БЕЛ Ł РУС

Пасля дызельнай здзелкі Трампа і Пуціна дэфіцыт паліва абвастрыўся ў самой Расіі

2.11.2026 / 22:26

Nashaniva.com

Санкт-Пецярбург сутыкнуўся з недахопам дызельнага паліва пасля таго, як Расія тэрмінова арганізавала пастаўкі вялікіх аб’ёмаў дызеля на амерыканскі і сусветны рынкі. Гаворка ідзе пра дамоўленасць Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа, паводле якой за мяжу павінна паступіць больш за два мільёны тон расійскага паліва, піша The Moscow Times.

Танкер Leruo, які задзейнічаны ў перавозцы за акіян расійскага дызелю. Фота: Vessel Finder

Паводле звестак сэрвісу «ГдеБенз», якія прааналізаваў эканаміст Яніс Клюге, у Санкт-Пецярбургу дызель цяпер можна знайсці менш чым на 40% аўтазаправак. У канцы кастрычніка ён быў у продажы прыкладна на 70% станцый. Такім чынам, крыху больш чым за тыдзень паліва знікла амаль з паловы заправак, дзе яго раней прадавалі.

Недахоп дызеля ў горадзе наблізіўся да ўзроўню пікавага паліўнага крызісу ў канцы ліпеня. Тады на пецярбургскіх запраўках уводзілі абмежаванні, а дызель быў даступны не больш чым на 40% станцый.

На прыватных аўтазапраўках у Ленінградскай вобласці пачалі адпускаць паліва з абмежаваннем — не больш за 30—50 літраў на адзін аўтамабіль. Пра гэта паведамляе выданне «Росбалт». У Санкт-Пецярбургу перад запраўкамі ўтвараюцца чэргі, чаканне ў якіх дасягае 40 хвілін.

Клюге адзначае, што ў цэлым Расія вырабляе дастаткова дызельнага паліва. На думку эканаміста, экспарт у ЗША, верагодна, арганізавалі спехам праз балтыйскі порт Прыморск, які знаходзіцца недалёка ад Санкт-Пецярбурга. Гэта магло выклікаць праблемы з лагістыкай.

Недахоп дызеля зафіксавалі таксама ў Свярдлоўскай вобласці. На некаторых запраўках там увялі абмежаванні, а на станцыях «Татнафты» продаж паліва цалкам спынілі. Яшчэ 26 кастрычніка пра перабоі з дызельным палівам паведамляў губернатар Тамбоўскай вобласці Яўген Пяршоў. Паводле звестак аператыўнага штаба, дызеля не было на 29 з 214 заправачных станцый рэгіёна.

Пра «дызельную дамоўленасць» з Пуціным Трамп абвясціў 9 кастрычніка. Паводле яго слоў, Расія пагадзілася паставіць на амерыканскі і сусветны рынкі больш за 300 тысяч тон паліва ў кастрычніку, яшчэ 500 тысяч тон — у лістападзе і мільён тон — адразу пасля гэтага. У Крамлі назвалі рашэнне ўзаемавыгадным і такім, што адпавядае інтарэсам сусветных рынкаў. Трамп таксама назваў дамоўленасць вельмі добрай і падзякаваў за яе Пуціну. Ён заявіў, што ЗША атрымаюць вельмі вялікую колькасць паліва.

Паводле падлікаў Greenpeace, у пастаўках расійскага дызеля задзейнічаныя сем танкераў, у тым ліку судны, якія знаходзяцца пад санкцыямі. Аднак, нягледзячы на шырокую рэкламную кампанію і прапанаваныя зніжкі, купцоў на расійскае паліва ў ЗША пакуль знайсці не ўдалося.

Як паведамляе The Washington Times, амерыканскія кампаніі асцерагаюцца юрыдычных наступстваў здзелак з расійскім дызелем, пастаўкі якога з 2022 года забароненыя санкцыямі. Аналітыкі Rapidian Energy мяркуюць, што ў выніку паліва, магчыма, давядзецца адправіць у Бразілію.

Клюге звяртае ўвагу, што расійскі дызель ЗША не патрэбны: самі Штаты з’яўляюцца яго чыстым экспарцёрам, гэта значыць вырабляюць больш паліва, чым спажываюць, а лішкі прадаюць за мяжу. Паводле ацэнкі эканаміста, Масква і Вашынгтон фактычна канкуруюць на сусветным рынку дызельнага паліва, таму дамоўленасць Трампа з Пуціным можа аказацца нявыгаднай для амерыканскіх кампаній.

Чытайце таксама:

Кіеў аднавіў інтэнсіўныя ўдары па расійскіх НПЗ пасля таго, як Вашынгтон праігнараваў яго патрабаванні

Як можа змяніцца знешняя палітыка ЗША, калі дэмакраты перамогуць на выбарах у Кангрэс. Чатыры магчымыя сцэнарыі

У ЗША ўжо плыве першы танкер з расійскім дызелем

Трамп: Расія — гіганцкая краіна з неабмежаваным запасам людзей, а Украіна сама павінна хацець міру

«Рашэнне як бы рацыянальнае». Пазняк выказаўся адносна дызельнай здзелкі Трампа з Пуціным

Каментары да артыкула