Гандляры адзеннем, супрацоўнікі аграсэрвісу і КДБ. Хто працуе ў арганізацыі, адказнай за ядзерны могільнік у Беларусі?
Пасля таго як «Беларускую арганізацыю па абыходжанні з радыёактыўнымі адкідамі» (БелРАА) узначаліў экс-супрацоўнік КДБ, на сайце прадпрыемства схавалі яго кадравы склад, прыбраўшы адпаведны пункт меню. У сувязі з гэтым выданне «Флагшток» вырашыла даведацца падрабязнасці пра тых работнікаў БелРАА, спіс якіх удалося захаваць, каб паглядзець, хто адказны за пахаванне радыеактыўных адкідаў у Беларусі, — і моцна здзівіўся.
Вывучыўшы дзеянні каманды БелРАА — іх сустрэчы з грамадзянамі, матывацыйныя відэа, журналісты засумняваліся ў кваліфікацыі работнікаў. І ў выніку высветлілі, што профільных спецыялістаў сярод персаналу аказалася няшмат.
Як высветліў «Флагшток» з дапамогай «Кіберпартызан», камандай, якая адказвае за выбар пляцоўкі пад сховішча радыёактыўных адкідаў (яно можа з’явіцца ў Хойніцкім, Мсціслаўскім або Астравецкім раёнах), кіруюць зусім не профі — дырэктар і яго намеснік не маюць адпаведнай адукацыі і вопыту. Вось асноўнае пра работнікаў, чые асобы вядомыя.
Так выглядаў спіс супрацоўнікаў прадпрыемства ў пачатку красавіка 2026 года. «Флагшток» дадаў фота новага дырэктара — былога работніка КДБ Міхаіла Кісяля замест здымка Дзмітрыя Логвіна.
Калектыў БелРАА. Фота: тэлеграм-канал прадпрыемства
Арганізацыя, адказная за шматвекавое захоўванне радыеактыўных адкідаў, пачынала сваю дзейнасць пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Логвіна, які скончыў энергетычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога і працаваў у газавай энергетыцы.
Пра новага кіраўніка БелРАА раней ужо паведамлялася. Гэта Міхаіл Кісель, у паслужным спісе якога, акрамя пасады «вайсковец в/ч 10091» (Цэнтральны апарат Камітэта дзяржаўнай бяспекі) да моманту паступлення на службу ў ахову БелАЭС, ніякіх іншых спецыяльнасцяў няма наогул. Звесткі пра яго адукацыю недаступныя.
Аналагічная сітуацыя з намеснікам дырэктара БелРАА, які таксама не з’яўляецца кампетэнтным спецыялістам. Гэта Віктар Кудзін, які працаваў у Камітэце дзяржкантролю з 1996 года (на той момант — Служба кантролю прэзідэнта) да моманту прызначэння ў БелРАА ў 2023 годзе, калі была створана гэтая арганізацыя. У звестках пра яго адукацыю значыцца толькі Акадэмія кіравання пры прэзідэнце.
Не толькі Кісель — у калектыве аказаўся яшчэ адзін экс-супрацоўнік КДБ, які прыйшоў у БелРАА з Адміністрацыі Лукашэнкі
Яшчэ двух работнікаў БелРАА асобна ўстанавілі «Кіберпартызаны». Адзін з іх — Аляксандр Яцкоўскі, якім таксама ўкамплектавалі прадпрыемства ў 2023 годзе.
Ягоная дакладная пасада на БелРАА невядомая, ён не прадстаўлены ні на сайце, ні ў інфармацыйных каналах прадпрыемства, а вось папярэднімі месцамі працы — яшчэ ў тым жа 2023 годзе — значацца:
- Адміністрацыя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
- Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь
- Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ
- Кіраўніцтва справамі прэзідэнта РБ
- Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў
У гэтых месцах ён працаваў у перыяд з 2012 года. Прыкметна, што ніякіх згадак у інтэрнэце пра яго ў сувязі з гэтымі органамі ўлады няма. Да таго як трапіць у «вышэйшыя эшалоны ўлады», Яцкоўскі працаваў на ААТ «Агат — электрамеханічны завод». А яшчэ раней, з 2003 года, ён быў операўпаўнаважаным Упраўлення вайсковай контрразведкі КДБ.
Інжынер па абыходжанні з радыёактыўнымі адходамі да гэтага працавала ў Zara
Начальніца сектара юрыдычнай і кадравай работы Настасся Пятрова пачынала сваю кар’еру ў ААТ «Бешанковічы Аграсэрвіс». Затым у спісе — аддзел адукацыі райвыканкама, прадпрыемствы «Віцебскаблгаз» і «Дзяржэнергагазнагляд». З 2023 года — БелРАА.
Настасся Пятрова. Скрыншот з відэа
Інжынер па абыходжанні з радыёактыўнымі адкідамі Ганна Крывецкая раней і зусім займалася… продажам адзення. Яна працавала ў прыватным прадпрыемстве ТАА «ЗАРА БЛР» (рознічны гандаль адзеннем у спецыялізаваных крамах) у 2022 годзе, затым — у Рэспубліканскім цэнтры тэхнічнай творчасці.
Скрыншот з сайта БелРАА
Начальнік аддзела капітальнага будаўніцтва, інфармацыйных тэхналогій і транспартнага забеспячэння Павел Зяльчан, як аказалася, доўга не затрымліваўся на пасадах і за апошнія гады змяніў больш за дзесятак месцаў працы. У асноўным гэта былі прыватныя прадпрыемствы. Прычым іх спецыялізацыя была самая разнастайная — ад мэблі і запчастак да электронікі і ветэрынарных тавараў.
Ягоны намеснік Дзмітрый Пятровіч раней таксама працаваў на прыватных прадпрыемствах, а ў дзяржаўных арганізацыях быў таксама намеснікам начальніка (напрыклад, у «Белінвестэнергазберажэнні»).
Таццяна Лісяновіч. Фота: БелРАА
З вопытам прыйшла ў БелРАА начальніца вытворча-тэхнічнага аддзела Таццяна Лісяновіч. Яна каля сямі гадоў працавала ў інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны».
А вось у спецыяліста па радыяцыйнай бяспецы і ахове навакольнага асяроддзя Настассі Басак няма такога бэкграўнду. БелРАА стала яе першым месцам працы — у 2023 годзе яна яшчэ абараняла дыплом. Праўда, адукацыю мае профільную — скончыла Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя Сахарава БДУ.
Настасся Басак. Фота: БелРАА
Знайшоўся ў калектыве і яшчэ адзін кваліфікаваны работнік — гэта лабарантка Наталля Колбун. Яна мае адукацыю хіміка, аднак да працы ў БелРАА ў сферы абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі заўважаная не была.
«Кампетэнтны ў нас толькі прэзідэнт»
«Флагшток» патэлефанаваў ад імя неабыякавага грамадзяніна на тэлефонную лінію БелРАА «Праверана. Даставерна». Там пацвердзілі, што «ў нас такой інфармацыі на сайце цяпер няма». На пытанне, ці ёсць у кіраўніка Міхаіла Кісяля профільная адукацыя, адказалі:
«Чалавек прыйшоў не проста так з вуліцы, чалавек прыйшоў ведаючы і разумеючы».
Пра яго адукацыю адказу так і не далі, але прагучала наступнае:
«Кампетэнтны ў пытаннях месца захоўвання [адкідаў БелАЭС] у нас толькі прэзідэнт. […] Канчатковае рашэнне аб размяшчэнні нашага аб’екта будзе прымацца на ўзроўні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
На прамое пытанне, ці валодаюць спецыялісты БелРАА дастатковымі кампетэнцыямі, каб зрабіць неабходнае заключэнне аб пляцоўцы пад ядзерны магільнік, супрацоўніца адказала, што не мае права даваць ацэнку кампетэнтнасці іншых работнікаў. Інфармацыю аб адукацыі спецыялістаў БелРАА яна таксама даць адмовілася.
Афіцыйны спіс задач і функцый БелРАА з сайта прадпрыемства прадугледжвае наяўнасць інжынераў па абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі, радыяхімікаў, спецыялістаў па радыяцыйнай бяспецы, аператараў тэхналагічных установак, праекціроўшчыкаў, эколагаў
«Камерцыйна-бюракратычная пракладка, здольная асвойваць бюджэт праз звыклыя ланцужкі паставак»
Такі кадравы склад прадпрыемства пракаментаваў «Флагштоку» радыяцыйны хімік, эксперт па хімічнай і радыяцыйнай бяспецы, запрошаны даследчык Інстытута глабальных катастрафічных рызык Сяргей Бесараб:
«Гэта дакладна не эксплуатуючая атамтэх арганізацыя нацыянальнага ўзроўню. Гэта нешта тыповае постсавецкае, камерцыйна-бюракратычная пракладка, здольная асвойваць бюджэт праз звыклыя ланцужкі паставак. Кадравы склад — гэта зборная салянка са студэнтаў, гандляроў аптовымі таварамі, рыэлтараў, школьных метадыстак і аўдытараў Камітэта дзяржкантролю, якая абсалютна не ўкладваецца ў паняцце «праца з ядзернымі адкідамі».
Эксперт адзначае, што крыху выпадае з агульнай канвы Лісяновіч, і з усяго пераліку супрацоўнікаў толькі яна (меркавана) зможа прачытаць якія-небудзь тэхнічныя справаздачы французскіх ці фінскіх атамшчыкаў, якія працуюць з радыеактыўнымі адкідамі — менавіта ў гэтых краінах цяпер акумуляваны найлепшы сусветны досвед у абыходжанні з РАА.
«Астатнюю каманду можна назваць бескарыснай. Як аптовыя прадаўцы будуць ацэньваць цеплавыдзяленне высокаактыўных ашклянёных зборак і прэсавае абсталяванне для кампактызацыі іёнаабменных смол? Верагодна, па маржынальнасці закупкі. Магчыма, калі супрацоўнікі схопяць гадавую дозу праз няправільна адкалібраваны экран (таму што іх начальнік паняцця не мае пра імавернасны аналіз бяспекі), ім проста выдадуць пратэрмінаваны ёдамарын са складоў».
Сяргей Бесараб. Фота: «Зялёны партал»
Спецыяліст звяртае ўвагу, што за арганізацыйную надзейнасць і культуру бяспекі, мяркуючы па ўсім, будзе адказваць Кудзін, які 21 год правёў у Камітэце дзяржкантролю:
«У сімбіёзе з чыноўнікамі з «аддзела адукацыі» і газаўшчыкамі, падыход да эксплуатацыі могільніка, хутчэй за ўсё, будзе грунтавацца на ўтойванні любых праблем. Калі кантэйнеры ПЗРА пачнуць падцякаць, хутчэй за ўсё, Кудзіну не даложаць з-за страху атрымаць крымінальны артыкул, а сам ён не адрозніць дазіметр ад тэрмометра. Культура бяспекі на гэтым аб’екце мёртвая да яго адкрыцця».
Мы маем «кадравы салат аліўе» са спецыялістаў рознічнага гандлю і аграсэрвісаў, робіць выснову эксперт:
«Выкажу здагадку, што гэта азначае, што дзяржава не збіраецца будаваць высокатэхналагічнае шматбар’ернае (у патэнцыяле нават геалагічнае) сховішча для абароны насельніцтва. Яны збіраюцца банальна закапаць ядзерныя бочкі на ўзлеску па стандартах газаправодаў 90‑х гадоў пад наглядам «моцных гаспадарнікаў» і адстаўных кантралёраў. Па ўсіх законах здаровага сэнсу зразумела, што гэтая структура фізічна не здольная ні распрацаваць кампетэнтны адказ МАГАТЭ, ні правесці эка/радыяцыйную абарону праекта ПЗРА па сучасных нормах, ні тым больш кіраваць радыенукліднымі паводзінамі».
Перад выхадам расследавання журналіст «Флагштока» звязваўся з прыёмнай дырэктара БелРАА для атрымання афіцыйнага каментара. Сакратар паведаміла, што дырэктар Міхаіл Кісель зараз заняты, але ператэлефануе да абеду. Да вызначанага часу званка не было.
Чытайце таксама:
Кіраваць выбарам пляцоўкі для могільніка ядзерных адкідаў будзе былы супрацоўнік КДБ
Звольнілі кіраўніка прадпрыемства, якое выбірае месца пад могільнік для радыеактыўных адкідаў
Стала вядома, як будзе выглядаць могільнік для радыеактыўных адкідаў у Беларусі