БЕЛ Ł РУС

Дырэктар мінскай СТА прадаў як свой аўтамабіль кліента

23.07.2026 / 16:21

Nashaniva.com

У суд накіравалі крымінальную справу ў дачыненні да 40‑гадовага жыхара Мінска, якога абвінавачваюць у растраце маёмасці ў буйным памеры, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Фота ілюстрацыйнае

Мужчына кіраваў уласнай станцыяй тэхнічнага абслугоўвання. Да яго звярнуўся мінчук з просьбай адрамантаваць пасля сур'ёзнай аварыі аўтамабіль Mazda CX-9 2013 года выпуску, які належаў ягонаму цесцю. У той час уладальнік машыны знаходзіўся на заробках за мяжой і не мог сам займацца рамонтам.

Аўтамабіль на эвакуатары даставілі на СТА, а дырэктар атрымаў ключы і дакументы. Аднак рамонт зацягнуўся, бо неабходныя запчасткі былі дарагімі і іх было цяжка знайсці. У нейкі момант уладальнік нават разглядаў магчымасць прадаць машыну без рамонту, але пасля перадумаў і перааформіў яе на зяця. Пра гэта кіраўнік СТА не ведаў.

Неўзабаве былой уладальніцы аўтамабіля патэлефанаваў жыхар Брэста і пацікавіўся, калі яна плануе аформіць пераход права ўласнасці на машыну. Гэта выклікала падазрэнні, і сям'я высветліла, што дырэктар СТА без дазволу прадаў аўтамабіль за 7 тысяч даляраў, а атрыманыя грошы выкарыстаў на асабістыя патрэбы.

Купцу ён паведаміў, што дзейнічае з дазволу ўладальніцы і што ўсе дакументы будуць аформленыя пазней. Нават напісаў адпаведную распіску. Але пасля здзелкі купец заўважыў, што машына мае транзітныя нумары і ўжо зарэгістраваная на іншага чалавека. Ён знайшоў кантакты былой уладальніцы і звязаўся з ёй.

Пасля выкрыцця дырэктар СТА абяцаў вярнуць грошы, але слова не стрымаў. У выніку пацярпелы звярнуўся ў міліцыю. Памер нанесенай шкоды ацанілі ў 22 820 рублёў.

Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся. Аўтамабіль вярнулі законнаму ўладальніку, а купцу — выплачаныя за яго грошы.

Цяпер мужчыну абвінавачваюць паводле часткі 3 артыкула 211 Крымінальнага кодэкса Беларусі — у растраце маёмасці, якая была яму даверана, у буйным памеры. На час следства ў дачыненні да яго абралі меру стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва.

Чытайце таксама:

«Не змагла адмовіць сабе ў задавальненні патроліць». Як беларусы размаўляюць з тэлефоннымі аферыстамі

Пара з Гродна прыехала ў Мінск, каб аддаць аферыстам усе грошы

Спакуснік з Каўказа пад выглядам «спецназаўца ГРУ» метадычна дурыў беларускую турыстку

Каментары да артыкула