Меркаванні3636

Пальчыс сказаў, хто быў самым галоўным арганізатарам пратэстаў 2020 года

Былы палітзняволены блогер Эдуард Пальчыс наўздагон свайму папярэдняму тэксту, у якім расказаў, што быў галоўным каардынатарам чата «Хата» і пісаў планы першых маршаў, напісаў іншы, у якім раскрывае, хто за тымі пратэстамі стаяў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media

Такім чынам, цяпер прыйшоў час расказаць пра самых галоўных і сапраўдных арганізатараў 2020 года. Толькі для гэтага прыйдзецца нешта ўспомніць. На жаль, людская памяць любіць пакідаць абраныя моманты, выкідаючы важныя дэталі.

Студзень 2020 года — беларускае палітычнае поле мёртвае. Крайне млява ідуць так званыя «праймерыз беларускай апазіцыі», дзе лідары партый, якія дажываюць свой век, спрабуюць пагуляць у вылучэнне адзінага кандыдата. Выбары 2020-га, здаецца, будуць яшчэ нуднейшымі, чым у 2015-м.

Статкевіч прэзентуе свой план з «кандыдатамі пратэсту». Ён не мог ісці на выбары, таму хацеў зарэгістраваць дзясяткі розных актывістаў кандыдатамі, каб выкарыстаць кампанію для агітацыі і актывізацыі.

Люты — спрэчкі вакол аднаго віруса, які затым прыходзіць у Беларусь.

Сакавік — эпідэмія і пачатак маштабнай самаарганізацыі людзей. Усе падтрымліваюць дактароў, чым могуць.

У гэтым жа месяцы Ціханоўскі ўжо ездзіць па рэгіёнах са сваімі стрымамі, куды з задавальненнем прыходзяць людзі, каб расказаць пра свае праблемы. «Кандыдаты пратэсту» Статкевіча таксама мільгаюць на яго стрымах.

Красавік — праз паводзіны Лукашэнкі і рэжыму падчас кавіду палітызацыя і незадаволенасць у грамадстве растуць. Аўдыторыя ТГ-каналаў павялічваецца, як і прагляды ў Ціханоўскага. Людзі злуюцца.

І вось тут хтосьці пачынае актыўна пісаць Ціханоўскаму ў каментарыях: «Сярога, мы з табой!», «Сярога, давай!», «Сярога, ідзі ў прэзідэнты, мы цябе падтрымаем».

Май:

  • 6 мая Ціханоўскага затрымліваюць на суткі.
  • 7 мая ён выкладае загадзя падрыхтаванае відэа, што ідзе на выбары. Многія здзіўленыя і не зусім яшчэ сур'ёзна да гэтага ставяцца, думаючы, што блогер, наслухаўшыся заклікаў сваёй аўдыторыі, робіць чарговы медыйны гучны ход.
  • 8 мая Цапкала абвяшчае, што ідзе на выбары. Менавіта гэта робіць успрыняцце падзей куды больш сур'ёзным.
  • 12 мая Бабарыка ў самы апошні дзень таксама абвяшчае пра сваё вылучэнне.
  • 15 мая ЦВК адмаўляе ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Ціханоўскага (ён сядзіць у ІЧУ Магілёва), але раптоўна Святлана вырашае падацца на рэгістрацыю сама.
  • 20 мая раптоўна Ціханоўскага датэрмінова вызваляюць са зняволення. Усе лікуюць. Ідуць рэкордныя стрымы ў анлайне. Паралельна з гэтым у гэты дзень адбываецца рэгістрацыя ініцыятыўных груп Бабарыкі, Цапкалы і астатніх (усяго 15 чалавек).
  • 29 мая — затрыманне Ціханоўскага ў жывым эфіры на вачах у дзясяткаў тысяч гледачоў.
  • 31 мая — мегачарга на пікетах па зборы подпісаў, дзе тысячы людзей выстраіліся ў ланцуг. А таксама затрыманы Мікалай Статкевіч.

І вось увесь гэты месяц хтосьці лютуе ў каментарыях, самаарганізуецца ў каманды, дапамагае пасаджаным і затрыманым (пакуль што на суткі), далучаецца натоўпамі да камандаў кандыдатаў.

Наш чат блогераў глядзеў на гэта з вылупленымі вачыма. Хтосьці быў у баявым настроі і чакаў павелічэння колькасці падпісчыкаў, але хтосьці (я ў тым ліку) быў настроены першапачаткова даволі скептычна.

Чэрвень:

  • 7 чэрвеня на Камароўцы праходзіць другі пікет па зборы подпісаў, які ператвараецца ў доўгі шматтысячны ланцуг. Затрыманы Павел Севярынец.
  • 11 чэрвеня ў Белгазпрамбанку праходзяць ператрусы, заводзіцца крымінальная справа, партнёраў Віктара Бабарыкі затрымліваюць.
  • 18 чэрвеня арыштоўваюць Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Народ сам выйшаў на акцыю салідарнасці, жывы ланцуг склаў пару кіламетраў, усе гудзелі і каталіся да паўночы.
  • 19 чэрвеня выходзіць відэа Віктара Бабарыкі на выпадак яго пасадкі. Галоўны рэзервовы план каманды — збіраць подпісы за вяртанне да Канстытуцыі 1994 года.
  • 25 чэрвеня — затрыманне Ігара Лосіка. Важная, але непрыкметная падзея для гісторыі.
  • канец чэрвеня — пачатак ліпеня — з краіны выязджаюць Антон Матолька, Франак Вячорка і частка іншых людзей. Па розных каналах, у тым ліку ў адкрытую, ім пагражалі пасадкамі.
  • 30 чэрвеня праходзіць пасяджэнне ЦВК, у выніку якога баняць Цапкалу і шэраг іншых кандыдатаў.

Калі май быў месяцам Ціханоўскага, то чэрвень і першая палова ліпеня былі часам Бабарыкі з камандай.

Святлана ў гэты час ездзіць па краіне, спрабуючы сабраць подпісы ў сваёй каманды, якая хаваецца і палохаецца (ідуць затрыманні). Таксама яна скардзіцца, што пра яе мужа хутка ўсе забыліся.

Што адбывалася ў блогераў? Мы былі вельмі раззлаваныя тым, што затрымалі Лосіка. Гэта хутка аб'яднала ўсіх і адыграла ролю ўнутранага каталізатара. Мне ж у чэрвені завочна выпісалі 30 сутак адміністрацыйнага арышту і шукалі, каб пасадзіць загадзя. Але ніякай яшчэ арганізацыяй чагосьці вялікага і не пахла.

І заўважце, як дакладна па савецкай методыцы дзейнічае рэжым. Не прайшло і двух месяцаў з актывізацыі — усе лідары сядзяць, усе штабы атакаваныя, самыя актыўныя і хто быў навідавоку ізаляваныя. Па сутнасці ўжо па ўсіх старых правілах і законах няма каму ўзначальваць пратэст. Алеее….

Хтосьці ў чэрвені паказаў, наадварот, нечуваную актыўнасць, нягледзячы на пасадкі і запужванні. Я быў пасаромлены ў прагнозах, што кандыдаты не паспеюць сабраць 100 тысяч подпісаў. Бо хтосьці цэлымі пад'ездамі выбягаў да зборшчыкаў, тысячамі рэгістраваліся ў ініцыятыўныя групы, чаты і інтэрнэт кіпелі.

Ліпень

1‑14 ліпеня — Бабарыку і сыну выстаўленыя абвінавачанні, атакуюцца незалежныя журналісты, працягваюцца затрыманні. З краіны едзе Андрэй Стрыжак. Ціханоўскай тэлефануюць з незнаёмых сімак і пагражаюць дзецям.

Пра адзін з галоўных рубіконаў гэтых падзей — 14 ліпеня 2020-га, напішу калі-небудзь пазней.

Чат блогераў займаецца самымі рознымі справамі — я шукаў Лосіку тэлевізар на Валадарку і спрабаваў дапамагаць іншым людзям, паралельна хаваючыся ў падполлі. Сцяпан і Рома разам з Nexta патаналі ад паведамленняў у сваім боце. Ва ўсіх астатніх хапала таксама сваіх клопатаў, звязаных у асноўным з дапамогай камусьці з затрыманых.

Рэжым жа толькі раскручваў абароты. Ужо рыхтуюцца вучэнні на аэрадромах, ужо заводзіцца сілавая машына па рэгіёнах.

Але чамусьці гэта не працуе, як хацелася б рэжыму. Хтосьці выходзіць на вуліцы на акцыі салідарнасці з затрыманым Бабарыкам. А на яго канале ў роліках пачынае з'яўляцца пераканаўчая бландзінка па імені Марыя.

Хтосьці масава прапануе сваю дапамогу ў перападрыхтоўцы супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія хочуць пайсці з сістэмы. У акадэміі МУС курсанты адмаўляюцца падпісвацца за Лукашэнку.

І вось тут у мяне пытанне да ўсіх канспіролагаў, ныцікаў і мамкіных экспертаў. А дзе і ў які момант паспела ўбіцца ва ўсёй гэтай вакханаліі Расія са сваімі спецслужбамі? Ці Захад?

Праўда вельмі банальная. Галоўным арганізатарам 2020 года з'яўляюцца беларускі народ і рэжым Лукашэнкі.

Вырасла новае пакаленне са сваімі запытамі, меркаваннем і патрабаваннямі. Яно было шмат у чым наіўным і шчыра думала, што калі неяк пайсці на выбарчыя ўчасткі і паназіраць там, і зрабіць штосьці ўвогуле гэткае, то нешта можна змяніць. Сілавікі ж вырашылі ўсё задушыць, але рэакцыя раптам аказалася адваротнай.

Менавіта запыт і энергія беларусаў сталі галоўным лакаматывам усіх працэсаў.

Яны маглі за месяц палюбіць Ціханоўскага і забыць яго. Потым перакласці свае спадзяванні на Бабарыку, а потым на трыа яркіх беларусак. А потым, калі ўсіх яркіх пратэсных лідараў пасадзілі, пачаць пісаць у бот NEXTA паведамленні: «Вы ж у Польшчы і ў бяспецы, рабіце варушняк, мы падтрымаем…»

Я разумею, чаму цяпер некаторыя расчараваныя і выгаралыя людзі спрабуюць знайсці крайняга — гэта банальныя і базавыя паводзіны. Але той, хто намагаецца выдаць гэтыя падзеі за дзеянні нейкіх разведак, асабліва расійскай, нічым не адрозніваецца ад Пуціна, які адмаўляўся прызнаваць самастойнасць украінцаў падчас Майдану.

Так што калі хочаце ўбачыць самага галоўнага арганізатара 2020‑га — падыдзіце да люстэрка.

* * *

Тэксты ў рубрыцы «Меркаванні» могуць супадаць, а могуць і не супадаць з пазіцыяй Рэдакцыі.

Каментары36

  • Эээ...у 2019 былі выбары ў парламент
    03.11.2026
    Былі стрымы блогераў, Маслоўскі, Цыганкоў, Ціханоўскі і іншых, былі акцыі стопбянзін, Беларусь 12 стоп, было вельмі багата двіжухі яшчэ напрыканцы 2019. Быў стрым сумесны Канапацкай з Ціханоўскім. Ездзілі па судах, па ўсім ездзілі. Такой палітычнай актыўнасці, пачынаючы з 2019 я не бачыў з 2010, у гэтым я не згодны з аўтарам.
  • Сведка
    03.11.2026
    Заявы пра праймерыз пайшлі спачатку 2020-га.

    https://www.dw.com/ru/белорусская-оппозиция-пойдет-на-выборы-президента-с-единым-кандидатом/a-52160638
  • Хадэк з Беластоку
    03.11.2026
    Сведка, вось што напісана: " Студзень 2020 (паправілі снежань 2019, але ўсё адно не туды). Крайне млява ідуць так званыя «праймерыз беларускай апазіцыі», дзе лідары партый, якія дажываюць свой век, спрабуюць пагуляць у вылучэнне адзінага кандыдата. Выбары 2020-га, здаецца, будуць яшчэ нуднейшымі, чым у 2015-м." Ацэнкі - калі ласка, але навошта маніпуляваць фактамі? Каб падкрэсліць ролю аўтара? Двіжуха была, і не слабая. Праймерыз пачаліся у сакавіку 2020 года - і таксама разагравалі беларусаў перад падзеямі.

Цяпер чытаюць

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну88

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Трэці дзень запар у Еўропе масава паведамляюць пра бомбы на авіярэйсах. Праз гэта сёння экстранна селі шэсць пасажырскіх самалётаў1

У Сербіі затрымалі дзевяць паліцэйскіх за гвалт над пратэстоўцамі4

Цапкала і Балкунец папрасілі Трампа, каб Літва не дэпартавала Карач і Скіндзерава30

Папа Леў XIV прыняў Боба Дылана. Той фатаграфаваўся ў капюшоне1

Галоўнага ідэолага Белчыгункі адправілі на пенсію — а ён знайшоў новую працу13

Вэнс заклікаў Трампа пачаць перамовы з Іранам, каб спыніць вайну15

Хакеры спрабавалі размарозіць халадзільнікі з донарскай крывёй у Францыі

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос37

Стары тэлескоп NASA, які важыў паўтары тоны і які няўдала спрабавалі выратаваць, упаў на Зямлю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну88

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць