У Польшчы завялі крымінальную справу пасля хакерскай атакі на kamunikat.org
У Польшчы распачалі крымінальную справу пасля хакерскай атакі на беларускую інтэрнэт-бібліятэку kamunikat.org, якая адбылася ў ноч на 7 мая, піша «Радыё Свабода».
Паведамленне, якое цяпер з'яўляецца пры спробе перайсці на сайт інтэрнэт-бібліятэкі
Заснавальнік праекта Яраслаў Іванюк паведаміў, што супрацоўнікі Беластоцкага аддзела польскага Бюро па барацьбе з кіберзлачыннасцю паставіліся да сітуацыі вельмі сур’ёзна. Ён падаў афіцыйную заяву і перадаў следчым тэхнічныя даныя, у тым ліку адрасы, з якіх адбывалася атака.
Іванюк таксама расказаў польскім праваахоўнікам, што яшчэ 3 сакавіка сайт быў прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем», а раней ужо была спроба ўзлому — у снежні мінулага года.
Па яго словах, польскія службы не выключаюць, што расследаванне могуць перадаць у Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы, улічваючы магчымую сувязь атакі з дзеяннямі беларускіх уладаў.
Цяпер працягваецца аднаўленне матэрыялаў бібліятэкі, каб яна магла аднавіць сваю працу.
Чытайце таксама:
Сайт анлайн-бібліятэкі «Камунікат» зазнаў магутную хакерскую атаку
Іванюк: Працы над аднаўленнем сайта Kamunikat.org ідуць
Матэрыялы сайта Kamunikat.org, які пацярпеў ад хакерскай атакі, аднавілі