БЕЛ Ł РУС

Турцыя абмяжоўвае карыстанне сацыяльнымі сеткамі для дзяцей

10.10.2026 / 17:37

Nashaniva.com

У Турцыі з 1 лістапада абмяжуюць выкарыстанне сацыяльных сетак дзецьмі. Адпаведны нарматыўны акт Упраўлення кібербяспекі пры адміністрацыі прэзідэнта Турцыі апублікавалі 10 кастрычніка ў дзяржаўным весніку Resmi Gazete.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Згодна з дакументам, сацыяльныя сеткі не змогуць выконваць свае паслугі дзецям маладзейшым за 15 гадоў. Для карыстальнікаў ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў платформы павінны стварыць асобны рэжым з узмоцненымі мерамі бяспекі і абароны прыватнасці. Праверку ўзросту ва ўжо створаных і актыўных акаўнтах неабходна будзе закончыць да 31 сакавіка 2027 года.

Узрост карыстальнікаў будуць пацвярджаць праз агульнанацыянальную сістэму дзяржаўных паслуг e-Devlet з дапамогай спецыяльнага ідэнтыфікатара.

Акаўнты падлеткаў ад 15 да 18 гадоў апрыёры будуць закрытымі. Ім забароняць весці жывыя трансляцыі, атрымліваць персаналізаваную рэкламу і карыстацца асобнымі механізмамі рэкамендацыі кантэнту.

Сацыяльныя сеткі таксама не змогуць рэкамендаваць непаўналетнім іншыя акаўнты на падставе сабраных пра іх даных. Профілі саміх падлеткаў нельга будзе прапаноўваць іншым карыстальнікам.

Акрамя таго, узмоцняць абарону асабістых даных непаўналетніх. Платформам забароняць сінхранізаваць дзіцячыя акаўнты з тэлефоннымі кнігамі, спісамі кантактаў, адраснымі кнігамі электроннай пошты, а таксама пералікамі сяброў і падпісак у іншых праграмах і на іншых платформах. Ім таксама нельга будзе атрымліваць доступ да гэтых крыніц і апрацоўваць атрыманыя адтуль даныя.

Нарматыўны акт абавязвае сацыяльныя сеткі распрацаваць і даць бацькам і апекунам інструменты кантролю за акаўнтамі дзяцей, іх наладамі, часам выкарыстання платформаў, геалакацыяй, платнымі аперацыямі і іншымі функцыямі.

Увядзенне падобных абмежаванняў на сацсеткі для дзяцей цяпер абмяркоўваецца і ў краінах Еўрасаюза, а Вялікабрытанія гэта ўжо зрабіла раней.

Чытайце таксама:

Meta заплаціць 18 мільярдаў даляраў праз абвінавачанні ў шкодзе сацсетак для дзяцей

Еўропа абмяркоўвае забарону сацсетак для падлеткаў

У Францыі могуць заблакаваць Bluesky і Reddit, а Макрон увогуле за забарону сацсетак для дзяцей

У Вялікабрытаніі забароняць сацсеткі для дзяцей да 16 гадоў

Каментары да артыкула