Чаму кракадзілы перажылі астэроід, які знішчыў дыназаўраў?
Каля 66 мільёнаў гадоў таму падзенне астэроіда выклікала глабальную катастрофу, у выніку якой зніклі многія групы жывёл, у тым ліку дыназаўры. Аднак кракадзілы і некаторыя іх сваякі здолелі выжыць. Цяпер навукоўцы высветлілі, што магло ім дапамагчы.
Старажытныя кракадзілападобныя (злева) і дыназаўры, якія жылі на тэрыторыі сучаснага Егіпта каля 100 мільёнаў гадоў таму. Рэканструкцыя: Andrew McAfee / Carnegie Museum of Natural History / Wikimedia Commons
Сённяшнія кракадзілы знешне даволі падобныя адзін да аднаго, але іх старажытныя сваякі былі значна больш разнастайнымі. Сярод іх сустракаліся панцырныя траваедныя жывёлы, двухногія драпежнікі і гіганты памерам з аўтобус.
Каля 66 мільёнаў гадоў таму ў выніку падзення астэроіда ў атмасферу трапіла велізарная колькасць пылу і попелу, якая засланіла сонечнае святло. Планета пачала астываць, парушыліся харчовыя ланцужкі, і многія віды жывёл зніклі назаўсёды. Вымерлі і ўсе дыназаўры, акрамя птушак, якія таксама належаць да гэтай групы жывёл.
Катастрофа моцна закранула і кракадзілападобных, аднак некаторыя іх прадстаўнікі здолелі выжыць.
Як піша Scinexx.de, даследчыкі з Універсітэцкага каледжа Лондана пад кіраўніцтвам палеантолага Альфіа Алесандра К'ярэнцы прааналізавалі больш за сем тысяч выкапняў і звестак пра знаходкі, якія адносяцца да больш як 400 сучасных і вымерлых відаў кракадзілападобных. Гэтыя звесткі яны супаставілі з рэканструкцыямі клімату і геаграфіі Зямлі за апошнія 245 мільёнаў гадоў.
Што паказалі старажытныя выкапні
Аналіз выявіў цікавую заканамернасць: нягледзячы на вялікія адрозненні паміж відамі іх залежнасць ад клімату заставалася дзіўна стабільнай. Замест таго каб прыстасоўвацца да ўсё больш халодных умоў, кракадзілападобныя пераважна перамяшчаліся ўслед за цёплымі кліматычнымі зонамі. Калі на планеце цяплела, яны рассяляліся далей ад экватара, а пры пахаладанні вярталіся ў цяплейшыя шыроты.
Напрыклад, каля 50 мільёнаў гадоў таму сярэдняя тэмпература на Зямлі была прыкладна на дзесяць градусаў вышэйшая за сучасную, а палярныя рэгіёны не былі пакрытыя лёдам. Выкапні сведчаць, што сваякі кракадзілаў жылі нават у Антарктыдзе.
Як гэта дапамагло перажыць катастрофу
Навукоўцы вырашылі праверыць, што адбывалася з прыдатнымі для кракадзілападобных тэрыторыямі пасля падзення астэроіда. Для гэтага яны выкарысталі кліматычныя мадэлі, якія ўлічвалі змяншэнне сонечнага выпраменьвання праз пыл і попел у атмасферы.
Высветлілася, што пры скарачэнні колькасці сонечнага святла на 5-10% раёны паблізу экватара і ў субтропіках заставаліся дастаткова цёплымі. Толькі пры зніжэнні сонечнага выпраменьвання на 15% гэтыя прыдатныя для жыцця тэрыторыі знікалі ў камп'ютарных мадэлях. Аднак такі экстрэмальны сцэнар у рэальнасці даследчыкі лічаць малаверагодным.
Навукоўцы мяркуюць, што прыхільнасць да цёплага клімату магла загадзя прывесці некаторыя групы кракадзілападобных у рэгіёны, дзе наступствы катастрофы былі менш суровымі. Частка папуляцый магла захавацца там, а пасля паступова аднавіць колькасць.
Аднак гэта не адзінае магчымае тлумачэнне. На выжыванне маглі паўплываць і іншыя асаблівасці гэтых жывёл: здольнасць жыць як у вадзе, так і на сушы, разнастайны рацыён, даволі невялікія памеры некаторых відаў і нізкая патрэба ў энергіі.
Да таго ж высновы пра тэрыторыі, якія маглі стаць прытулкам, заснаваныя на камп'ютарным мадэляванні, а не на непасрэдных звестках пра ўмовы ў гэтых рэгіёнах пасля катастрофы.
Аднак, як заўважаюць аўтары даследавання, сёння кракадзілам будзе цяжэй карыстацца стратэгіяй, якая дапамагала ім выжываць на працягу мільёнаў гадоў. Раней яны маглі ратавацца ад кліматычных змен, перамяшчаючыся ў больш спрыяльныя рэгіёны. Цяпер жа гарады, дарогі і сельскагаспадарчыя землі ўсё больш абмяжоўваюць такую магчымасць. Ва ўмовах глабальнага пацяплення гэта можа стаць сур'ёзнай праблемай для сучасных відаў.