак.

Разам з тым падчас украінскіх атак некалькі беспілотнікаў упалі на тэрыторыі краін Балтыі. Улады Латвіі і Эстоніі заявілі, што яны заляцелі з расійскага боку, гэта значыць, рухаліся па сваім звычайным маршруце. Яшчэ два ўкраінскія дроны ўпалі ў Фінляндыі, прыкладна за 100 км ад атакаванага Прыморска.

Украінцы прынеслі прабачэнні, але выказалі сваю версію таго, што адбылося: нібыта Расія наўмысна перанакіроўвае дроны ў краіны Балтыі з дапамогай сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Масква гэтае сцвярджэнне не каментавала.

Далёкія дроны могуць адхіляцца ад цэлі не толькі пад уздзеяннем РЭБ, але і па іншых тэхнічных прычынах. Пры масіраваных налётах гэта адбываецца даволі часта.

Падчас удараў па заходняй Украіне расійскія БПЛА не раз заляталі ў Польшчу, Малдову і Румынію. У верасні 2025 года камандаванне НАТА падымала ў паветра знішчальнікі і верталёты для адбіцця налёту амаль двух дзясяткаў дронаў, якія ўварваліся ў паветраную прастору Польшчы.

Пасля інцыдэнтаў з падзеннямі ўкраінскіх дронаў Эстонія рэкамендавала Украіне змяніць маршруты палётаў для атак на расійскія парты — выбіраць калідоры далей ад эстонскіх межаў.

Порт Усць-Луга, спадарожнікавы здымак PlanetLabs ад 8 красавіка 2026 года. У цэнтры здымка бачныя выпаленыя нафтавыя цыстэрны. Фота: Planetlabs

«Аднымі толькі «Панцырамі» не абысціся»

Версіяй пра выкарыстанне УСУ абхаднога маршруту дронавых атак па расійскіх партах і НПЗ ў Ленінградскай вобласці патлумачыць рост іх выніковасці не атрымліваецца: адчувальныя ўдары ідуць і па іншых стратэгічных аб'ектах на розных кірунках.

Як відаць па карце, перакласці адказнасць на трэція краіны за няўдачы расійскай СПА ў цэнтральных рэгіёнах, на Кубані і ў Паволжы будзе праблематычна. І гэта толькі буйныя прадпрыемствы, атакаваныя з 22 сакавіка. Паведамленні пра выбухі і пажары ў Расіі і на акупаваных украінскіх тэрыторыях сталі рэгулярнымі.

«Праціўнік, выбіваючы сродкі СПА/СРА ў Крыме, пераходзіць на нашы ракетныя комплексы і РСЗА. Актыўнасць яго БПЛА і БЭКаў (безэкіпажных катараў — Бі-бі-сі) у Чарнаморскай акваторыі не слабее — пад ударамі і Севастопаль, і Новарасійск. І таксама ідзе паляванне на адзіночныя — цывільныя (!) караблі ў Чорным і Азоўскім марах. Чарнаморскі флот рэгулярна атакуюць у гаванях, і зыходзячы з гэтага можна канстатаваць, што ініцыятыва ў акваторыі, на жаль, нам не належыць», — піша расійскі ваенкар, галоўрэд выдання «Сегодня.ру» Юрый Кацянок.

Удары з выкарыстаннем дальнабойных БПЛА нарошчваюць і расійская, і ўкраінская арміі. Пры гэтым у сакавіку, паводле афіцыйных даных бакоў, Украіна ўпершыню за гады вайны пераўзышла Расію па колькасці запушчаных далёкіх беспілотнікаў.

Паветраныя сілы Украіны заявілі, што на працягу сакавіка былі збітыя 5833 расійскія беспілотнікі з 6462 запушчаных. А Мінабароны Расіі адсправаздачылася пра 7347 збітых украінскіх дронаў, колькасць запушчаных/прапушчаных расійскае абароннае ведамства, як звычайна, не пазначае.

На фоне росту колькасці атак украінскіх дронаў deep-strike расійскія вайсковыя блогеры ўсё часцей сталі скардзіцца на недахоп ракет супраць іх.

«Нагрузка на СПА будзе толькі расці, і аднымі толькі «Панцырамі» ва ўмовах дэфіцыту ЗКР (зенітных кіраваных ракет — Бі-бі-сі) не абысціся. Канфлікт на Блізкім Усходзе паказаў, да чаго можа прывесці спадзяванне толькі на ЗРК (зенітна-ракетныя комплексы — Бі-бі-сі)», — жаляцца аўтары канала «Свидетели Байрактара», карэспандэнты «РИА Новости» Сяргей Шылаў і RT Аляксандр Харчанка.

«Праціўнік дамогся ў лютым—сакавіку немалых поспехаў у знішчэнні нашай СПА», — прызнае кіраўнік Каардынацыйнага цэнтра дапамогі Наваросіі Аляксандр Любімаў.

«Як настуства папярэдняга фактара (але не толькі яго) яму ўдалося нанесці шэраг вельмі сур'ёзных удараў (Воткінскі завод, Прыморск, Усць-Луга, Кірышы, Выбарг і гэтак далей). Ударамі па Усць-Лузе і Прыморску ён у значнай ступені абнуліў нашы выгады ад павышэння сусветных цэн на нафту. Праграма вытворчасці ракет і дронаў далёкага радыуса дзеяння ў ворага імкліва развіваецца, і праз некалькі месяцаў ракетныя ўдары, падобныя да Прыморска, стануць куды больш частымі», — прагназуе Любімаў.

Украіна хутка нарошчвае маштабы вытворчасці сучасных дронаў рознага прызначэння

«Апошняя мяжа абароны — яна ж і адзіная»

Зараз Расія сутыкнулася з тымі ж цяжкасцямі, што і Украіна два-тры гады таму, калі налёты расійскіх «шахедаў» сталі масавымі. Ужо тады было зразумела, што аднымі зенітнымі ракетамі праблему не вырашыць — яны занадта дарагія, ніводная краіна свету не вырабляе іх у колькасці, дастатковай для адбіцця атак тысяч параўнальна танных беспілотнікаў.

Да таго ж з-за імклівага развіцця вытворчасці ўкраінскіх дронаў, асабліва сярэдняй далёкасці дзеяння — да 200 км, расійская армія нясе вялікія страты франтавой і прыфрантавой СПА, яна вымушаная пастаянна перакідаць радары і пускавыя ўстаноўкі бліжэй да зоны канфлікту для прыкрыцця войскаў, агаляючы абарону неба на іншых участках.

У Расіі велізарная тэрыторыя і вельмі шмат буйных уразлівых аб'ектаў. Мяркуючы па тым, што пішуць Z-блогеры, Расіі крытычна не хапае сіл і сродкаў у глыбіні яе тэрыторыі, суцэльная занальная СПА фактычна адсутнічае, адносна надзейна прыкрываюцца толькі найбольш буйныя адміністрацыйныя цэнтры і важныя вайсковыя і прамысловыя аб'екты.

Але і шчыльная аб'ектавая СПА не заўсёды здольная адбіць масіраваны налёт.

«Асноўная цяжкасць, з якой сутыкнуліся нашы там (ва Усць-Лузе — Бі-бі-сі) — гэта адбіццё атак з боку заліва. Паколькі аб'екты знаходзяцца проста на беразе, пры такой траекторыі апошняя мяжа абароны (проста на тэрыторыі аб'екта) — яна ж і адзіная, — піша расійскі вайсковы паліттэхнолаг Аляксей Чадаеў. — Так не павінна быць. Простае правіла: абарона павінна быць эшаланаванай, межаў павінна быць больш за адну. Патрэбная хаця б плюс яшчэ адна вынесеная наперад, хай на некалькі кіламетраў, мяжа абароны».

З аналагічнымі праблемамі сутыкаюцца чарнаморскія партовыя гарады — украінская Адэса, расійскі Новарасійск — пры атаках БПЛА з боку мора.

«Дальналёты — штукі вялікія, цяжкія і недарагія. І пры гэтым нават зараз дастаткова ўпэўнена збіваюцца дронамі-перахопнікамі — куды больш кампактнымі, шустрымі і таннымі. І ўсё, што трэба для таго, каб шкоду ад налётаў звесці да мінімуму — рабіць шмат перахопнікаў, трэніраваць МАГі (мабільныя агнявыя групы — Бі-бі-сі) і наладзіць нарэшце своечасовае выяўленне, як гэта даўно ўжо зрабіў праціўнік са сваёй сеткай акустычных датчыкаў», — раіць расійскі эксперт.

Не ідэальны, але найлепшы

Як і Украіна, Расія распрацоўвае і ўкараняе дроны-перахопнікі. Самы распаўсюджаны з тых, што стаяць на ўзбраенні расійскай арміі — партатыўны дрон «Ёлка» — мае неадназначную рэпутацыю.

З аднаго боку, пра яго можна знайсці шмат хвалебных водгукаў:

«Ёлку» нельга назваць ідэальнай, але на гэты момант гэта найлепшае антыдронавае прыстасаванне, якое ўжываецца на франтах СВА», — піша расійскі прапагандыст Дзмітрый Сцешын.

З іншага боку, на думку экспертаў, расійская распрацоўка значна адстае па характарыстыках і якасці ад украінскіх мадэляў.

Расійскі дрон-перахопнік «Ёлка». Фота: Alexander Kovalenko

«На справе дрон адчувальны да умоў надвор'я, перападаў тэмпературы, захоплівае цэль, якая рухаецца з хуткасцю да 80 км/г, у адваротным выпадку яго прымяненне наўздагон мае нізкую паспяховасць. Акрамя таго, дрон не любіць дождж, моцны вецер, прыцемак і яркае сонечнае святло. Пра выкарыстанне дрона ноччу і зусім гаворкі не ідзе», — гаворыць украінскі вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка.

Сярод недахопаў «Ёлкі» адзначаюць таксама абмежаваны сектар стрэлу, невысокі рэсурс батарэі, невялікую вышыню і далёкасць палёту, доўгі час падрыхтоўкі да пуску.

Дапрацоўкі расійскіх супрацьдронавых узбраенняў ідуць, але гэтага мала. Для паспяховага супрацьдзеяння ўкраінскім ударным беспілотнікам патрабуюцца не толькі перахопнікі, але і спадарожнае абсталяванне — надзейная сувязь, сістэмы выяўлення і сачэння, акустычныя датчыкі, якія выяўляюць БПЛА і ракеты (ва Украіны іх ужо дзясяткі тысяч), пункты кіравання FPV-дронамі.

На стварэнне такой вайсковай інфраструктуры патрабуюцца значныя рэсурсы і, галоўнае, час.

Каментары1

  • Майк
    09.04.2026
    У “харошых рускіх” з руzzкай службы бі-бі-сі Крым на картах пазначаны расейскім. Во дзе імперцы, не дарма кажуць, што няма харошых рускіх, усе яны імперцы

Цяпер чытаюць

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек5

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

Таксі папрасілі ў МАРГ дазволу падняць тарыфы1

Польскія ўлады апраўдалі беларуса, які падаваўся на карту побыту з пашпартам Новай Беларусі26

Зяленскі заявіў, што не збіраецца выводзіць войскі з Данбаса4

Мужчына з Віцебшчыны праз 21 год дазнаўся, што дачка не яго20

За выбух у мінскім метро судзілі не толькі Канавалава і Кавалёва. Як склаўся лёс яшчэ трох фігурантаў справы?10

На будоўлі ў «Мінск-Свеце» буйны пажар1

У Вільні шукаюць дзяцей у беларускамоўную групу садка4

Энергетычны крызіс, выкліканы атакай на Іран, толькі пачынаецца. Ён можа стаць самым цяжкім у гісторыі6

Калеснікава: Апошнім канцлерам Германіі, які размаўляў з Лукашэнкам, была Меркель. Магчыма, патрэбна новая спроба30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек5

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць