БЕЛ Ł РУС

Чым небяспечна працяглае знаходжанне ў замкнёным невялікім калектыве

14.06.2026 / 07:00

Антось Жупран

Працяглае знаходжанне ў абмежаванай прасторы ў складзе невялікай групы людзей сур’ёзна цісне на чалавечую псіхіку. Даследаванне, праведзенае на аддаленай антарктычнай станцыі, паказала, што ва ўмовах поўнай ізаляцыі пастаяннае знаходжанне побач з аднымі і тымі ж асобамі не спрыяе ўмацаванню сувязяў, а наадварот — павялічвае рызыку ўзнікнення канфліктаў і нават псіхічных адхіленняў.

Удзельнікі еўрапейскай антарктычнай экспедыцыі развітваюцца з даследчай станцыяй «Канкордыя» пасля года, праведзенага ў Антарктыдзе. 7 снежня 2023 года. Фота: ESA / IPEV / PNRA, S. Freigang

Працяглая ізаляцыя лічыцца адным з найцяжэйшых выпрабаванняў для чалавечай псіхікі. Асабліва гэта датычыць сітуацый, калі людзі месяцамі жывуць і працуюць у невялікай групе, практычна не маючы магчымасці змяніць асяроддзе або кола кантактаў. Як піша Tagesspiegel, новае даследаванне вучоных са Швейцарыі і Германіі паказвае, што пастаянная блізкасць не заўсёды робіць людзей больш згуртаванымі. Наадварот, з часам яна можа ўзмацняць напружанне, недавер і псіхалагічныя цяжкасці.

Даследчыкі на працягу дзесяці месяцаў назіралі за экіпажам французска-італьянскай антарктычнай станцыі «Канкордыя» (Concordia), што знаходзіцца на вышыні каля 3200 метраў над узроўнем мора ў адным з самых ізаляваных месцаў планеты.

У даследаванні ўдзельнічалі дванаццаць чалавек. З-за кліматычных умоў з сярэдзіны лютага да сярэдзіны лістапада дабрацца да станцыі немагчыма, таму ўдзельнікі былі цалкам адрэзаныя ад знешняга свету. Увесь гэты час яны жылі і працавалі разам у замкнёнай прасторы.

Каб вывучыць сацыяльныя сувязі ўнутры групы, навукоўцы выкарыстоўвалі спецыяльныя датчыкі, якія фіксавалі, хто і як доўга кантактаваў з іншымі ўдзельнікамі. Акрамя таго, даследчыкі рэгулярна праводзілі апытанні, прысвечаныя ўзаемаадносінам у калектыве, адчуванню саматы, узроўню даверу і агульнаму псіхалагічнаму стану.

Вынікі паказалі, што па меры павелічэння тэрміну ізаляцыі ў групе раслі адзінота, недавер і колькасць канфліктаў. Адначасова слабелі згуртаванасць калектыву і суб’ектыўная ацэнка ўласнай эфектыўнасці.

Удзельнікі экспедыцыі назіраюць апошні захад сонца перад пачаткам палярнай ночы на антарктычнай станцыі «Канкордыя». 18 мая 2020 года. Фота: ESA / IPEV / PNRA, S. Guesnier

Асаблівую ўвагу даследчыкаў прыцягнула тое, што ў некаторых удзельнікаў праз некалькі месяцаў з’явіліся прыкметы лёгкай параноі. Некаторыя людзі пачыналі думаць, што калегі абмяркоўваюць іх за спінай або назіраюць за імі. У іх узнікала падазрэнне, што іншыя могуць зычыць ім ліха. Як адзначаюць аўтары, хоць гэтыя праявы не дасягалі ўзроўню сур’ёзных псіхічных захворванняў, яны былі дастаткова выразнымі, каб зафіксаваць істотныя адхіленні ад нормы.

Не менш цікавым стаў і іншы вынік. Большая колькасць сацыяльных кантактаў не азначала лепшага псіхалагічнага стану. Наадварот, людзі, якія часцей узаемадзейнічалі з іншымі членамі каманды, часцей паведамлялі пра канфлікты, узмацненне недаверу і зніжэнне працаздольнасці. Даследчыкі не выключаюць, што людзі, якія пакутавалі ад адзіноты, проста часцей шукалі кантактаў з іншымі, але не атрымлівалі ад гэтых зносін неабходнай падтрымкі.

Аўтары даследавання лічаць, што атрыманыя вынікі могуць быць важнымі для падрыхтоўкі будучых доўгатэрміновых касмічных місій на Месяц або Марс. Яны таксама маюць значэнне для іншых экстрэмальных умоў працы, дзе людзі працяглы час знаходзяцца ў ізаляцыі, напрыклад на падводных лодках або марскіх нафтавых платформах.

На думку даследчыкаў, назіранне за сацыяльнай дынамікай у такіх калектывах і своечасовая псіхалагічная падтрымка могуць стаць ключавымі фактарамі для захавання нармальнай атмасферы і эфектыўнай працы каманды.

Чытайце таксама:

Ад страты касцявой масы да пагаршэння зроку: як космас уплывае на арганізм чалавека

Ці варта хаваць свае сакрэты? І як зразумець, калі варта сказаць праўду, а калі — не?

Сакрэт, як жыць добра і пасля 90 гадоў — чалавечыя сувязі

Каментары да артыкула