Свет33

Meta заплаціць 18 мільярдаў даляраў праз абвінавачанні ў шкодзе сацсетак для дзяцей

Судовы працэс мог каштаваць Meta сотні мільярдаў даляраў. Але кампанія, якой належаць Facebook і Instagram, вырашыла не рызыкаваць і пайшла на адно з найбуйнейшых падобных пагадненняў у гісторыі ЗША. Цяпер ёй давядзецца не толькі плаціць, але і мяняць правілы для непаўналетніх карыстальнікаў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Прэтэнзіі да Meta назапашваліся не адзін год. Улады амерыканскіх штатаў абвінавачвалі кампанію ў тым, што яна ведала пра небяспеку сваіх платформаў для дзяцей, але працягвала выкарыстоўваць механізмы, якія прымушалі маладых карыстальнікаў зноў і зноў вяртацца ў Instagram і Facebook.

Асобная група з 29 штатаў сцвярджала, што Meta незаконна збірала звесткі пра дзяцей, якім яшчэ не споўнілася 13 гадоў.

Урэшце справа дайшла да федэральнага суда ў Каліфорніі. Галоўную ролю ў ёй адыгрывалі генеральныя пракуроры Каліфорніі, Каларада, Кентукі і Нью-Джэрсі. Яны сцвярджалі, што гаворка ішла не проста пра пабочныя наступствы папулярнасці сацсетак: на іх думку, Meta свядома стварала свае прадукты такімі, каб яны выклікалі залежнасць у маладых карыстальнікаў.

Стаўкі былі надзвычай высокія. Згаданыя чатыры штаты патрабавалі ад Meta каля 200 мільярдаў даляраў, а сярод кіраўнікоў кампаніі, якіх чакалі ў судзе, быў і Марк Цукерберг. Кіраўнік Instagram Адам Масеры ўжо паспеў даць паказанні.

Але да поўнага разгляду справа не дайшла. Неўзабаве пасля пачатку працэсу Meta дамовілася са штатамі аб урэгуляванні.

Як паведамляе Finanсial Times, згодна з апублікаванымі 26 жніўня судовымі дакументамі, Meta пагадзілася выплаціць 16,68 мільярда даляраў 47 штатам, акрузе Калумбія і тром амерыканскім тэрыторыям. Яшчэ 1 мільярд даляраў кампанія выплаціць Тэхасу ў межах асобнага пагаднення, што даводзіць агульную суму выплат амаль да 18 мільярдаў даляраў.

Што зменіцца для падлеткаў

У межах пагаднення Meta пагадзілася ўвесці для непаўналетніх карыстальнікаў сваіх сацсетак стандартныя дзённыя абмежаванні на час карыстання і блакіроўку ў начны час.

Кампанія таксама павінна ўзмацніць праверку ўзросту, каб дзеці не атрымлівалі доступу да непрыдатнага для іх кантэнту, і даць бацькам і апекунам дадатковыя магчымасці кантраляваць карыстанне сацсеткамі.

На WhatsApp і іншыя сэрвісы Meta, прызначаныя перадусім для абмену паведамленнямі, гэтыя абмежаванні распаўсюджвацца не будуць.

Новыя меры кантролю Meta не будуць дзейнічаць у Фларыдзе і Нью-Мексіка, якія не далучыліся да заключанага пагаднення і таму не атрымаюць сваю долю выплат.

Не ўсе 18 мільярдаў даляраў Meta абавязкова давядзецца выплаціць. Кампанія ўдакладніла, што каля 5,3 мільярда даляраў з агульнай сумы будуць выплачаныя толькі ў тым выпадку, калі Snap, уладальнік Snapchat, TikTok і YouTube, таксама ўрэгулюе сітуацыю са штатамі і пагодзіцца на фінансавыя штрафы і змены ў прадукце.

Meta тлумачыць такую ўмову тым, што падлеткі карыстаюцца адразу многімі платформамі, таму абмежаванні будуць больш эфектыўнымі, калі падобныя правілы пачнуць дзейнічаць ва ўсёй індустрыі. Meta заявіла, што ўвядзе больш жорсткія ліміты часу і абмежаванні на начны доступ па змаўчанні, калі на гэта пагодзяцца YouTube і TikTok.

Само пагадненне таксама не азначае, што Meta адразу пералічыць усю суму. Выплаты будуць размеркаваныя на дзесяць гадоў.

Наколькі 18 мільярдаў даляраў — вялікая сума для Meta

18 мільярдаў даляраў — велізарная сума нават для адной з найбуйнейшых тэхналагічных кампаній свету. Але фінансавыя паказчыкі Meta дазваляюць лепш зразумець яе маштаб.

За мінулы год кампанія атрымала каля 201 мільярда даляраў выручкі і больш за 60 мільярдаў даляраў чыстага прыбытку. Такім чынам, максімальная сума пагаднення роўная амаль 30% гадавога прыбытку Meta.

Яшчэ больш паказальнае параўнанне — з апошнім кварталам: за тры месяцы Meta зарабіла 18,3 мільярда даляраў, фактычна столькі ж, колькі можа максімальна каштаваць цяперашняе ўрэгуляванне.

Але самімі выплатамі штатам выдаткі кампаніі не абмяжуюцца. Meta ацэньвае звязаныя з пагадненнем судовыя і юрыдычныя выдаткі яшчэ прыкладна ў 10 мільярдаў даляраў. Такім чынам, разам з максімальнымі выплатамі штатам гэтая гісторыя тэарэтычна можа каштаваць кампаніі да 28 мільярдаў даляраў.

Праўда, гэтыя грошы не давядзецца аддаваць адразу: выплаты паводле пагаднення будуць размеркаваныя на дзесяць гадоў. Сама Meta заяўляе, што не чакае істотнага ўплыву пагаднення на свае квартальныя фінансавыя вынікі, у тым ліку таму, што непаўналетнія карыстальнікі прыносяць кампаніі адносна невялікую частку даходаў.

Ціск на сацсеткі расце

Meta — не адзіная тэхналагічная кампанія, якая сутыкнулася з такімі прэтэнзіямі. Супраць сацыяльных сетак у ЗША пададзеныя шматлікія пазовы, звязаныя з магчымым уплывам іх прадуктаў на дзяцей.

У сакавіку ў іншай справе ў Лос-Анджэлесе Meta і Google прызналі адказнымі за стварэнне праграм, якія, паводле пазоўніка, былі распрацаваныя так, каб выклікаць залежнасць у дзяцей.

Адначасова ў розных краінах узмацняюць патрабаванні да сацыяльных сетак. Аўстралія, еўрапейскія краіны, Вялікабрытанія і асобныя амерыканскія штаты ўводзяць або рыхтуюць узроставыя абмежаванні для доступу дзяцей і малодшых падлеткаў да Instagram, Snapchat, YouTube, TikTok і іншых платформаў.

Таму цяперашняе пагадненне з Meta можа мець значэнне не толькі для самой кампаніі: ад таго, ці пойдуць на падобныя ўмовы яе канкурэнты, можа залежаць, ці стануць новыя абмежаванні для непаўналетніх агульным стандартам для найбуйнейшых сацыяльных платформаў.

Каментары3

  • Rampapam
    27.08.2026
    І 250 міліёнаў злотых за распаўсюджванне фэйкаў у Польшчы.
  • ну цяпер зажывем
    27.08.2026
    сацсеткі будуць карысныя як морква.
    нават немаўляты будуць смактаць і грызці айфон.
  • Юзік
    27.08.2026
    дзеці гэта святое, канешне
    але ж паглядзіце, што робяць метаўскія алгарытмы з галовамі дарослых людзей у Польшчы: фэйкавыя навіны, акаўнты, якія цалкам прысвечаныя раздзьмуванню варожасці, тысячы каментароў і рэакцый ад арміі ботаў

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале6

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр кароль Нарвегіі Харальд V1

Дзмітрый Шэпелеў змяніў жыццё — хоча вучыць іншых на досведзе сваіх скандалаў4

Генадзь Бураўкін. Як страціўшы пасаду, зберагчы гонар4

Італія мабілізуе армію васьміногаў на барацьбу з блакітнымі крабамі1

Беларуса, які знік у Абхазіі, знайшлі мёртвым8

Брытанскія хірургі правялі першую ў свеце аперацыю па выдаленні пухліны мозгу з дапамогай штучнага інтэлекту

Колькасць загінулых у выніку паводкі ў Непале і Тыбеце набліжаецца да 500, ратавальнікі чакаюць новага ўдару стыхіі

Стэрыльнае асяроддзе сапраўды выклікае ў дзяцей алергіі. Цяпер навукоўцы высветлілі, што дзяцей ад алергіі абараняе3

Паводкай з Непала ў Індыю знесла пяцярых сланоў ВІДЭА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале6

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць