БЕЛ Ł РУС

У магілёўскім касцёле з'явіцца каштоўны абраз

22.04.2026 / 23:33

Nashaniva.com

Урачыстае ўнясенне абраза святога Мікалая і яго рэліквій у кафедральны касцёл Магілёва анансаваў на сваёй старонцы біскуп Аляксандр Яшэўскі. Падрабязнасцяў у абвестцы не было, але выданне Katolik.life заўважыла, што ікона, якая з'явіцца ў магілёўскім касцёле, — з той самай серыі 12‑ці каштоўных «абразоў-сясцёр» Мікалая Кузьміча, пра якія паведамлялася раней.

Гэты ж абраз святога Мікалая асвячаў кардынал Клаўдыа Гуджэроці падчас свайго прыезду ў Пінск. Іконы вырабляе разам з сынам вядомы майстар-ювелір — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Кузьміч, які ўзнавіў знакаміты крыж Еўфрасінні Полацкай.

Працэс стварэння кожнага абраза — у сярэднім 6‑8 месяцаў. Яны вырабляюцца з выкарыстаннем тэхнікі перагародкавай эмалі, уключаючы тэхніку старажытнавізантыйскай эмалі, як паказваў сам майстра. Асноўнымі матэрыяламі абразоў з'яўляюцца золата, срэбра, каштоўныя і напаўкаштоўныя камяні.

Улічваючы кошт такога абраза, без дапамогі мецэнатаў наўрад ці ён мог бы з'явіцца ў небагатай парафіі. Раней іконы з гэтай жа серыі былі перададзеныя невялікім касцёлам у Ружанах, Пружанах і іншых месцах.

Пра паходжанне рэліквій святога Мікалая, якія з'явяцца ў Магілёве, паведамляецца, што яны дастаўленыя з горада Бары ў Італіі, дзе захоўваюцца мошчы святога. Вернікі маюць надзею, што сапраўднасць рэліквій пацверджаная дакументамі і іх неабходную верыфікацыю правялі спецыялісты ў гэтай сферы, каб пазбегнуць магчымых фальсіфікацый — з улікам папярэдняй дзейнасці некаторых мецэнатаў.

Чытайце таксама:

Майстар, які ўзнавіў крыж Еўфрасінні Полацкай, стварае ўнікальную серыю абразоў для касцёлаў Беларусі

З'явіліся версіі, чаму маглі затрымаць каталіцкага святара з-пад Вілейкі

Дзе ў Беларусі засталіся грэка-каталіцкія парафіі і колькі іх?

Польскім каталіцкім святарам маглі забараніць служыць у Беларусі за спрыянне грэка-каталікам

Каментары да артыкула