Беларускі прыхільнік «рускага свету» ледзь не выступіў на канферэнцыі ў Літве. Яго выкраслілі ў апошні момант
У Вільні з праграмы праваслаўнай канферэнцыі ў астатні момант прыбралі беларускага гісторыка і пазаштатнага святара Аляксея Хацеева, які вядомы як прыхільнік ідэй «рускага свету». На яго прысутнасць сярод удзельнікаў мерапрыемства звярнулі ўвагу журналісты LRT.
Аляксей Хацееў
Канферэнцыя прайшла 26 красавіка ў віленскім Прачысценскім кафедральным саборы і была прысвечаная 680‑годдзю храма і гісторыі праваслаўя ў Літве. Аднак спіс удзельнікаў выклікаў пытанні праз ранейшыя публічныя выразна прарасійскія заявы некаторых заяўленых выступоўцаў, сярод якіх быў і Аляксей Хацееў з Беларусі.
Журналісты звярнулі ўвагу, што Хацееў раней называў украінскі Еўрамайдан «дзяржаўным пераваротам», а Крым — «рускай зямлёй».
Пасля журналісцкага запыту арганізатары канферэнцыі хуценька пазбавіліся ад Хацеева на канферэнцыі.
«Згаданыя вамі палітычныя выказванні святара Аляксея Хацеева сталі для нас нечаканасцю. Дзякуем за пададзеную інфармацыю», — паведамілі ў Літоўскай праваслаўнай епіскапіі.
У выніку, нягледзячы на тое, што тэма дакладу Хацеева «не выклікала пытанняў», было прынята рашэнне «выключыць яго выступленне з праграмы канферэнцыі».
Ураджэнец расійскага Яраслаўля Аляксей Хацееў цяпер працуе старшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле гісторыі Беларусі канца XVIII — пачатку ХХ стагоддзяў Інстытута гісторыі НАНБ. Ён выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі і гістарычнага факультэта БДУ. У 2017—2020 гадах быў аспірантам кафедры гісторыі Расіі БДУ, у 2021 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную расійскім гістарычна-літаратурным часопісам другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзя як крыніцы па гісторыі Беларусі.
Доўгі час працаваў у рэдакцыі праваслаўнай газеты «Воскресение», якая адзначалася заходнерускімі поглядамі, быў настаяцелем храма Іаана Кранштацкага ў Мінску. Пэўны час выкладаў англійскую мову і гісторыю ў школе. У Інстытуце гісторыі НАНБ стаў працаваць з канца 2022 года.
На праграму канферэнцыі, у якой і пасля выдалення Хацеева, заставаліся выразна прарасійскія ўдзельнікі з краін Еўрасаюза, звярнула ўвагу таксама Міністэрства замежных спраў Літвы. Яно паведаміла, што сам факт правядзення такіх мерапрыемстваў не парушае закон, аднак іх змест павінен заставацца ў межах прававога поля.
У МЗС падкрэслілі, што Канстытуцыя Літвы гарантуе свабоду слова і веравызнання, але рэлігійныя пляцоўкі не могуць выкарыстоўвацца для дзейнасці, якая супярэчыць законам і Канстытуцыі краіны.
Таксама ведамства выказала надзею, што канферэнцыя не стане палітычнай платформай. Асабліва падкрэсліваецца, што яна не павінна выкарыстоўвацца для апраўдання расійскай агрэсіі супраць Украіны або распаўсюджвання ідэй так званага «рускага свету».
Асобна МЗС нагадала, што Літоўская праваслаўная царква ўжо раней выказвала пазіцыю супраць вайны і заяўляла пра імкненне да большай незалежнасці ад Масквы, таму чакаецца паслядоўнасць у гэтых прынцыпах.
Адносна ўдзельнікаў канферэнцыі ў ведамстве адзначылі, што ў некаторых з іх ёсць спрэчныя публічныя пазіцыі і выказалі надзею, што адпаведныя органы ацэняць мерапрыемства з пункту гледжання магчымых пагроз бяспецы дзяржавы і грамадскаму парадку.
Чытайце таксама:
Паплечніка Бондаравай выклікаў ГУБАЗіК
Кіраўнік дыяспары беларусаў у Крыме выступіў у падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны
Стала вядома, за што год таму судзілі Вольгу Бондараву
У Літве ненавісніку беларусаў далі хатнюю хімію і забаранілі карыстацца інтэрнэтам