Самалёты з жыхарамі Алешак прызямліліся ў аэрапорце Гомеля
Дарога была працяглай: жыхары акупаваных Алешак дабіраліся да расійскай Анапы на аўтобусах, пасля чаго правялі некалькі гадзін у паветры, ляцеўшы ў Гомель, піша БелТА.
Для іх сустрэчы задзейнічалі ўвесь комплекс аэрапорта, разгарнуўшы паўнавартасны намётавы гарадок.
Спецыялісты МНС, медыкі і валанцёры Чырвонага Крыжа неадкладна пачалі аказваць дапамогу эвакуяваным жыхарам, якія прыбылі фактычна з зоны баявых дзеянняў. Іх сустрэла вялікая каманда супрацоўнікаў ратавальнага ведамства, валанцёраў і дактароў.
Самым маленькім пасажырам прапануюць правесці час у гульнявых зонах — напрыклад, паглядзець мультфільмы.
У аэрапорце Гомеля жыхары Алешак будуць чакаць выезду ў «Новую Гуту» — менавіта праз гэты пункт пропуску ім трэба будзе праехаць на тэрыторыю Украіны, куды яны пажадалі перабрацца з акупаванага расіянамі мястэчка пад Херсонам.
Алешкі, якія знаходзяцца пад расійскім кантролем, на працягу апошніх месяцаў апынуліся ў сітуацыі, блізкай да гуманітарнай катастрофы. Горад пастаянна абстрэльваюць, а магчымасці выехаць адтуль амаль няма, бо большасць дарог замінаваная.
У канцы кастрычніка пры пасярэдніцтве Меланіі Трамп Расія і Украіна дамовіліся пра лакальнае спыненне агню, каб даць жыхарам магчымасць пакінуць горад. Рэжым цішыні пачаў дзейнічаць 27 кастрычніка і, паводле дамоўленасці, павінен працягвацца да 1 лістапада. Абсалютная большасць жыхароў пажадала вярнуцца ва Украіну.
Чытайце таксама:
Украінская дэлегацыя прыбыла ў Алешкі, людзі плачуць ад шчасця
Z-ваенкар: Ва Украіну з Алешак выязджаюць 17 аўтобусаў, у Расію — толькі 4
Меланія Трамп цяпер бліжэй да Нобелеўскай прэміі міру, чым яе муж — The Telegraph