У Швейцарыі адкрыюць абноўлены помнік Тадэвушу Касцюшку
17 кастрычніка ў 13:00 у Stadtpark у швейцарскім горадзе Золатурн адбудзецца ўрачыстае адкрыццё абноўленага помніка Тадэвушу Касцюшку. Цырымонія пройдзе па-беларуску, пасля яе ўдзельнікі наведаюць размешчаны побач Музей Касцюшкі, піша Беларускі інстытут публічнай гісторыі.
Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Золатурне. Фота: Wikimedia Commons
Помнік быў усталяваны ў 2017 годзе да 200‑годдзя смерці Касцюшкі з ініцыятывы Алеся Сапегі, заснавальніка і тагачаснага кіраўніка Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі.
Сёлета ініцыятыва Maldzis разам з Фондам Марыі Магдалены Радзівіл, які ўзначальвае Сапега, абнавілі помнік: з’явіліся падмурак з беларускага валуна, новая мемарыяльная шыльда і брукаванка вакол яго. Камень апрацавалі, а шыльду вырабілі ў Мінску, пасля чаго матэрыялы даставілі ў Швейцарыю. Праект рэалізаваны на прыватныя сродкі Максіма Баграцова, Філіпа Дайнэкі і мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнай.
Менавіта ў Золатурне Касцюшка правёў апошнія гады жыцця і памёр 15 кастрычніка 1817 года.
Чытайце таксама:
У Швейцарыі абнавілі мемарыял Тадэвуша Касцюшкі
У Касцюшкаве знікла шыльда ў памяць пра Тадэвуша Касцюшку
Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць