БЕЛ Ł РУС

Лябедзька адказаў Гарбуновай: «Гэта гучыць вельмі па-хамску ў адносінах да памяці тых, хто аддаў жыццё дзеля перамен»

3.11.2026 / 18:49

Nashaniva.com

Дарадца Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька ў каментары «Радыё Свабода» раскрытыкаваў заявы былой прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольгі Гарбуновай, якая сказала, што расчаравалася ў беларускай апазіцыі і не хацела б бачыць Святлану Ціханоўскую прэзідэнткай Беларусі.

Анатоль Лябедзька. Фота: «Наша Ніва»

«Для мяне гэта гучыць дзіўна, калі прыняць да ведама, што сама яна пэўны час працавала ва ўрадзе гэтай самай апазіцыі. І, падаецца, тады ацэнкі таго, што такое беларускі рэжым як сістэма, у яе і ў мяне абсалютна супадалі. Што здарылася за гэты час, сказаць складана», — сказаў Лябедзька.

Па яго словах, беларуская дэмакратычная супольнасць вельмі розная, аднак гэта не адмяняе прынцыповай розніцы паміж апанентамі Лукашэнкі і ягонай сістэмай.

«Мы абсалютна розныя, і гэта нармальна. Але не заўважаць каштоўнасных адрозненняў паміж апанентамі рэжыму і тымі, хто на працягу 30 гадоў украў у мільёнаў людзей выбары, ператварыў бюджэт у асабісты кашалёк, пазбавіў усіх усялякага выбару, пачаў забіваць людзей… Калі я чую: «Я не буду галасаваць за тых, хто апаненты», — тады ж выбар тут невялікі: застаюцца тыя, хто каля ўлады».

Лябедзька дапусціў, што цяперашняя пазіцыя Гарбуновай можа азначаць і пераацэнку ёю ўласнага ўдзелу ў падзеях 2020 года.

«Магчыма, чалавек прыйшоў да асэнсавання таго, што ў 2020 годзе ён дарэмна выйшаў на вуліцу за іншыя каштоўнасці, за перамены. Я б так гэта прачытваў. Магчыма, і добра, што так адбылося, што ёсць разуменне: частка людзей у 2020 годзе апынуліся не ў тым месцы, яны пра гэта шкадуюць. А як пра гэта заявіць? Ну вось праз такія дзіўныя формы».

Асабліва рэзка Лябедзька адрэагаваў на крытыку беларускай апазіцыі ў цэлым.

«Гэта гучыць для мяне вельмі па-хамску ў адносінах да памяці Генадзя Карпенкі, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, вялікай колькасці людзей, якіх ужо няма ў жывых, але якія аддалі сваё здароўе, сваё жыццё дзеля перамен», — сказаў Анатоль Лябедзька.

На просьбу «Радыё Свабода» даць разгорнуты каментар наконт сваёй заявы Вольга Гарбунова адказала, што «не хоча».

* * *

Тэксты ў рубрыцы «Меркаванні» могуць супадаць, а могуць і не супадаць з пазіцыяй Рэдакцыі.

Чытайце таксама:

Вольга Гарбунова: Не хачу, каб апазіцыя ў выгнанні прыйшла да рэальнай улады ў Беларусі, а Святлана стала прэзідэнткай

Бабарыка, Золатава і яшчэ некалькі дзясяткаў былых палітвязняў заклікалі еўрапейскіх лідараў актыўней дамаўляцца наконт вызваленняў

Лябедзька: Ці лепш было б, каб у 1994‑м годзе Лукашэнку перамог Кебіч? Не!

Пальчыс сказаў, хто быў самым галоўным арганізатарам пратэстаў 2020 года

Настасся Касцюгова пра пазіцыю Статкевіча і Ціханоўскай: Прапанова «даціснуць» гучыць як прапанова яшчэ пачакаць незразумела чаго і як доўга

Каментары да артыкула