Культура3636

З радавога гнязда ў Сяхновічах прыбралі бюст Касцюшкі. Замест экспазіцыі пра героя — зала генацыду беларускага народа

Ушанаванне памяці пра нацыянальнага героя Беларусі, ЗША, Польшчы і Літвы было адзінай прычынай, чаму ў вёсцы, дзе няма і сотні жыхароў, быў адкрыты раённы музей. 

Бюст Тадэвушу Касцюшку перад музеем у Малых Сяхновічах. Фота: Яндэкс Карты

Змены ў Малых Сяхновічах Жабінкаўскага раёна заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына».

На фотаздымках, зробленых падчас урачыстага адкрыцця 7 мая 2025 года пасля рэканструкцыі залы Вялікай Айчыннай вайны ў Жабінкаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, што месціцца ў вёсцы Малыя Сяхновічы, відаць, што на месцы бюста Тадэвуша Касцюшкі, які раней стаяў перад будынкам музея, цяпер знаходзіцца толькі невялікая лысая клумба.

@nashaniva Сціраюць памяць пра Касцюшку #касцюшка #костюшка #новости #политика #беларусь ♬ Paris - Else

Калі дакладна быў знесены помнік і дзе цяпер захоўваецца твор мастацтва, дакладна невядома. Яшчэ ў верасні 2024 года бюст стаяў на сваім месцы. 

Мясцовыя чыноўнікі стаяць на краю клумбы, дзе раней быў помнік Касцюшку. Фота: Zabinka.by

Паводле інфармацыі на сайце музея (беларускамоўная версія цалкам адсутнічае) сёння яго экспазіцыя прадстаўлена ў чатырох залах: зале этнаграфіі, дзе прадстаўлены экспанаты сялянскага побыту канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя, зале гісторыі Жабінкаўшчыны, зале Баявой Славы, прысвечанай падзеям Другой сусветнай вайны, і залы, дзе размяшчаецца экспазіцыя «Злачынствы фашызму. Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (такія экспазіцыі сталі з'яўляцца па ініцыятыве генеральнага пракурора Андрэя Шведа).

Дзіўнае дубляванне тэмы вайны ў музеі тлумачыцца тым, што яшчэ нядаўна замест залы «генацыду беларускага народа» быў асобны пакой, прысвечаны жыццю і дзейнасці генерала Тадэвуша Касцюшкі, якога называюць «героем трох кантынентаў». Інфармацыя пра пакой знаходзілася на галоўнай старонцы музея да канца 2022 года, відаць, па інерцыі, бо якраз у лютым таго ж года ў музеі з'явілася новая зала.

Калі не лічыць адрас — вуліца Тадэвуша Касцюшкі, 21 —

сёння імя Касцюшкі ні разу не згадваецца на сайце музея, хоць першапачаткова ўстанова стваралася менавіта з мэтай ушанавання яго памяці.

Рэканструкцыя плана сядзібы Касцюшкаў у Сяхновічах, выкананая Анатолем Федаруком. Ніякіх пабудоў і нават выяў сядзібы не захавалася. Фота: «Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны»

Хоць Тадэвуш Касцюшка і нарадзіўся ў маёнтку Мерачоўшчына каля Косава, сапраўдным радавым гняздом Касцюшкаў-Сяхновіцкіх з'яўляюцца Сяхновічы.

Тут Тадэвуш Касцюшка пасяліўся і пражыў чатыры гады пасля вяртання з ЗША, дзе браў удзел у вайне за незалежнасць. Гэта быў адзіны ўласны дом, які Касцюшка меў у дарослым жыцці. Астатні час жыў у вайсковых лагерах ды па чужых кутах.

Ад сядзібы ў Сяхновічах не засталося нічога, акрамя фрагментаў парку і ліпавай алеі, дрэвы якой датуюцца XVIII стагоддзем — часам, калі тут жыў Тадэвуш Касцюшка. Парк пры былой сядзібе прызнаны помнікам прыроды мясцовага значэння.

Парк Малыя Сяхновічы. Фота: Міністэрства прыроды Беларусі

Першы помнік Касцюшку і музей у яго гонар

Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, які размяшчаецца на тэрыторыі былой сядзібы Касцюшкаў, вельмі малады, яму няма і 15 гадоў.

Раней за музей у Малых Сяхновічах з'явіўся бюст выдатнага земляка. Ён быў пастаўлены намаганнямі мясцовых краязнаўцаў перад будынкам Сяхновіцкай васьмігадовай школы на хвалі нацыянальнага адраджэння ў 1988 годзе.

Бюст Тадэвуша Касцюшкі, пастаўлены на пастамент помніка руска-французскай вайне 1812 года ў Кобрыне. Фота: kobrin.ru

Першапачаткова бюст быў пастаўлены замест імперскага арла на пастаменце помніка ў памяць пра руска-французскую вайну 1812 года ў Кобрыне. Яго для горада ў 1932 годзе стварыла знакамітая мясцовая скульптарка Бальбіна Відацкая-Свіціч. У 1951 годзе, калі савецкія ўлады вырашылі аднавіць расійскі помнік, бюст Касцюшкі спачатку трапіў у падсобку кобрынскага музея імя Суворава, а затым — у Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, дзе знаходзіўся да 1988 года.

Доўгі час бюст у Малых Сяхновічах быў адзіным помнікам нацыянальнаму герою Беларусі, аж пакуль у 2018 годзе на тэрыторыі музея-сядзібы Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне не паставілі поўнафігурны помнік аўтарства Гэніка Лойкі.

За савецкім часам бюст Касцюшкі быў унесены ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі — афіцыйны пералік аб'ектаў, якія былі ўзятыя пад ахову дзяржавы. За часамі кіравання Аляксандра Лукашэнкі быў створаны новы Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, куды бюст, як і многія гістарычныя сядзібы, паркі, касцёлы і цэрквы, перанесены не быў. 

Фрагмент экспазіцыі музея ў Малых Сяхновічах, прысвечанай Тадэвушу Касцюшку. Фота: ekskursii.by

У 1994 годзе ў Сяхновіцкай школе стварылі пакой, прысвечаны генералу Касцюшку і роду Касцюшкаў-Сяхнавіцкіх. Узімку ў 2003 годзе ў Малых Сяхновічах адкрылі асобны мемарыяльны пакой.

Нарэшце ў 2010 годзе мясцовыя ўлады прынялі рашэнне акрыць у Малых Сяхновічах раённы музей, у якім быў задуманы мемарыяльны пакой Касцюшкі. Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей афіцыйна адкрылі ў 2011 годзе ў былым будынку школы, якая стала малакамплектнай.

Зала музея ў Малых Сяхновічах, прысвечаная Тадэвушу Касцюшку. Фота: ekskursii.by

Тое, што раённы музей адкрылі не ў Жабінцы, а ў невялікай і малапрыкметнай вёсцы, паказвае на тое, што асноўны акцэнт у ім рабіўся менавіта на асобе нацыянальнага героя.

Зала, прысвечаная Касцюшку, была аздоблена абабітымі панэлямі з завяршэннямі ў неагатычным стылі, які быў папулярным у сядзібным будаўніцтве, кандэлябрамі і бэлькамі з фігурнымі канцамі. На панэлях размяшчаліся малюнкі і фотаздымкі, звязаныя з Касцюшкам, а па цэнтры адной са сцен фамільны герб — Рох III.

Зала музея ў Малых Сяхновічах, прывечаная Тадэвушу Касцюшку. Фота: ekskursii.by

Па апошніх здымках з музея можна зразумець, што ўвесь дэкор пад шляхецкую даўніну і экспазіцыя, прысвечаная Касцюшку, былі цалкам дэмантаваныя. Замест іх з'явіліся манекены савецкіх партызан на фоне фоташпалер з выявай сасновага лесу.

Экспазіцыя, прысвечаныя савецкім партызанам і падпольшчыкам, якой замянілі экспазіцыю пра Тадэвуша Касцюшку. Зала пазнаецца па характэрным выступе з дзвярыма і бэлькам з фігурнымі канцамі. Фота: Жабінкаўскі райвыканкам

Цяпер жа, калі ў Малых Сяхновічах не засталося ні бюста, ні асобнай залы, ніякіх прычын наведваць былое радавое гняздо Касцюшкаў не засталося. Маленькая вёсачка знікне з маршрутаў аматараў гісторыі. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары36

  • Ёсік
    20.05.2025
    А калі пачнуць з'яўляцца ў музеях пакойчыкі аб жыцці беларускага дырэктара саўгаса? І ніхто не выступіў супраць. Не музейшчыкі, а нейкія працоўныя сістэмы жкг на падпітку. Такія і будуць казаць на провадах сына ў бел(расейскую) армію - забі пабольш тых украінскіх нацыкаў, і вяртайся жывым.
  • Тамаш
    20.05.2025
    Ці гэта беларусы? На фота беларусы? Манкурты. Але ваш час сыходзіць. Захаваем зараз гэтае твары

    [Зрэдагавана]
  • vvv
    20.05.2025
    Беларусь, знаходзіцца пад ботам расейскай акупацыі!!

Цяпер чытаюць

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў2

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі блогер, якога летась затрымлівалі за прыколы, разам з сябрам ідзе пешшу з Мінска ў Маскву2

Амаль 10 гадоў таму ў Беларусі грымела «справа сямнаццаці». Як далей склаўся лёс яе фігурантаў-сілавікоў?2

«Чыстая выпадковасць»: геній іранскага кіно зняў фільм пра былых палітзняволеных, якія атрымалі магчымасць адпомсціць7

«Пацукі, блохі, смецце, а ЖЭУ рапартуе, што ўсё прыбрана». Жыхары Жодзіна абураныя, што мусілі самі ачышчаць падвал2

«Лепш ужо куплю паўкіло курынага філе — танней выйдзе». Беларусы шакаваныя цэнамі на чыпсы5

МАРГ парэкамендаваў крамам зменшыць надбаўкі на яйкі2

Трамп правёў скандальную сустрэчу з прэзідэнтам ПАР. Яна нагадвала прыём у Белым доме Зяленскага19

Туркменскага студэнта, які парушыў правілы дарожнага руху, паказальна выслалі з Беларусі, запалохваючы астатніх2

Сціплы звонку, царскі ўсярэдзіне. Пад Мінскам прадаюць катэдж з сюрпрызам5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў2

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць