Грамадства1111

Новае даследаванне амерыканскіх геафізікаў пераварочвае нашы ўяўленні пра тое, як менавіта загінулі дыназаўры

Выявілася, што галоўным забойцам стала не працяглае пахаладанне ці вулканічны попел, а пыл, які ператварыў планету ў гіганцкую духоўку

Фота: spiritorium/CC BY 2.0/flickr.com

Дыскусіі вакол прычын вялікага вымірання на мяжы крэйдавага перыяду і палеагену не сціхаюць дзесяцігоддзямі. Навукоўцы доўга спрачаліся, што менавіта нанесла фатальны ўдар: ядзерная зіма праз хмары сажы, катастрафічныя вывяржэнні Дэканскіх трапаў на тэрыторыі сучаснай Індыі ці сукупнасць гэтых бедстваў.

Публікацыя ў аўтарытэтным часопісе Journal of Geophysical Research: Biogeosciences вяртае ў цэнтр увагі гіпотэзу глабальных пажараў і экстрэмальнага цяпла. Каманда даследчыкаў на чале з Брэнданам Джонсанам з Універсітэта Перд'ю выявіла раней ігнараваны фактар — каласальную колькасць мікрачасцінак, якія разам са шклянымі сферауламі зрабілі атмасферу сапраўднай духоўкай.

66 мільёнаў гадоў таму ў Зямлю ў раёне сучаснага Мексіканскага заліва ўрэзаўся астэроід. Ён меў дыяметр да 13 кіламетраў, а магутнасць выбуху, па падліках вучоных, склала 100 тэратон у трацілавым эквіваленце. Чыксулубскі метэарыт утварыў кратар глыбінёй каля 20 кіламетраў і дыяметрам каля 180 кіламетраў.

Ад удару імгненна выпарыліся тоны горных парод. Гэтая распаленая пара паднялася ў атмасферу, часткова астыла і пачала ліць назад на планету вогненным шкляным цунамі з дробных шарыкаў — сферул.

Раней лічылася, што лішак гэтага цяпла павінен быў проста сысці ў космас. Але навукоўцы высветлілі: амаль палова касмічнага газу ператварылася ў тонкі сілікатны пыл, які завіс у паветры. Гэтая заслона была настолькі шчыльнай, што фактычна заблакавала выхад інфрачырвонага выпраменьвання ў космас, адбіваючы цяпло назад на паверхню планеты.

Магутнасць цеплавога ўдару была апакаліптычнай. Каб наглядна ацаніць маштаб катастрофы, аўтары выкарысталі агульнапрыняты чалавечы парог выжывальнасці: цеплавы паток магутнасцю 10 кілават на квадратны метр цягам 150 секунд гарантуе 100‑працэнтную смерць чалавека. З улікам пылавога экрана радыяцыйная доза, якая абрынулася на дыназаўраў, перавышала гэты смяротны парог у 17 разоў.

Жывёлы на адкрытым паветры гінулі не толькі ад страшных апёкаў, але і ад імгненнага цеплавога ўдару. Акрамя таго, паветра распалілася настолькі, што сухая трава, ігліца і лішайнікі пачалі самаўзгарацца, правакуючы лясныя пажары.

Сведкамі гэтага жаху сталі старажытныя рыбы, выкапні якіх знайшлі ў рацэ Таніс у Паўночнай Дакоце. Яны загінулі ў першыя ж гадзіны катастрофы і назаўжды зафіксавалі храналогію трагедыі. Навукоўцы выявілі ў іх жабрах захраслыя шкляныя сферулы, якія рыбы сутаргава заглытвалі з вадой, пакуль тыя падалі з неба. А проста над пластам з рыбай асеў той самы гліністы пласт з касмічным ірыдыем, але ўжо без шкляных шарыкаў. Аналагічныя адклады ў басейне Ратон у Нью-Мексіка пацвярджаюць глабальны характар гэтай з'явы.

Гэты выразны падзел даказаў: спачатку быў шкляны дождж, а потым планету надоўга накрыла шчыльная «коўдра» з пылу.

Выратавацца ў гэтым пекле змаглі толькі тыя істоты, якія мелі магчымасць часова схавацца пад зямлёй ці пад вадой. Менавіта таму з усіх дыназаўраў ацалелі толькі птушкі, чые продкі ўмелі зарывацца ў норы ці плаваць, а расліны змаглі адрадзіцца дзякуючы падземным караням і насенню.

Гэтае адкрыццё можа закрыць шматгадовую спрэчку аб прычынах вымірання. Усяму віной касмічны прышэлец і яго забойны пыл, а кліматычныя эфекты ад вулканаў былі ўжо проста непатрэбныя — астэроід зрабіў усю чорную працу сам.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • ыэа
    10.09.2026
    Weras, як у мітах магло з'явіцца слова "дыназаўр", калі гэтае слова прыдумалі ў 19 стагоддзі? Косці старажытных гіганцкіх істот як раз маглі быць асновай для паданняў, таму драконы з вялікай імавернасцю гэта і ёсць дыназаўры.
  • Хмм
    10.09.2026
    Weras, и про интернет тоже нет в мифологии. Поэтому никакого интернета нет, это у тебя просто температура и комент ты печатаешь на поросенке в хлеву.
  • Мінскае мора
    10.09.2026
    Коўл у панядзелак прыязджае, заліў Амерыканскі.

Цяпер чытаюць

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы4

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы

Усе навіны →
Усе навіны

Газ у Еўропе падаражэў утрая. Высокія рахункі могуць застацца яшчэ на некалькі гадоў5

«Такія жыццярадасныя людзі. Не тое што ён». Суседзі расказалі пра сям’ю нападніка з Кракава13

У Смаргоні з «Нулявога кіламетра» прыбіраюць Вільню, Варшаву і сцягі суседзяў10

У Кітаі гэтую працэдуру зрабілі тысячам людзей з Альцгеймерам, але эксперты спрачаюцца, ці будзе сэнс1

Больш не трэба выводзіць татуіроўкі? Іх навучыліся рабіць нябачнымі1

У доме кракаўскага стралка знайшлі тры целы. Падобна, што гэта ягоныя блізкія сваякі10

Марскую чарапаху лячылі 22 гады, а цяпер нарэшце выпусцілі ў акіян

Ці шкодзяць цесныя трусы? Найбуйнейшае даследаванне20

У Беларусі прадаецца рэдкая манета, якую можна выкарыстоўваць як аб'ектыў у фотаапараце. Што за яна?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы4

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць